Вельмі шмат вершаў…))))
Не стамляюся паўтараць, што сапраўдная паэзія – справа смелых. І размова не столькі пра раскрыццё табуяваных з нейкай прычыны тэм (палітыка, эротыка, антыэстэтыка і г.д.), да якіх можа звярнуцца аўтар, а пра смеласць быць сабой.
Ці спадабаецца, тое што паэт/ка пакажа чытачам, справа дзясятая. Але без гэтай самай смеласці, пачуццёвай і мысленчай аголенасці спадзявацца на поспех не выпадае.
І калі я кажу пра поспех, то не маю на ўвазе шырокі розгалас, а толькі творчую ўдачу. Якая можа здарыцца, а можа і не здарыцца.
Кнігі такіх “смелых” аўтараў заўсёды чытаюцца з інтарэсам. Так, гэта не азначае, што ўсе напісанае знойдзе водгук, але сачыць, як аўтар намацвае прастору па-за межамі ўласнай паэзіі вельмі цікава.
Апошнім часам, я шмат разважаю пра сутнасць авангарднай паэзіі, спрабую разабрацца, што ёсць гэтай самай авангарднасцю. І часцей бачу толькі фармальныя пошукі за якімі акрамя фармальных канструкцый бывае, што нічога і няма.
Разам з тым мяне захапляюць аўтары, якія не спыняюцца ў сваім развіцці і гатовыя крочыць у няведань свайго ценю “з няпэўнай надзеяй на ўдачу” (А.Разанаў). Нават калі гэта ўжо адкрыта/пераадкрыта для сусветнай літаратуры, але не адкрыта/не адчута ўласна табой. Менавіта ў гэтыя моманты адбываецца ўзаемадзеянне з паэтычнай першаматэрыяй – часцей, з твайго прыватнага космасу, але ў паасобных выпадках і з прарывам да ўсеагульнага. І другое не можа адбыцца без першага – ты не можаш выйсці па-за межы макракосмасу, не выбраўшыся з мікрасусвету ўласнай паэтыкі. Здавалася б… пры чым тут авангард.
А думкі гэтыя мне прыйшлі ў галаву па прачытанні кнігі Людмілы Сільновай “На празрыстай мове радзімы”. Кнігі няроўнай і калейдаскапічнай. Кнігі, якая з’яўляецца творчай справаздачай аўтаркі за апошні дзясятак гадоў, з невялікімі дадаткамі ранніх твораў і невялікім блокам перакладаў. Кнігі, у якой згаданая першаматэрыя ў той ці іншай ступені прысутнічае. Нават у прыкладнЫх творах. З такога і пачнем, бо на яго фоне хораша бачна, шматграннасць творцы.
ЧАРОЎНАЯ СКАРБОНКА КНІГІ
(верш напісаны для заняткаў з дзецьмі ў “Клубе кніжных прафесараў” у Музеі кнігі.
Старая кніга. Яна звонку –
Нібы чароўная скарбонка:
Па верхнім вечку з цёмнай скуры
Ідуць арнаменты, фігуры.
А металёвыя замочкі
Мільёны тайнаў, светлых, змрочных,
Паміж старонкамі хаваюць
І шчоўкнуць ціха запрашаюць:
Каб вечка тое ўзняць маглі мы
І ўведалі, што Бог любіў нас
І слаў любоў сваю бясконца
Праз кнігі-скарбы, Месяц, Сонца,
Праз фантастычныя малюнкі
І старадаўніх слоў карункі.
Старая кніга, яна звонку –
Нібы чароўная скарбонка!..
Хто мае новых кніг паліцу,
Хай не змушае іх пыліцца.
Раскрые сёння іх старонкі
І прачытае – уголас, звонка!
Каб тата, мама, узяўшы крэслы,
Падселі: “Ах ты, наш прафесар!”
Бо кнігі новыя – нашчадкі
Тых кніг, што вывучаць пашчасціла!
У кнізе шмат вершаў для дзяцей (працытаваў упадабаны), вельмі шмат “альбомных” вершаў, прысвячэнняў цяперашнім і гістарычным асобам. Яны не тое каб неабавязковыя, але…
Але, чаму не, калі так захацелася. У гэтым плане амплітуда творчасці Людмілы Сільновай сапраўды адметная: тут табе і паэмы і карацелькі, і традыцыйныя вершы і верлібры, стройныя радкі і арытмічныя. А калі ўзгадаць зборнікі візуальнай паэзіі “Рысасловы” і візуальнай прозы “Агністыя дзьмухаўцы”, то гэтая самая амплітуда стане яшчэ большай. Бо і зараз “шукае сувязь вобраза і рыскі”.
Матэрыялам для твора становіцца ўсё навокал, да чаго можна дацягнуцца:
ДЗВЕ СУКЕНКІ
Я памыла і павесіла
На балконе незашклёным
Дзве сукенкі, як дзве песні
Маладосці неўтаймоўнай, –
У рамонкі
І чырвоную…
Аўтарка смела выкарыстоўвае наваяз, жарганізмы, уласныя імёны знакамітасцей… то бок усё, што прыдасца для патрэбы:
СПАКОЙ У СЭРЦЫ
Спакой у сэрцы. Быццам вечар
Сталічны горад атуляе
І спачуванне абяцае
Накінуць, нібы шаль на плечы.
Усё падрыхтавана, чыста.
Як да зімы сама прырода
Падрыхтавала гэты горад –
Да Белых святаў урачыстых.
Гірляндамі агнёў суладных
Абвіты дрэвы, шыльды, вокны.
За столік прывядзе свабодны
Духмяны водар шакаладны…
Кавярня. З вокнамі, як з фільма,
Дзе Джоні Дэп (дзівак, бадзяга,
Яго герой праз тайну смаку
Ўлюбёнага – трымаў інтрыгу),
Жульет Бінош за гаспадыню,
Дзе горад казачны, каханне –
Як спачуванне, абяцанне…
“Спадарыня! Ваш кубак стыне!”
Спакой у сэрцы. Быццам вечар
Сталічны горад атуляе
І да Калядаў запрашае
Забыцца ў тлуме чалавечым…
Эксперыментуе:
ПАЦЕРКІ ЖЫЦЦЯ
(е-а-о-у-ы)
е
з’яўленне
маленства
ведыа
заляцанні
каханні
спатканніу
люб
карункі
і шлюбо
роды
грошы
і домы
быт
набытак
нябыт*
у рэшце рэшт,
слова – гэта таксама верш
Паэтка не зачыняецца ў ракавінку свайго я, не будуе вежаў з слановай косткі, яна бачыць за вокнамі і ў навінах тое ж, што і астатнія, але выяўляе гэта па-свойму:
КЛАСІКА
Наглядзеўшыся тэленавінаў,
старая адна
ўсвядоміла непазбежная
і прашаптала:
“Можа хутка пачнеццапраклятая гэта вайна,
а я – яшчэ ўсю
сусветную класіку не прачытала…”*
наша стаГОДДЗЕ:
ГОДДЗЕ нянавісці, ГОДДЗЕ!..
Ці такое:
СПАЛІЛА ТУРКУ
Зноў спаліла турку я
на агні
Газавага полымя
ў нашы дні!
Кавы перапаленай –
Рэзкі пах.
Кадры з тэлевізара
у вачах!
Пражываю з хуткасцю
“турка ў год”.
Вялікдзень, народзіны
Новы год….
Зноўку ўсё паўторыцца
зыркім сном.
Што такое творыцца
за вакном?
Быццам круціць хутка
калейдаскоп
Не дзіцяці ручка, а
снежны бог.
Пра каву (але не столькі пра яе) ў кнізе маецца яшчэ адзін твор:
ЭЦЮД ПРА КАВУ
Не зразумееш смаку кавы,
Пакуль не станеш ёй цікавы.
Цікавы – талентам ці штукай
Па-свойму жыць і справы рухаць.
Па-свойму – усміхацца людзям.
І сябраваць… І кава будзе.
Як падарунак, як сустрэча
З традыцыяй, цяплом і вечнасцю.
У паэзіі, як і ў сэксе можна ўсё што заўгодна, калі тое ў радасць… Наступныя радкі без усмешкі прачытаць складана. Разам з тым, мне яны падаюцца вельмі трапнымі, а ў купе з эўрыстычнасцю вобразаў яшчэ і драйвовымі.
СПЯКОТА. РЭГТАЙМ
І
Пахнуць ліпы ў ліпені
Донам Пэдра з Карлітаю.
І каханне разлітае
У паветры у ліпені.
ІІ
У галінах, у ліпавых
Пчолкі ў паскі заблыталіся.
І гудзенне трывожнае:
“Яшчэ трошкі!.. Няможна ўжо…”
ІІІ
Гэта ліпень. Дзень выпіты
І кілішак закінуты
У высокія травы
Ля паркана без барвы…
Варыяцыі на “народныя” матывы музыкаў з прыгарадных электрычак? Калі ласка:
СВЕЖАЕ ІМЯ (Дзеду Адаму)
Кіслы, як антонаўка ўлетку,
Гарадок…
Вёска Селівонаўка –
Сіні васілёк.
Асвяжае памяць мне
Імем – маладым, свежым,
Ад Адама як! –
Зялёны наліў.
Кусь! – і Маладзечна аж
Мне відаць здалёк!..
Вёска Селівонаўка,
Сіні васілёк.
А вось колькі аўтапартрэцікаў:
АЎТАПАРТРЭТ З КВЕТКАМІ
мальвы мовы,
мары мак ружовы,
бэз гарэзлівасці,
півоні ўлоння,
ружы мужнасці,
барбарыс мацярынства,
мята паэцтва…
***Мне здаецца, я мора энергіі,
Яно ў елачнай цаццы качаецца
Майго цела, такога нягеглага:
Ледзь кранеш – і нічога не маецца!ЦЫРКАЧКА
Ты – хто?
Я – цыркачка з вандроўнага “Шапіто”.
Уцякачка
У тоненькім зялёна-ружовым трыко…
Бога заначка,
Калі пад новыя планы тут не падыдзе ніхто.СЁМЫ ЎЗРОСТ
Дзясятак сёмы размяняла,
Нібы купюру я на днях
З такім вось дзіўным наміналам –
“Сямёрка”… Проста на вачах
Калег сваіх, з радні найродных
і незнаёмцаў Богу ўгодных.
Адна як перст. Сціскаю ў жмені
Гады – манеты без наймення…
Як вецер дзьме! У пераходзе
Падземным гулка. Думкі ў лёдзе,
Нібы ў глазуры белай рыба:
з далечыні, на продаж хіба…
Усё гэта я?.. Паэт ва ўзросце
Складаным робіцца ці простым –
Як немаўля, што, без адзення,
Увесь – адчай, увесь – здзіўленне
Перад чужой магутнай сілай?…
Я ў сёмы ўзрост жыцця ўступіла.
Жыццё мяжуе са смерцю і з гэтым нічога не паробіш:
Урывак з верша “СВЯТЛО НЯБЁСАЎ”:
Старыя – як малыя.
Душа ў чаканні ные.
Сустрэчу прадчувае,
А з кім, сама не знае.
і праз пэўны час:ПЕРАДЗІМ’Е
Мне падалося чорнаю сняжынкай
(а фонам – неба белае, як лёд)
Аголенае дрэва ў перадзім’е…
Або – скатаны ў шар калючы дрот…
Што не падасца ў гэты скрушны год,
Калі паменшала маёй радзіны!
З.Ы.
ЛЮДКА
Я – Людка,
адзінка вялікага люду…
Заканчваецца кніга выдатнымі перакладамі вершаў Любові Турбіной і Разіля Валеева, якімі магчыма, падзялюся іншым разам, бо і так загуляўся з прыкладамі. Але хацелася, каб яны былі пад рукой, а таксама людзям паказаць.
Наклад у зборніка – 100 асобнікаў. Пра тое, як можна яго прыдбаць, варта запытацца ў аўтаркі.
З.Ы. У кнізе ёсць радок “убачыць той, хто сам такі”. У прыведзеных вышэй вершах я пабачыў блізкае для сябе, але магчыма і вам яны таксама адгукнуцца. Зараз буду спрабаваць здабыць ранейшыя зборнікі Людкі Сільновай, бо, як выявілася, я прагледзеў вельмі цікавага аўтара і цяпер хочацца пазнаёміцца з яе творчасцю бліжэй.

