Нафтаград. Вінцэсь Мудроў

Нафтаград. Вінцэсь МудроўБеларускі нон-фікшн упэўнена пацягнуў коўдру ўвагі на сябе. Выкрываюцца факты, зрываюцца покрывы, аўтары завабліваюць экзальтацыяй і абяцаюць пераасэнсаванне, новыя погляды і разам – мора разліванае экзістэнцыялізму… На фоне гэтага звычайная літаратура – тая, у якой ствараецца умоўны свет, дзе дзейнічаюць героі, дзе ёсць разуменне стылю і дзе мова – інструмент, а то і герой твору, у нейкі момант падаецца выспачкай нечага сапраўднага, цвёрдага пад нагамі.

Не, я не супраць таго ж нон-фікшн. Я за тое, каб было ўсё. Але вось апошняга мне не стае. Таму прапусціць выхад новай кнігі Мудрова для сябе асабіста палічыў бы недаравальным.

Што ж, аўтар працягвае падводзіць вынікі… Не сваёй дзейнасці – пакалення. А вынікаў няма. І таму такім злым сарказмам завісае на вокладцы вагон манарэйкавага цягніка. Пабудавалі… А верылі ж! Цягнулі на плячах у непагадзь вялізныя партрэты розных членаў, зухавата спрачаліся пра назву будучага горада: Нафтагорск ці Камсамольск-на-Дзвіне…

Цікавае прызнанае аўтара:

Апошнім часам пішу невялічкія апавяданні выключна пра часы маленства і юнацтва, а напісаўшы які аповед, не даю рады дапяць: гэта ўспаміны ці гэта мае фантазіі?

Кніга, зрэшты, такой і падаецца: згадак-мрояў. Рассыпаных быццам бы без аніякага парадку. Памяць выхоплівае то эпізод з дзяцінства, то з дарослага жыцця, то перад намі юнацтва з Бітламі.

І паўсюль чырвонай ніткай праходзіць марнасць высілкаў. Шкадаванне: колькі сіл і цярпення пайшло на нейкую сапраўды лухту – як на тыя джынсы… Не тое рабілася, не так, не туды. Таму і выніку – нуль у астатку.

Згадкі пра дзяцінства (тым больш – пра юнацтва) ў Вінцэся Мудрова зусім не выпадковыя – бо менавіта там і закладваліся падмуркі каштоўнасцей, фарміраваліся вектары дзей.

Разам з тым, парадак ёсць. Зусім не выпадкова пачынаецца кніга з сустрэчы дарослага чалавека з жанчынай і ягоным “палётам уверх” і заканчваецца эпічнай гісторыяй пра Ваську-Зайца. У нейкі момант падаецца, што той самы Глеб, перад якім сустрэтая жанчына паставіла пытанне аб ягонай здольнасці да “сур’ёзнага ўчынку” і стаўся тым Васькам, які плача з-за шкадобы да сябе. Сцяна, складзеная будатрадаўцамі, рушыцца за ягонай спінай, і Васька цудам застаецца жывым, – тое сімвал усяго ягонага юнацтва, якое будавала сваё жыццё на пустым пяску. Усё марна…

Яшчэ больш марнымі высілкамі лічыць Мудроў высілкі літаратараў, ён не хавае сваёй з’едлівай іроніі і сарказму да такіх, як ён сам.

І ўсё ж, не заганяе мяне ў панурасць гэта кніга. Бо тут тое, што завецца дыялектыкай, і пакаленне Мудрова – той гной, з якога прарастала і будзе прарастаць свежы травастой. Яны, героі Мудрова, не маглі быць іншымі, яны згаралі і гартаваліся, ніклі долу і ламаліся, але – жылі. Фарміравалі соцыум. Адлюстраванне гэтага фарміравання – у кнізе “Нафтаград”.

Чуў такое, што кнігі Мудрова з ягонай рэтраспектывай цікавыя хіба ягонаму пакаленню.  Думаць так і так лічыць нікому не забаронена. Для мяне ж, на фоне таго, што знаходжу ў цяперашняй свежавыдадзенай “мастацкай прозе”, кнігі гэтага аўтара маюць асаблівую каштоўнасць ў плане чысціні мовы, дасканаласці тэкстаў, убудаванага псіхалагізму. Калі б вы толькі пачыталі што-кольвечы з таго, што сёння выдаюць некаторыя “мэтры”… Мудроў недарэмна лічыцца арыгінальным у плане мовы, ён яшчэ і нястомны шукальнік даўно забытых слоў і новых метафар.

Закончу колькімі цытатамі з кнігі.

Колькі было напісана і як толькі ні апісвалі жаночы азадак, Мудроў знайшоў сваё (тут – жанчына едзе паперадзе на веласіпедзе:

Ён ужо нічога не заўважаў у свеце, апроч гэтых варушкіх крумянак

А вось так нечакана і свежа пра сэрца:

сэрца, як і тым далёкім вечарам, улякнута сцялася.

А вось так цудоўна пра зыркасць, пра тое, што слепіць вочы:

Старонкі ў кнізе гладкія і, калі іх кранала сонца, адбіралі вочы.

Хопіць, зрэшты. На наш час, калі – не мной сказана – мова імкліва страчвае жывое гучанне, кнігі Мудрова вартыя таго, каб стаць на асобнай палічцы з умоўным надпісам: “Для вывучэння мовы”.

В. Г.

One thought on “Нафтаград. Вінцэсь Мудроў

Пакінуць адказ