Мышыныя Каляды. Антон Францішак Брыль

Параўнаць непараўнальнае…

Водгук-роздум

Больш нават роздум.  У планы не ўваходзіла адсочваць такія падзеі, як конкурсы і прэміі. Але нядаўні пераможца прэміі Цёткі – Антон Францішак Брыль з кнігай “Мышыныя Каляды”. Гэтага аўтара, якім па-майстэрску валодае мовай, нельга не згадаць, калі ёсць нагода.

Кнігу пра мышак, якія ладзілі Каляды і перамаглі, я не чытаў, але паслухаў на “Кніжным возе”. Выкананне  – цудоўнае. Канешне, тут пэўная заслуга аўтара – вельмі ж гладкая, рытмічная вершаванка, пры гэтым пабудова радкоў такая, што і чытаецца бы проза, чым і скарысталася майстар агучвання. Рыфмы тут толькі дапамагаюць, трымаюць у звязцы гісторыю, робяць яе менавіта святочнай.

Антон Францішак Брыль, як ужо казаў, майстар слова, таму нават на слых нідзе не чуваць надуманага рыфмавання, і з лёгкасцю прабачаецца мыш Хрысця з “гызці”, наадварот, тут усмешка ад знаходкі. Асабліва прыемна чуць рэфрэн “Святы вячОр” з некалькімі рознымі, але такімі дарэчнымі (і бездакорнымі) ў радках рыфмаваннямі: двор, убор, спор…

Калі параўноваць з тымі кніжкамі, падобнымі да гэтай, дык тут майстэрства аўтара на высокім узроўні. І трошкі вышэй за тэкст Андрэя Скурко (на мой погляд) не толькі чыста тэхнічна. У Брыля атрымалася досыць нечаканая гісторыя, у якой хапіла месца чароўнаму, нейкі тут хаваецца і выхаваўча-этнагарфічна-гістарычны момант. Такім чынам, добра.

Але.

Ці можна параўнаць і ацаніць увогуле дзіцячую кніжку на 10 хвілін чытання і кнігу-фэнтэзі для падлеткаў на 200 старонак тэксту?

Тут не проста розныя вагавыя катэгорыі, як кажуць. Гэта як… ну, як у спорце ацэньваць выступленне гімнасткі і штангіста, і выносіць пасля вердыкт: хто з іх лепшы. Тут нават не ў тым справа, што невялікі тэкст можна цягам таго часу, які займае ў другога аўтара напісанне 400 тысяч знакаў, давесці да тэхнічна ідэальнага стану цыкламі рэдагавання. Мы проста павінны ўлічыць менавіта час, патрачаны на стварэнне тэксту. На выкананую работу, на аб’ем і рознасць яго.

І ўрэшце, нельга параўноўваць кнігі для падлеткаў з вершаванкамі для дзяцей.

Пры ўсіх недахопах “Вершнікаў на дарозе”, пра якіх тут ужо было напісана, гэта вялікая праца. І выкананая досыць прафесійна. Нельга не бачыць, што і трылогія Алега Грушэцкага мае вялікі попыт у чытачоў, аўтар зрабіў гэтаксама не маленькую справу, і нельга яго ўпікнуць у адсутнасці майстэрства ў трылогіі “Янка і каралеўна Мілана”. І раней – хіба можна нейк вызначыцца, якая кніга лепшая, калі параўноўваць “Гарэзлівы пацалунак” Евы Вайтоўскай і пераможцу той прэміі “Адна шкарпэтка” Вольгі Гапеевай? Ні ў якім разе не хачу сумнявацца ў якасці і таленце пераможцы, ды ўсё ж…

Карацей, прэмія Цёткі павінна… А, у першую чаргу: людцы, абнавіце свой сайт! Ну сорамна ж! Пяць гадоў ніхто яго не чапаў, як можна так ставіцца да сваёй жа працы? Не разумею такой непавагі да тых, хто цікавіцца вамі…

Дык вось, можна і трэба раздзяліць намінацыі: для дзетак і для падлеткаў. Так, разумею, кніг для падлеткаў пішацца вобмаль, за год мо пяць-шэсць наскрабеш. Але ж можна праводзіць падвядзенне вынікаў для падлеткаў раз у тры гады, напрыклад. І уключаць, адпаведна, кнігі за тры гады. І ў гэты год не разглядаць менавіта дзіцячыя кнігі, іх, за гэты год, уключыць у наступны.

Але так, як ёсць, пакідаць нельга. Маё меркаванне.

В.Г.

One thought on “Мышыныя Каляды. Антон Францішак Брыль

Пакінуць адказ