Арнамент вялікай мазаікі
Гісторыя беларускай літаратуры не абмяжоўваецца толькі класікамі. Сённяшняя славеснасць нашай краіны таксама здзіўляе нестандартнымі рашэннямі. Літаратура Гродзенскага рэгіёна ўяўляе сабой унікальную скарбніцу сучаснасці, у якой можна знайсці мноства самых разнастайных кірункаў і жанраў, дзе самабытныя аўтары выяўляюць незвычайныя здольнасці і ўменні. Менавіта пра гэта кніга Дзмітрыя Радзівончыка «Масты і берагі».
Для лепшага разумення творчай задумы стваральніка звернемся да аўтарскага пасляслоўя. Мы не можам ігнараваць асноўную думку, выкладзеную пісьменнікам напрыканцы зборніка:
«Я перакананы, што гучанне мастацкага слова ў кожнай вобласці Беларусі непаўторнае. Разумееце, у жыцці, у творчасці мы непадобныя — і ў гэтым наша сіла. Кожны рэгіён Беларусі ўяўляе сабой запаведнік аўтэнтычнай культуры. Гэта адлюстроўваецца ў слове. Калі мы, напрыклад, прыязджаем выступіць у Маладзечне, у Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы, — там усё зусім іншае: энергетыка, атмасфера Цэнтральнай Беларусі адрозніваюцца ад нашай Беларусі, Заходняй. У людзей іншы тэмперамент, іншыя манеры, не кажучы ўжо пра асаблівасці мовы. Пры гэтым усе мы — адзін народ!»
Так, Беларусь — вялікая краіна, у якой ёсць месца самым розным творчым павевам. Нягледзячы на адзінства культурнай прасторы, мы ўсе непадобныя адзін да аднаго. Не варта бачыць у гэтым нешта негатыўнае, раз’яднальнае — наадварот, бесперапынны штодзённы дыялог розных паводле сваіх уласцівасцяў і якасцяў асоб і культур закладвае аснову для будучага росквіту. Пра гэта пісалі і рэлігійныя экзістэнцыялісты-філосафы кшталту Бубера і Левінаса, пра гэта гаварылі і славутыя савецкія філосафы Бахцін і Біблер. Дыялог непадабенстваў — выключная ўдача, якая дазваляе дасягнуць узаемаразумення і гармоніі паміж рознымі аўтэнтычнымі культурамі (або паміж рознымі варыяцыямі адной культуры).
Так, мы, безумоўна, разумеем, што беларуская культура — гэта адзіная форма жыцця, унутры якой жывуць іншыя формы, няхай і менш маналітныя. Гэтая сітуацыя нагадвае, калі хочаце, велізарнае пано, дзе мноства розных па сваёй сутнасці мініяцюрных арнаментаў умела ўплецены ў агульную канву кампазіцыі. Падобная поліфанія — пэўная прыкмета здароўя культуры, яе паўнакроўнай жыццятворчасці. Менавіта такім арнаментам агульнай беларускай мазаікі з’яўляецца творчасць літаратараў Гродзеншчыны.
Мы не можам не адзначыць праніклівасць Дзмітрыя Радзівончыка. Часам людзі, жадаючы наладзіць больш трывалую сувязь з суразмоўцамі, робяць акцэнт на агульных рысах і ўласцівасцях, зусім забываючы, што кожны чалавек — гэта перадусім унікальнасць, памножаная на вечнасць. Дзмітрый Радзівончык, відаць, адчуў тое, пра што мы часам нават не здагадваемся: яго лейтматыў, што літаратура Прынёмання, як і літаратура іншых рэгіёнаў Беларусі, уяўляе сабой арыгінальны артэфакт славеснасці, хоць і не новы, але ўсё ж які дазваляе шырэй убачыць панараму невычэрпнага літаратурнага патэнцыялу вялікай краіны. Кніга даследчыка, адпаведна, спрабуе «праілюстраваць» гэты тэзіс на канкрэтных творах канкрэтных асоб Гродзеншчыны: не так істотна, для дзяцей ці для дарослых напісаны кнігі, пра якія ідзе гаворка, — мае значэнне менавіта своеасаблівы каларыт прадстаўленай літаратуры, уласцівы толькі прынёманскаму краю. А літаратура гэтай мясцовасці багатая на імёны: гэта і «рыцар» паэтычнага рамяства Браніслаў Ермашкевіч, і таленавіты эксперыментатар Пётр Сямінскі, і плённая дзіцячая (і не толькі) пісьменніца Ліна Багданава, і многія іншыя. Адным словам, ёсць што пачытаць і чаму павучыцца.
Аўтарскі стыль Дзмітрыя Радзівончыка таксама мае несумненную вартасць. Яснасць, з якой пісьменнік выкладае свае думкі, сапраўды заслугоўвае асобнай увагі. Тут няма ніякай містычнай вычварнасці, што пакідае ад сімвала толькі яго цень. Увесь зборнік напісаны найчысцейшай беларускай мовай, поўнай жывой філалагічнайэнергіі, якая пры чытанні стварае ўражанне лёгкасці і свабоды. Менавіта так павінны пісацца крытычныя эсэ — з веданнем кнігі, якая разглядаецца, з пачуццём стылю, з разуменнем механікі мовы. Калі згаданыя ўмовы прысутнічаюцьу тэксце, вынік абяцае быць выдатным. Такім чынам, перад намі паўстае крытык, які дзякуючы сваёй багатай базе ведаў здольны дакладна фіксаваць усе творчыя поспехі сваіх калег па цэху. Ён вельмі праніклівы — і гэтая праніклівасць дазваляе рабіць правільныя высновы. Разумеючы агульную тэндэнцыю развіцця культур (а яна так ці інакш абумоўлена неабходнасцю знаходзіцца ў стане дыялогу), ён паказвае, як асобна ўзятая варыяцыя культуры ўплывае на агульны культурны рэльеф: для гэтага Дзмітрый Радзівончык уважліва аналізуе асаблівасці творчага развіцця вядомых прадстаўнікоў літаратуры Гродзеншчыны. Верагодна, зборнік «Масты і берагі» — гэта той рэдкі выпадак, калі кніга пра кнігі і пра людзей, якія іх пішуць, з’яўляецца годным сведчаннем існавання і ў наш час разумнай і справядлівай крытыкі. Бо літаратура як сфера культуры, безумоўна, таксама мае патрэбу ў дыялогу — асабліва сумленным і шчырым.

