Новы раман Вольгі Гапеевай нечакана адгукнуўся ўва мне прыемнымі эмоцыямі. Гэта аўтабіяграфічны твор, у якім аўтарка занатоўвае ўспаміны свайго дзяцінства, дзеліцца пачуццямі, перажываннямі і момантамі. Яна нарадзілася ў 1982 годзе, калі СССР дажываў апошняе дзесяцігоддзе, таму яе дзяцінства прыпала спачатку на эпоху брэжнеўскага застою, потым перабудовы. А ўжо школьніцай яна заспела часы станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы.
Заўжды цікава чытаць пра гэты перыяд ва ўспамінах дзяцей, бо яны яшчэ не надта разумеюць, якія палітычныя змены адбываюцца ў дзяржаве, а таму іх погляд на сітуацыю заўжды своеасаблівы і вельмі арыгінальны.
Напрыклад, Вольга ўспрымала СССР як нешта велізарнае і вельмі абстрактнае, параўноўвала яго з матрошкай. Для яе вельмі дзіўнай была “наяўнасць дзвюх краінаў (БССР і СССР), дзвюх сталіцаў (Мінск і Масква) і двух гімнаў (гімн БССР і гімн СССР). <…> Быццам мы жылі паралельна ў двух вымярэннях ці недзе ў жываце драўлянай рускай матрошкі”. <…> Бяскрайнія прасторы вялікай Радзімы мяне пужалі, і я ніяк не магла пагадзіцца на гэты матрошкавы прынцып і нейкую другаснасць”.
Але збольшага ўвага ў творы акцэнтуецца на ўнутраны свет і самаідэнтыфікацыю лірычнай гераіні, а не на асаблівасці грамадска-палітычнага ладу ў краіне. Таму кніга нагадвае сеанс псіхатэрапіі. Толькі ў якасці тэрапеўта выступае сама Вольга, якая займаецца паступовай прэпарацыяй усіх дзіцячых успамінаў з мэтай пераасэнсаваць іх, знайсці ў іх вытокі яе цяперашняга стану і адчуванняў. Накшталт “я такая, бо ў тым пэўным моманце ў дзяцінстве адчувала тое і тое, што паўплывала на мяне цяперашнюю”. Псіхатэрапеўты часта апелююць да дзяцінства пацыента, шукаючы ў ім усе карані яго надзённых праблем.
Колькі фраз, кінутых дзецям азлобленымі або стомленымі ад жыцця дарослымі, утвараюць дзіркі і дзірышчы ўнутры, якія замінаюць бачыць прыгажосць, адчуваць радасць і давер да навакольнага свету. Хаця, цалкам верагодна, што гэтыя так званыя “дарослыя” ніякія і не дарослыя, а самыя звычайныя пакрыўджаныя дзеці ў касцюмах і целах дарослых.
Шмат у кнізе проста прыемных настальгічных момантаў. Хоць паміж мной і аўтаркай 11 гадоў, але ж успаміны пра розныя рэчы з дзяцінства ў нас агульныя. Напрыклад, ЛФК у паліклініцы замест звычайных урокаў фізкультуры ў школе, піянербол у двары каля дома, дзе мячык трэба было кідаць праз металічную штуковіну, на якой звычайна выбівалі дываны, лыжы з загадкавым словам Telehany.
Замілаванне выклікала і шчырае захапленне маленькай гераіні песняй Газманава пра путану, якая падавалася ёй загадкавай дзяўчынай. І невядома чаго ў той было больш: дзяўчыны ці “ночной бабочки”, якой ніхто не можа дапамагчы, бо ніхто не вінаваты.
Вольга не ідэалізуе той час толькі таму, што на яго прыпала такая прыемная светлая пара ў жыцці чалавека — дзяцінства.
Магчыма, вас таксама гэтая кніга падштурхне да своеасаблівай інвентарызацыі ўспамінаў з дзяцінства. Вельмі раю гэтую кнігу ў якасці прыемнага занятку на вечар.
Рукавічкі на гумцы — здзек з чалавечай прыроды, гэта вечнае мулянне на спіне і ўздоўж рук, прыкры напамін пра тое, што ты нічога не рашаеш у сваім жыцці.
Неспадзявана хутка прачытаўся новы раман Вольгі Гапеевай, літаральна за два прысесты. І справа не толькі ў тым, што ён невялікага памеру, які ўвогуле не выклікае асацыяцый з раманнай формай. Мяне ўразіў стыль аўтаркі, шчырае, нязмушанае пісьмо, якое ўтварае ўражанне, што гераіні рамана вельмі важна выказацца тут і зараз. А выказваецца яна пра сваё дзяцінства, дакладней пра вузлавыя моманты дашкольнага і малодшага школьнага перыядаў, якія прыпалі на апошнія гады існавання СССР. Аналагічны этап майго дзяцінства прыйшоўся гадоў на 6-7 пазней, калі грамадска-палітычныя абставіны былі ўжо зусім іншымі, але многія старонкі кнігі аказаліся сугучнымі маім уласным успамінам. Таму працэс чытання быў так падобны да размовы з лешай сяброўкай дзяцінства, з якой вас развёў лёс, але вось вы сустрэліся і цяпер можна нагаварыцца ўволю, падзяліцца тымі перажываннямі, на канкрэтызацыю якіх не хапала рэсурсаў у не надта свядомым ўзросце.
Кніга не адрозніваецца хранікальнасцю, інтэнсіўнай падзейнасцю. На мой погляд, не мае асаблівага значэння і паслядоўнасць успамінаў: з адной карціны аўтарка раптам пераходзіць на іншую, потым вяртаецца. І кожны з эпізодаў адгукаецца ў памяці гераіні развагамі пра тое, як ён паўплываў на станаўленне яе асобы. Так, у главе “Самы лепшы падарунак” Вольга Гапеева ўспамінае, як да кожнага свята на ўроках майстравання ці малявання дзеці рыхтавалі падарункі сваімі рукамі:
Дзіўнаватая, канешне, сітуацыя: думаеш, што робіш падарунак, але не забываешся і пра тое, што гэта заданне і што ты атрымаеш за яго адзнаку, а потым з веданнем гэтай адзнакі табе давядзецца дарыць гэты шэдэўр маме.
Такі, здавалася б, нязначны момант з жыцця дзіцяці прыводзіць да разваг гераіні пра творчасць і гуманнасць, пра самакрытыку і прызнанне тваіх дасягненняў блізкімі, пра падазронае стаўленне да любых праяў пахвалы. Шыкоўны металёвы канструктар, які быў гендарнай прывілеяй хлопчыкаў у садку і пачатковай школе, але так захапляў маленькую Волю Гапееву, выклікае думкі пра стэрэатыпнасць ў выхаванні дзяцей рознага полу, забарону на дэманстрацыю пачуццяў і абразлівае таўро “цялячыя нежнасці”. Некаторыя назіранні і развагі аўтаркі падаюцца вельмі нечаканымі, але такімі пераканальнымі, што з імі адразу хочацца пагадзіцца. Напрыклад, пра рукавічкі на гумцы, якія Вольга Гапеева лічыць здзекам з чалавечай прыроды:
гэта вечнае мулянне на спіне і ўздоўж рук, прыкры напамін пра тое, што ты нічога не рашаеш ў сваім жыцці.
Мне да такой усвядомленасці было вельмі далёка ў свае 6-8 гадоў і нічога крыўднага ў такіх рукавічках я не бачыла. Але цяпер мне здаецца, што па-іншаму і нельга адносіцца да такога грубага парушэння асабістых межаў дзіцяці.
У кнізе не адчуваецца тугі аўтаркі па часах дзяцінства, ніякай ідэалізацыі, светлага суму. З большага ўсе ўспаміны звязаныя з крызіснымі момантамі, пэўнымі заганамі ў савецкіх падыходах да выхавання дзяцей бацькамі, бабулямі-дзядулямі, настаўнікамі, грамадствам. Але мяне яна ўсё ж прымусіла панастальгіраваць. Праўда, настальгія была з адценнем радасці ад таго, што маёй дачцэ можна паплакаць, яе можна шкадаваць, ёй можна гуляць у футбол і яна можа не пакідаць чыстай талерку пасля вячэры.