Лірычныя крокі. Віктар Вабішчэвіч

Лірычныя крокі. Віктар ВабішчэвічГэта зборнік вершаў паэта з глыбінкі Віктара Вабішчэвіча, у які ўвайшлі паэтычныя творы з папярэдніх выданняў, а таксама новыя вершы.

Напісанае сэрцам — сэрцам будзе і пачута

Свае лірычныя крокі, якія цяпер склаліся ў сапраўдны паэтычны шлях, Віктар Васільевіч пачаў рабіць на роднай Століншчыне. Нарадзіўся ў вёсцы Рубель, а ўсё свядомае жыццё паэт і настаўнік (дарэчы, Выдатнік адукацыі), правёў у слынным Давыд-Гарадку, які па праве можна назваць калыскай літаратурных талентаў. Жывучы каля свавольнай і жывапіснай ракі Гарынь, сярод палескіх краявідаў, чалавек з такой тонкай і лірычнай натурай, як Віктар Вабішчэвіч, не мог не стаць паэтам, не мог не апісаць у вершах тую прыгажосць, якую захоўвае ў сабе гэты палескі куточак.

Зборнік «Лірычныя крокі» ўбачыў свет у год юбілею аўтара. Гэта той выпадак, калі свята адзначае асоба, а падарунак атрымліваюць іншыя. 9 ліпеня Віктар Вабішчэвіч адзначыў сваё 65-годдзе, маючы ўжо шэсць зборнікаў паэзіі: «Чорны боль» (2003), «Кахаю і люблю» (2006), «Уражанне» (2009), «Orbi» (2012), «Вятліца» (2023) і адзначаны вышэй — «Лірычныя крокі» (2025). Так, зборнік вершаў можна назваць каштоўным падарункам для аматараў паэтычнага слова. Ён, безумоўна, знойдзе сваё пачэснае месца на кніжных паліцах і водгукі ў сэрцах людзей. Бо, як сцвярджае Віктар Вабішчэвіч, напісанае сэрцам — сэрцам будзе і пачута.

Тэмы, якія ўзнімае паэт у сваёй творчасці, досыць розныя. Гэта і Чарнобыль, які незагойнай ранай адгукаецца ў чулых сэрцах палешукоў, прырода, каханне, вера ў Бога, родная мова і іншыя. Зборнік «Лірычныя крокі» адкрывае «Мая малітва». Гэта верш-зварот і падзяка Богу. Заслугоўваюць увагі вершы-прысвячэнні тым людзям, якіх Віктар Вабішчэвіч ставіць на жыццёвы п’едэстал. Гэта, па-першае, маці, а таксама творцы, без якіх не было б заўважана магутнае беларускае слова — Францыск Скарына, Янка Купала, Язэп Драздовіч, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч… Што датычыцца адданасці самога аўтара роднай мове, то яе можна выказаць словамі паэта: «Навошта мне жыццё без мовы — // Без мовы я — не чалавек».

Столінская зямля ганарыцца таленавітым земляком, які яшчэ ў 2009 годзе ў прадмове да зборніка «Уражанне» напісаў, што паэты прыходзяць у гэты свет, каб яго ўдасканальваць, паказваць тое, чаго іншыя не могуць заўважыць, не могуць бачыць і ўспрымаць увогуле. Можна смела казаць, што гэта вялікае майстэрства — жыць, працаваць, дабівацца поспехаў на навуковай, літаратурнай, асветніцкай ніве і ўсё роўна заставацца шчырым паэтам, рамантыкам, летуценнікам.

Надзея СТАХАВЕЦ.

 

Пакінуць адказ