
З’яўленне другога паўнавартаснага фантастычнага раману на беларускай мове цягам двух гадоў – гэта ўжо падзея для нашай літаратуры. І тут надзвычай цікава параўнаць гэтыя тэксты – ”Норадрэналін” Яўгена Анашкіна і “Пентаквантар” Арцёма Шуканава.
Абодва напісаныя маладымі аўтарамі, абодва раманы можна аднесці да кібер-панку – дзеі адбываюцца ў будучыні, дзе дасягнутая пэўная тэхналагічная вышыня. Але.
Арцём Шуканаў кідае нас з першай старонкі ў вір незразумелых напачатку чытачу падзей і абставінаў, шырока сцеле поле дзеяў і засяляе свой сусвет мноствам персанажаў.
Яўген Анашкін запрашае нас у свой няспешны, нават замаруджаны свет. Гісторыя разгортваецца паступова, мы сочым за кожным крокам і днём галоўнага героя. Геаграфія абмежаваная адным горадам. Герояў зусім няшмат.
Каб зразумець, што адбываецца ў “Пентаквантары”, як і што да чаго дайшло, мы павінны пільна сачыць за тэкстам, дадумваць, здагадвацца (а часам і вяртацца па старонках).
У “Норадрэналіне” гісторыя некалькіх стагоддзяў створанай дзяржавы умяшчаецца аўтарам у адну падказку-параду, якую галоўны герой дае сваёй дачушцы, бо той трэба пісаць эсэ.
Ні ў якім разе не хачу сказаць, што нешта тут у адным рамане добра, а нешта наадварот. Усяго толькі падкрэсліваю рознасць аўтараў у падыходзе да стварэння сваіх сусветаў. І гэта – наўпрост цудоўна! Бо паказвае, наколькі маладыя аўтары могуць ствараць нешаблонна, крэатывяць кожны на свой манер. Як могуць пісаць па-рознаму, скарыстоўваць тэкст як інструмент са сваімі асаблівасцямі. Як паказвае і тое, што якасная, дабротная беларуская фантастыка ў нас ёсць. І яе стала больш на адну кнігу.
Яшчэ пра асаблівасці рамана Яўгена Анашкіна.
У шматстаронкавым рамане апісваецца менш за тры тыдні жыцця, кожны дзень – новая глава. Пры гэтым няма экскурсаў у мінулае і ўспамінаў.
Ад самага пачатку перад намі разгортваецца арыгінальны (у плане прыдумкі) свет далёкай будучыні (ці не надта далёкай), які мы без цяжкасці пачынаем разумець, які ўваходзіць у нашу свядомасць пахамі, колерамі, штодзённай працоўнай руцінай, бытам… І – адчуваннем страты ўсякага сэнсу жыцця ягонымі насельнікамі.
Кінематаграфічнасць – ці не галоўнае слова. Аўтар фіксуе быццам нязначнае: ад апісання сцэн запусцення асобных месцаў да частых і характэрных позіркаў героя на гадзіннік. І тым дасягае сваёй мэты – застыласць жыцця перадаецца з незвычайнай яскравасцю, у тым ліку і праз дэтальнае апісанне дзеяў кожнага дня. І тут вось што цікава: у гэтай няспешнасці, застыласці (і літаральна заплеснеласці) і адсутнасці сэнсу нам надзвычай важнай і цікавай бачыцца пэўная ініцыятыўнасць галоўнага героя, ягоная дзейнасць. Хоць ён наўпрост імкнецца атрымаць грошы. Многа грошай. І далёка не бяскрыўдным спосабам. Ён зусім не дадатны герой. Недзе – наўпрост мярзотнік. Але ён, бы тая жабка ў смятане, плёхаецца ў гэтым застылым супе будзённасці. Бо мае мэту – грошы. І вынайшаў свой спосаб. Хоць для яго існуе асаблівая праблема: ён вельмі абмежаваны ў магчымасці траціць з карысцю свае незаконныя здабыткі. Хіба на ўпрыгожванні для жонкі… На хабар для прыёму дачушкі ў элітную вучэльню. На яшчэ якую дробязь кшталту абеду ў рэстаране.
І ўсё.
Аўтар не загружае нас лекцыямі-тлумачэннямі аб функцыяванні дзяржавы, ды праз быццё і працу героя, нейкія кароткія штрыхі, сустрэчы, дзеі перад намі даволі хутка паўстае грамадства, якое утрымліваецца сілавымі структурамі розных планаў, у адной з якіх і працуе галоўны герой. Дасягнуты пэўны навукова-тэхналагічны ўзровень: некуды за карак немаўляці з нараджэння ўжываецца чып, які сочыць за здароўем, узроўнем ўсіх гармонаў і іншых рэчываў у арганізме. Такім чынам, працягласць жыцця павялічана ў разы. І нават ёсць рызыка захварэць на бессмяротнасць. Ёсць пэўны канфлікт: частка грамадзян адмаўляецца ад чыпавання сваіх дзяцей. І тут міжволі ўзнікае здагадка: пэўнае запусценне грамадскага жыцця, агульная людская інертнасць і абыякавасць ўзрошчаныя ў тым ліку і вось гэтым падарункам навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Безумоўна, наладжаны татальны кантроль за ўсім і кожным, у тым ліку праз ужыўленыя чыпы, стварэнне адмысловых баз… Яшчэ адзін сродак кантролю і спосабу ўрэгулявання эмацыйна-псіхалагічнага стану грамадства: кожны дарослы тут мае права на адно ліцэнзійнае забойства. Вядома, ужыты прыём – не новы ў фантастыцы, але тут ён вельмі дарэчны і грае сваю ролю.
Цікавы і важкі аспект: існаванне нейкіх дзікуноў, ад якіх цывілізаванае грамадства адгарадзілася мяжой і мусіць трымаць армію, каб бараніцца. Гэтая мяжа, існуючая вайна і тыя дзікуны няўмольна навісаюць над усім тэкстам, там схаваная не толькі нейкая пагроза, але бачыцца і іншае тлумачэнне існуючай версіі гісторыі дзяржавы, гэта адно, а другое – там бачыцца працяг. Ужо недзе з сярэдзіны кнігі ты пачынаеш разумець, што “Норадрэналін. Поўдзень” – толькі пачатак вялікай гісторыі (і не здарма тут падзагаловак), герой абавязкова павінен пабываць там, на мяжы, на вайне з дзікунамі. Там – Нешта.
Яшчэ па самім тэксце. Бачна, што аўтар не ставіў перад сабой мэту стварыць адмысловую галерэю персанажаў, дасканала распрацоўваць асобы. Тым не менш, дастатковая колькасць рэплік, адрознасць паводзін, невялікіх учынкаў розных герояў дазваляе бачыць карцінку жывой, выпуклай. Тут ёсць сапраўдныя характары, выпрацаваны асабісты стыль і манеры канкрэтных асоб. І таму псіхалагічнае абгрунтаванне тых ці іншых учынкаў – праўдзівае.
Упэўнены, што і “Пентаквантар” Шуканава, і “Норадрэналін” Анашкіна ствараліся аўтарамі з надзвычайнай прадуманасцю, мелі ад пачатку сур’ёзную планіроўку структуры і ўсяго масіву тэксту. Прыкладам, вось зусім не характэрны для нашай беларускай літаратуры прыём: усе імёны герояў “Норадрэналіну” узятыя не са столі, а з… неба. Так, менавіта назвы зорак сталі асновай для імён герояў. Дачка героя – Ісуры – найвядомая зорка Сірыус, жонка сябра героя – Міка Нат – зорка Мінтака з пояса Арыёна, першая ахвяра, з якой пачынаецца гісторыя – Макс Поры – Проксіма Кентаўра. Сам герой – Лэм Рэйдан – Альдарамін, найярчэйшая зорка сузор’я Цэфея.
І зоркі аўтарам выбіраліся не з панталыку. Альдарамін астролагі звязваюць як з якасцямі лідарства, так і з уменнем адаптавацца да самых розных умоў. Яшчэ цікавы факт: недзе праз колькі тысяч гадоў менавіта гэтая зорка стане цэнтрам небасхілу, то бок – новай Палярнай зоркай.
Насамрэч, прадуманасць усёй пабудовы рамана ўражвае.
Як прынята ў цяперашняй фантастыцы кібер-панку, раман утрымлівае яшчэ і так званыя “пасхалкі” – адсылкі да вядомых чытачу падзей з іншых гісторый. Такі сабе постмадэрнісцкі прыём, хоць тут трошкі іншае. Падчас чытання, калі яно было ўважлівае, зловіш флешбэк, ды і не адзін. Нейкі выраз з пачатку рамана прагучыць дакладна ў канцы – і будзе мець хоць тыя ж словы, ды іншае гучанне і разам зменіцца агульнае ягонае значэнне.
Шчыра ўсцешаны з’яўленнем новага фантастычнага беларускага раману. Жыве беларуская фантастыка – маладыя аўтары даказалі здольнасць нашай мовы ствараць на ёй самыя сучасныя тэксты ў кожным з самых сучасных стыляў.
Удачы вам, Яўген Анашкін! Яна, удача, папраўдзе сёння трэба беларускаму аўтару не меней за рэальныя магчымасці ствараць і бачыць вынік сваёй працы.
В. Г.

