Распачаць год я хачу выдатнай дзіцячай кнігай Я калісьці ўжо пісала пра яе, але тады яна існавала толькі ў аўдыё-фармаце, агучанная праектам “Кніжны воз” @knizhnyvoz . З тых часоў кніга паспела выйсці на паперы ў выдавецтве “Папуры”.
Надзея Ясмінска – дасведчаная і спрактыкаваная казачніца, і ўсе яе кнігі апошніх гадоў упэўнена знаходзяць шлях да чытацкіх сэрцаў – як маленькіх, так і дарослых. А ў творчым тандэме з мастачкай Святланай Міхалап у Надзеі атрымліваюцца проста хіты
“Надзвычайны дзень народзінаў” – гэта гарэзлівая гісторыя прынцэсы, якой мусіць споўніцца даволі шмат гадоў. Яе гэта засмучае, таму яна не хоча ніякіх святаў. Але паступова прынцэса Лубіна прымае свой узрост і з асалодай святкуе дзень народзінаў.
Мы так звыклі да казачнага стандарту, дзе прынцэса заўсёды маладая ды прыгожая, што гісторыя пра 70-гадовую прынцэсу здзіўляе і забаўляе. І, мяркую, нават не толькі і не столькі дзяцей, колькі дарослых. Я, напрыклад, чакаю магчымасці даручыць чытанне гэтай кнігі бабулям, якія прыедуць да ўнукаў у госці.
У кнізе проста фантастычныя ілюстрацыі, якія, як мне падаецца, дадаткова раскрываюць сюжэт. Прынцэса Лубіна, якой яе стварыла мастачка, – харызматычная, яркая, вясёлая, – бадзёра руйнуе ўсе “прынцэсныя” стрэатыпы.
Карацей, кніжка атрымалася такая файная, што я дужа яе раю: і ў хатнюю бібліятэку, і ў якасці падарунка. А з-за таго, што прыцэса тут не зусім прынцэсная, то і хлопчыкам гісторыя можа спадабацца. Прынамсі, мой хлопец такімі кнігамі не грэбуе. А яшчэ я проста бачу “Надзвычайны дзень народзінаў” у перакладах на іншыя мовы.
Кніжка выйшла ў выдавецтве “Папуры”, а гэта значыць, што яе проста знайсці і ў Беларусі, і за мяжой.
kniznyja_razmovy
kniznyja_razmovy