Кот Шпрот і… Ганна Янкута

Некалі даўно, як ужо звык казаць – у тым жыцці, на сустрэчы з калегамі-пісьменнікамі ў інстытуце літаратуразнаўства Акадэміі навук казаў пра галоўны мінус беларускай дзіцячай літаратуры – яна не мае кніг-серый. Ну, літаральна адзінкавыя аўтары і кнігі, і тое з вялікай нацяжкай іх можна параўнаць з тымі ж прыгодамі Пэтсана і Фіндуса, мамы Му… А хіба ж поспех названых кніг не ўключае ў сябе і доўгую, серыяльную гісторыю? Для мяне – безумоўна. Калі атрымаўся яркі і запамінальны герой, чытанне такіх кніг – як гульня, а добрая гульня заўсёды вымушае працягу.

Таму быў рады, калі Ганна Янкута пасля паспяховага выхаду напісала другую, а пазней і трэцюю кнігу пра ката Шпрота. Ужо сама назва кнігі прыцягвае ўвагу мянушкай ката: лёгка запамінаецца, выклікае добрую ўсмешку, вершаваная быццам і злёгку загадкавая. Удала выбрана лакацыя падзей – наш, сучасны горад. Кот запамінаецца сваім розумам, інтэлігентнасцю. Ён – асоба. Таямнічае жыццё парку абуджае фантазію і адначасова робіць саму ноч загадкавай, але не страшнай, што надта важна.

Зрэшты, поспех серыі сам кажа за сябе. Дзякуй Богу, ісціна пра серыі прыгод распаўсюдзілася па Беларусі, не выключаю, што і з-за папулярнасці ката Шпрота. Кажуць, столькі ўжо ўсяго напісана, як тут прыдумаць новага запамінальнага героя, але ж – магчымасці ёсць, а дзіцячага пісьменніка вылучае сярод іншых ягоная добрая фантазія. Добрая – не сэнсе паспяховая, а сэнсе свету і цяпла ў ёй.

В.Г.


Перыядычна знаёмлюся з творамі для дзяцей, каб быць у курсе навінак і ведаць, што параіць маленькім чытачам. На жаль, сучасная беларуская дзіцячая літаратура радуе мяне даволі рэдка, але вось, з’явіўся цудоўны кот Шпрот ад выдавецтва “Янушкевіч”. Адразу скажу, што да коцікаў я раўнадушная, таму тут не будзе “мімімі” і “сюсюсю”. Але ілюстрацыі ў кнізе даволі прывабныя (мастачка Лілія Давыдоўская), кот Шпрот атрымаўся такім арыстракратам, з хустачкай, павязанай на шыю.

Ці ведалі вы, што паркі атракцыёнаў жывуць двайным жыццём? Днём яны катаюць людзей, туды бацькі прыходзяць з дзецьмі, каб весела правесці час. А ноччу ў парку з’яўляюцца зусім іншыя наведвальнікі, напрыклад, мышы. Ім жа таксама хочацца павесяліцца і пакатацца на амерыканскіх горках ды іншых атракцыёнах, а незаўважна для людзей гэта можна рабіць толькі ноччу. І вось аднойчы ўночы на адным з атракцыёнаў зніклі тры мышы. Весткі гэтыя скалыхнулі жывёльны свет і даляцелі да ката Шпрота, які жыве недалёка ад парка Чалюскінцаў. Разам з мясцовымі духамі ён вырашае расследаваць гэтае незвычайнае здарэнне.

Тэкст даволі дынамічны, атрымалася містычна-дэтэктыўная гісторыя, якую цудоўна чытаць у цёплы дзень, калі можна ўзяць з сабой кнігу і паехаць у парк. Там сесці на лавачку і пачытаць разам з дзецьмі пра прыгоды ката Шпрота, а потым пакатацца на тых загадкавых атракцыёнах, на якіх знікаюць мышы. Для тых, хто не вельмі ўяўляе, што гэта за парк Чалюскінцаў, на форзацах размешчаная ілюстраваная мапа парка і ваколіцаў. Цікава, што помнік Калініну на гэтай мапе атрымаў назву “Безыменны помнік”.

Вялікі шрыфт, яркія каляровыя ілюстрацыі, крэйдаваная папера, фармат набліжаны да А4. Цудоўнае чытанне гадоў з 4, нічым не горш за папулярных цяпер Фіндуса і Пэтсана.

Зірніце ўважліва на свайго ката. Можа і ён хавае ад вас нейкія таямніцы? Напрыклад, сяброўства з духамі.

А пакуль вакол ціха, людзі спяць і думаюць, што за вокнамі нічога не адбываецца. Ну і хай сабе думаюць. Мы цяпер ведаем, што ўсё ў гэтым горадзе трошкі не такое, якім здаецца на першы погляд.


xbohx


Мне 26, а я з нецярпеннем чакала выхаду гэтай кнігі, каб далей знаёміцца з прыгодамі ката Шпрота, прывідаў і мышэй. Магія, няйначай.

Ганна Янкута напісала другую кнігу пра мінскага ката Шпрота, які з хлопчыкам Алесем і яго бацькам жыве на завулку Калініна. Кот ён незвычайны, бо сябруе з прывідамі і дапамагае мышам разгадваць розныя загадкі.

Гэтым разам мышка Піп зрабіла чарцёж, паводле якога мышы змогуць пабудаваць сабе сапраўдны мышамабіль, з якім лягчэй і хутчэй можна будзе перасоўвацца па тэрыторыі сада. Мышамабіль быў сабраны і надзейна схаваны, і толькі мышы сабраліся паказаць яго Шпроту, як убачылі, што на месцы машыны засталася толькі кучка леташняга лісця…

Калі першая кніга была больш містычная, то гэтая — сапраўдны дэтэктыў, у якім ёсць злачынства, якое Шпрот павінен выкрыць.

Найлепш гэтую кнігу чытаць на месцы падзей: наведаць Батанічны сад, прайсціся па алеях арэха маньчжурскага і клёна серабрыстага, зазірнуць у аранжарэю, пасядзець у альтанцы і пафантазіраваць, дзе ж маглі хавацца мышыныя дамкі і мышамабіль. У такой вандроўцы дапаможа мапа, якая хаваецца на форзацах кнігі.

Таксама вельмі цікава будзе разам з дзецьмі разглядаць цудоўныя ілюстрацыі Ліліі Давыдоўскай і прыдумляць, якія прыгоды маглі б напаткаць ката Шпрота яшчэ. Вельмі раю кнігу дзецям гадоў ад 6.


xbohx

 

Пакінуць адказ