Насціна шчасце. Валерый Максімовіч

Насціна шчасце. Валерый МаксімовічУ выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга для дзяцей «Насціна шчасце» вядомага беларускага паэта Валерыя Максімовіча. Дарэчы будзе нагадаць, што В. Максімовіч — навуковец, літаратуразнаўца, культуролаг, крытык, з-пад пяра якога выйшла шмат абагульняючых прац, прысвечаных асэнсаванню літаратурна-мастацкай традыцыі, нацыянальнай літаратурнай класікі, творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, М. Гарэцкага, К. Чорнага, В. Быкава і інш. Сярод яго творчых набыткаў — некалькі паэтычных зборнікаў, чырвонай ніткай у якіх праходзіць ідэя шанавання сваіх каранёў, роднай мовы, нацыянальнай літаратурна-мастацкай спадчыны.

Забягаючы наперад, адзначым, што і ў прапанаванай дзіцячай аўдыторыі кнізе з дакладна акрэсленай узроставай адрасацыяй галоўная ідэя таксама цесна знітавана з патрыятычным пафасам, мае «нацыяўшанавальную» скіраванасць. Паводле зместу кнігі, гэтае пачуццё, па глыбокім перакананні аўтара, можа праяўляцца ў самых дробязных, на першы погляд малазаўважных дэталях, якія на самай справе маюць істотнае значэнне для фарміравання дзіцячага свету, адносін маленькага чалавека да самых розных праяў жыцця.

Галоўнай гераіняй выступае добрая і спагадлівая, дапытлівая і цікаўная, а ў нечым і незвычайная дзяўчынка Насця, якая на ўсё глядзіць праз аўру дабрыні, непасрэднай замілаванасці ўсім жывым. Паэт паставіў сабе за мэту мастацкімі сродкамі паказаць незвычайны свет дзяцінства, распавесці пра жыццёвыя прыгоды, мары, адкрыцці маленькай гераіні, якая па-асабліваму, з вялікай ахвотай і шчырым жаданнем спасцігае цуды і непаўторнае хараство прыроды, акаляючага свету ў яго стракатых фарбах і праявах. Як тонкая і ўражлівая натура, здольная да творчых фантазій, яна валодае ўменнем здзіўляцца, знаходзіць у звычайным праявы сапраўднага цуду.

Малюнкі, дэталі, выявы, вобразы жывёльнага і расліннага свету — не самадастатковыя: яны ўбачаныя і адчутыя ўражлівым сэрцам маленькага чалавека, які быццам упершыню бачыць тую прыгажосць, той цуд, якія навокал. Калі ісці ўслед за аўтарскай задумай і ўлічыць момант інтэртэкстуальнасці, можна расчытаць шмат праблемна-тэматычных вузлоў, нават сюжэтных ліній, дзе з вялікай ступенню перакананасці раскрываецца цэлае суквецце ідэй.

Казка-быль — такое жанравае вызначэнне даў аўтар свайму твору, тым самым звярнуўшы ўвагу на тое, што адлюстраваныя рэальныя факты пераплятаюцца з фантастычнымі, казачнымі элементамі. А гэта дазваляе дасягнуць эфекту незвычайнасці, нечаканасці. Казачная алюзійнасць характэрна для другой часткі тэксту, калі дзяўчынка ў сне ляціць на аблачынцы ў далёкі і нязведаны край. Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, як паступова мяняецца настрой Насці з цягам часу, праведзенага на аблачынцы. Незвычайнае захапленне, нават пэўная эйфарыя змяняецца сумным настроем, калі дзяўчынка адчувае сваю адзіноту, сваю адарванасць ад родных палеткаў, бацькоў, любімага сабачкі. Дзеля таго, каб падкрэсліць момант тужлівасці, надзвычайнага перажывання, аўтар уключае ў сюжэт твора даволі мінорную, але і вельмі эмацыянальна пранізлівую песеньку, якую спявае дзяўчынка на сваёй падманнай аблачынцы, што хітрасцю і ліслівасцю пераканала малечу адправіцца ў далёкую вандроўку. Яшчэ раней, у пачатку твора, Насця спявае калыханку, кладучы сваю ляльку спаць. Падобныя структурныя песенныя застаўкі выглядаюць досыць арыгінальна і адмыслова аздабляюць твор. Тут аўтар арганічна звяртаецца да фальклорнай вобразнасці, сталых параўнанняў, эпітэтаў, уласцівых народнай песеннай творчасці:

Я на крыльцах паляцела б
У раднюсенькі садок,
На галінку ціха села б,
Падала б свой галасок.

І спявала б, і спявала —
Аж заслухаўся б прастор, —
Песняй звонкаю вітала б
Свой лужок і сад, і бор.

Падаецца, аўтар апраўдана звярнуўся да прыгоднiцка-фантастычных перыпетый маленькай падарожніцы, прымяніўшы прыём снення. Гераіня трапляе ў незвычайную сітуацыю, апынуўшыся ў невядомай краiне, бачыць шмат карцін, якія адкрываюцца перад яе вачыма, але чужая экзотыка не робіць на яе вялікага ўражання. Наадварот, убачанае спакваля выклікае непазбыўную настальгію па родным, блізкім, знаёмым, падахвочвае найхутчэй вярнуцца да сваёй сям’і, да мілых сэрцу краявідаў. Па-мастацку змадэляваная сітуацыя — своеасаблівае выпрабаванне гераіні на трываласць, на вернасць сваім сябрам, родным людзям.

Сюжэтная канва кнiгі пабудавана так, каб развiваць у дзяцей дапытлiвасць, жаданне самiм даведацца пра таямнiцы прыроды, убачыць акаляючы свет у асаблівым вобразна-мастацкім праламленні, незвычайным арэоле. Мастацкае ўзнаўленне ў творы галасоў жывёл, пералік назваў страў, кветак робіцца з мэтай пашырыць веды маленькага чытача, яго кругагляд, актывізаваць пазнавальныя здольнасці, дапамагчы сфарміраваць у дзіцяці прыязнае, сардэчнае стаўленне да нацыянальнай карціны свету, унутрана сугучнай яго ўяўленням.

Адметна і тое, што кніга напісана вершаванай мовай, якая вылучаецца асаблівай лексічнай афарбаванасцю, метафарычнасцю, яркай насычанасцю фарбаў і тонаў, алюзійнасцю. Тут можна заўважыць уплыў фальклорнай і літаратурнай традыцыі, распазнаць жыццёвыя прататыпы, што істотна ўзбагачае спектр мастацкіх каштоўнасных сэнсаў. Дзецям, натуральна, у сілу свайго ўзросту не так лёгка знаходзіць пэўныя літаратурныя паралелі, рабіць супастаўленні. І тут на дапамогу павінны прыйсці бацькі, старэйшыя браты і сёстры, якія змогуць, пры нагодзе, даць адпаведны каментарый, растлумачыць сэнс пэўных эпізодаў, карцін, вобразаў. Кніга, што варта падкрэсліць, мае гуманістычную скіраванасць, дзе відавочны культ спагадлівасці, дабрыні, чалавечнасці, шчырасці, якіх усё менш і менш становіцца ў нашым жыцці. Яна заклікана фарміраваць чытацкі густ і чытацкія навыкі дзіцяці, вучыць заўважаць прыгажосць, хараство, любіць свой край, шанаваць сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль, праяўляць клопат пра «братоў нашых меншых». Ці ж гэта мала ў наш вірлівы век, дзе з катастрафічнай хуткасцю разбураюцца ўсталяваны вякамі лад жыцця, крэўныя сувязі?

Максім ТРАЯНОВІЧ.

Пакінуць адказ