Народныя бразільскія казкі. (Дзмітрый Магілеўцаў)

Народныя бразільскія казкі. Дзмітрый МагілеўцаўНевялічкая кніжачка, на якую варта звярнуць увагу, калі вы любіце казкі. А калі вы любіце экзатычныя казкі – тым болей!

😎 Але варта адзначыць, што гэта хутчэй дарослая чытанка, чым казкі для дзяцей. Таму што і тэмы, і лексіка тут сустракаюцца такія, якія не кожны палічыць дзіцячымі. Аднак штосьці мне падказвае, што менавіта дзеці 10+ могуць стаць удзячнымі чытачамі такіх брутальных казак 🤭

🔥 Перакладчык Дзмітрый Магілеўцаў адразу ў прадмове папярэджвае: у казках будзе слова “срака”, і калі яно вас палохае, то лепей далей не чытайце. А яшчэ нагадвае: “Арыгінальная народная казка – гэта анекдот, якім людзі забаўлялі сябе і родных. І забаўлялі менавіта ў той манеры, у якой і балявалі, і святкавалі. А не ў той, якую выносілі на суд адукаванай публікі аматары народнай асветы”.

💃🏻 Акрамя сракі тут будуць голыя дзеўкі – і прыгожыя, і агідныя. А яшчэ, да прыкладу, кактусы, якія залазяць, а потым вылазяць з дупы. Карацей, без сантыментаў. Як у народных казках, тут шмат жывёлаў, але тут яны ўласцівыя рэгіёну: ягуары, малпы, груганы, чарапахі. Але ёсць і звыклыя нам пеўні, лісы, алені, казлы і быкі. Рэгулярна сустракаюцца мурыны і мурынкі, і яны найчасцей адмоўныя персанажы.

📘 Мне было цікава і весела чытаць гэтую кніжачку, але я ўвесь час думала пра тое, як файна было б выдаць яе вялікім фарматам (ці прынамсі большым за цяперашні) і з вялікай колькасцю крутых ілюстрацый. Зрабіць бы серыю казак народаў свету па-беларуску – і народных, і аўтарскіх… 😌 Бо казак у розныя часы ў нас ужо перакладзена багата. Яшчэ адна мая беларуская кніжная мара ✨

kniznyja_razmovy


У выданні сабраныя бразільскія народныя казкі, запісаныя ў канцы XIX ст. Яны ўвабралі ў сябе ўсё, што складае культуру бразільскага народу: і відавоч­ны моцны еўрапейскі ўплыў, і любоў да прыроды, уласцівую карэннаму насельніцтву, і музычны, жвавы і вясёлы подых Афрыкі. Героі гэтых казак – мурашы і пеўні, прынцэсы і малпы, зласлівы ягуар і хітры му­рын. Яны хітруюць і чаруюць, перамагаюць і плачуць альбо ўпрост разбягаюцца абы-куды, а нам, чытачам, з таго пацеха і навука.

(З анатацыі)

Пакінуць адказ