Не спазніся… Таццяна Цвірко

Не спазніся... Таццяна ЦвіркоШчырасць прозы Таццяны Цвірко

Кніга Таццяны Цвірко «Не спазніся…» здольна абудзіць пачуцці і выклікаць думкі-разважанні пра жыццёвыя калізіі асабістага жыцця. Рэалістычныя апавяданні і эсэ поўныя аўтарскай шчырасці і глыбіні перажыванняў. Чытач знойдзе там разважанні і пра складаны маральны выбар, і пра ўнутраныя канфлікты, і пра жыццёвыя ўрокі.

Назва кнігі ўжо адразу прапаноўвае чытачу задумацца: «Не спазніся…» Куды?

Пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха, які напісаў прадмову да кнігі Таццяны Цвірко, трактуе яе назву такім чынам:

«…Вельмі важна ўсё ў жыцці рабіць своечасова, каб паспець здзейсніць тое, істотнае, пакуль ёсць магчымасць…»

А яшчэ Уладзімір Саламаха называе аўтара кнігі «летапісцам жыцця сваіх землякоў, іх дзеянняў, памкненняў і мар».

І праўда, героі апавяданняў і эсэ — звычайныя людзі, здаецца, добра вядомыя аўтару. Магчыма, некаторыя з іх уяўляюць сабой зборны вобраз яе знаёмых, землякоў, родных. І апісанні прыроды, быту, звычак так яскрава «вымаляваны», што не можа быць сумненняў: гэта ўсё аўтару добра знаёма. «Лёнік», «Схаваная пагроза», «Споведзь»… — там усюды выступае малая радзіма, якая захавалася ў сэрцы пісьменніцы назаўжды.

«Рэалістычнасць твораў аўтара дапамагае нам убачыць свет такім, які ён ёсць, без прыкрас. І менавіта гэтая шчырасць усёй прозы Таццяны Цвірко заклікае чытача да роздуму пра жыццё наогул»,

— сцвярджае Уладзімір Саламаха, і я з ім цалкам згодна.

Чытаючы апавяданні Таццяны Цвірка ў кнізе «Не спазніся..», я не магла нанізваць іх на нітку чытання адразу адно за адным. Не хацелася, каб яны пераблыталіся, перамяшаліся. Кожнае апавяданне патрабавала асэнсаваць яго, успомніць штосьці сваё, часам вельмі падобнае на тое, пра што распавядаў аўтар. Напрыклад, «Туман-туманішча» нагадала мне пра аднавяскоўцаў, якія таксама, адпраўляючы дзяцей «у тую Італію», і радаваліся, і перажывалі. «Пакуль не вернецца Сярожка дадому, датуль маё сэрца будзе не на месцы», — казала мне суседка цётка Воля.

Апавяданне «Раліквія» абудзіла ўспаміны пра маіх маму і тату, якія амаль шэсцьдзясят гадоў пражылі разам. Бацька пайшоў з жыцця першы. І як дзеда Яся з апавядання «Раліквія», «не міналі» маю маму «страта і журба, даймалі штодня-штоночы…» Перажыла мама тату, праўда, не на некалькі месяцаў, а на пару гадочкаў. Але кожны дзень успамінала яна свайго Ігарка.

Апавяданне «Не спазніся…» — усім нам навука. Ніколі не трэба забываць пра тых людзей, якія адыгралі вялікую ролю ў нашым лёсе, якія спрыялі нам і дапамагалі. Удзячнасць — адметная рыса чалавека. Не чарсцвейце з цягам часу, захоўвайце ў сабе гэтую чалавечнасць. Тэлефануйце, прыязджайце, сустракайцеся, хоць зрэдку: потым можна не паспець… «Даруйце мне, Вера Паўлаўна! Я часта пра Вас думала. А вось патэлефанаваць рукі не даходзілі. Сюрпрыз хацела зрабіць…» — размаўляе ў думках Аліна са сваёй настаўніцай каля яе хаты, якая ўжо апусцела назаўсёды…

Рэалістычныя, жыццёвыя творы атрымліваюцца ў пісьменніцы Таццяны Цвірко. І напісаны яны на цудоўнай беларускай мове, таму чытаюцца лёгка, з асалодай. Асноўнае ў яе творчасці — чалавек і яго перажыванні, эмоцыі.

Нэлі Мельнічэнка.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме