Крывавыя санеты. Павал Орсаг Гвездаслаў (Міхась Скобла)

Крывавыя санеты. Павал Орсаг Гвездаслаў (Міхась Скобла)Толькі атрымаў у рукі, а ўжо стрэліла: “Хачу!”. Дыхтоўнае, выкананае бездакорна друкарскае выданне – вось такая кніга.

Шчыльная папера высокай якасці, прыемнага колеру. Выдатны друк. А яшчэ – размяшчэнне на развароце арыгінала верша і ягонага перакладу. Для знаўцаў славацкай мовы – проста падарунак. Бо ж гэта так захапляльна – ведаць дзве мовы і чытаць верш у арыгінале і перакладзе. Тут, не ведаючы славацкай, угадваючы сэнс колькіх слоў, не-не ды кінеш позірк на старонку побач… Плюс да ўсяго – шыкоўныя, трывожныя гравюры Душана Калая. Усё разам робіць выданне яшчэ і падарункавым. Калі сама кніга – твор мастацтва.

Прызнаюся, ніколі не пісаў водгукі на вершы. Вось не ўмею. Адчуваць паэзію – гэта адно, выказаць адчуванні – ужо іншае. Таму няхай замест маіх слоў прычытаеце частку ўдумлівага і глыбокага артыкула знаўцы. Адзначу хіба адно: майстэрства Міхася Скоблы, перакладчыка, не толькі ў захаванні санетнага радка etс, але вось што яшчэ заўважыў… Так, беларускія словы, беларускія быццам сказы, усё знаёмае, усё кранае. І разам з тым, разумееш: аўтар – не беларус. Вось умудрыўся перакладчык захаваць сапраўды дух радка, і ён так адчуваецца…

В. Г. 


Крывавыя санеты. Павал Орсаг Гвездаслаў (Міхась Скобла)Антываенны цыкл славацкага паэта Павала Орсага Гвездаслава (1849–1921) напісаны ў 1914 годзе і прысвечаны жахам і бедствам, якія прынесла еўрапейскім народам Першая сусветная вайна. 32 санеты сталі ўзорам стаўлення да тэмы вайны ў славацкай паэзіі часоў Другой сусветнай вайны. Вайна для Гвездаслава не прыватны гістарычны выпадак, а сусветная катастрофа. Тэксты публікуюцца на славацкай мове з паралельным перакладам на беларускую. Выданне адрасаванае ўсім аматарам еўрапейскай і ў яе кантэксце — славацкай паэзіі.

З анатацыі


Жывое дыханне Гвездаслававых твораў узнікае ў прасторы перасячэння і ўзаемнага суаднясення трох каштоўнасных сфер — індывідуальнай, нацыянальнай і агульначалавечай. Гвездаслаў фенаменальны, непаўторны, Цяжкі для чытання, складаны ў вобразнасць і шчодры ў сваім паэтычным выказванні. Таму Яго нельга чытаць хутка. Да яго думак варта прыслухацца, яго яркую вобразнасць трэба асэнсаваць, яго насычанае сэнсам і духоўнай працай слова неабходна заўважыць. I ўзбагаціць сябе духоўна, эстэтычна, эмацыйна, інтэлектуальна, творча.

У строгай велічнай размеранай форме санета пятраркаўскага тыпу паэт увасабляе усю бездань і жах узаемнага знішчэння народаў. Вопыт, мудрасць, назіральнасць, жарсць, веды, хрысціянская вера, інтэлект і логіка разам рэагуюць на грамадскую катастрофу, рэфлексуючы над усімі праявамі чалавека у паэце (гуманіст, адраджэнец, славак, славянін, грамадзянін, патрыёт, філосаф, вернік, адвакат, муж і шмат іншых). У санетах, прасякнутых гуманістычным пафасам, у суправаджэнні горкіх скептычных заўваг і гарачых абвінавачанняў, узнікаюць думкі, факты, вобразы, з’яўляюцца эмацыйныя моўныя рэакцыі, малітоўныя воклічы.

Санетнае запавольванне і акцэнтаванне звычайна палётнага і шыракаплыннага гвездаславаўскага выказвання — не фармальны, але канцэптуальна-сэнсавы прыём. Ён арганізуе іншыя вобразна-выяўленчыя сродкі, каб давесці да чытача дыялектыку навукі і рэлігіі, каштоўнасць людскога жыцця і унутранага свету чалавека, высокую вартасць кожнага народа, сілу славянства і самастойнасць кожнага славянскага народа.

У перакладзе М. Скоблы санеты не толькі гучаць, але, здаецца, і дыхаюць па-беларуску, застаючыся пры гэтым гвездаславаўскімі. У іх увасоблена беларуская мілагучнасць і вобразнасць. Вершаскладальнае майстэрства спалучаецца з увагай да славацкага тэксту і павагай да паэтычнага свету і канцэпцыі аўтара.

ВІКТОРЫЯ ЛЯШУК,

кандыдат філалагічных навук, прафесар кафедры славянскіх моў філасофскага факультэта Універсітэта Мацея Бела (г. Банска-Быстрыца, Славакія)

Пакінуць адказ