Кніга Здольных. Нашчадкі агрыяў. Святлана Аўдзейчык

Кніга Здольных. Нашчадкі агрыяў. Святлана АўдзейчыкПадлеткавае фэнтэзі айчыннай вытворчасці і найвышэйшай якасці. Тут усё як мае быць: добра прапрацаваная легенда і персанажы, сакрэты, чароўныя артэфакты, злодзеі, якія палююць на артэфакты. У кнізе шмат падлеткаў, бо ў загадкавым горадзе-дзяржаве Ларборы існуюць дзве школы – Аквіла і Серпента, – якія традыцыйна і шматгадова варагуюць. Вучням, вакол якіх пераважна і разгортваецца сюжэт, 15-16 гадоў. Яны сябруюць, жартуюць і кпяць адзін з аднаго, зайздросцяць і спаборнічаюць. Ну і кахаюць, вядома, куды ж у 16 гадоў без кахання: першага, нязграбнага, поўнага непаразуменняў. Будзьце гатовыя, што пачынаць чытанне можа быць няпроста, бо стасункі паміж жыхарамі Ларбора даволі заблытаныя. Там ёсць здольныя, ёсць ЗАРы, ёсць бездары, пустэльнікі і пронгі. Ёсць галоўная кніга – Спадчына, ёсць Дэркус – бог, які калісьці падарыў ларбарэйцам здольнасці, але сышоў ад іх. А яшчэ ёсць дзіэны і Сакрум. Карацей, трэба прызвычаіцца, але яно таго вартае.

Аловак


Знішчаць агрыяў — справа гонару для ларбарэйцаў. Напаўзабыты сёння лозунг ведаў ці не кожны ў Ларборы. Не толькі ведаў, але і выконваў. І цяпер праклятага адгалінавання здольных няма.

Іх знішчылі сотні гадоў таму, і нават сама думка, што Дэркус даверыў разгадку Сакрума нашчадку агрыяў, успрымаецца як здзек.

А вось толькі што, калі чуткі — праўда? І агрыі не зніклі, а жывуць сярод ларбарэйцаў? Раптам праўда і тое, што яны не вырадкі, як сведчыць гісторыя? Быццам узбуджаны вулей, віруе Ларбор: у кожным завуголлі пляткараць пра агрыяў і распаўсюджваюць чуткі пра арла — прадвесніка вяртання Дэркуса.

Яго бачылі ўжо шматкроць. Горцы патрабуюць перапахаваць чэрап містычнай пачвары, якую знайшлі падчас пошукаў двух навучэнцаў, што зваліліся ў прорву. Небяспека абвалаў прымусіла Оптымум закрыць шахты па здабычы міраіту, і бездары пагражаюць разрабаваць старажытныя могілкі здольных.

А кола пронгаў тым часам пашыраецца: нават тыя, каго лічылі самымі дасканалымі прыхільнікамі Дэркуса, ператвараюцца ў пачвар.

technalohija.publisher


Калі Вы ці Ваш падлетак любіць фэнтэзі, то абавязкова прачытайце гэтыя кнігі!🔥 Серыя заяўлена як трылогія, але пакуль выйшлі толькі 2 часткі. З вялікім нецярпеннем чакаю на 3-ю 🙏.

Калі я чытала гэтыя гісторыі, то ўвесь час здзіўлялася надзвычай багатай фантазіі аўтаркі Святланы Аўдзейчык – прыдумаць цэлы сусвет са сваімі законамі і правіламі, супольнасцямі і кастамі, прыладамі і рэчамі💪! І, вядома, запоўніць яго невераемнай магіяй! 💖

Аповед вельмі добра пабудаваны і структураваны, увесь час трымае чытача ў напружанні і жаданні хутчэй даведацца, а што далей. Шмат розных персанажаў з існуючымі і прыдуманымі імёнамі – гэта можа стацца складаным для чытача, асабліва спачатку. Прызнаюся, што я блыталася, калі аўтарка называла нейкага героя па імені, а потым раптам па прозвішчы, і я тады: А хто гэта? 🤪 Хаця па меркаванню іншых чытачоў, ніякай блытаніны няма.

Галоўныя героі трылогіі – падлеткі 15-16 год, іх бацькі і настаўнікі. Тут і пра ўзаемаадносіны паміж падлеткамі, і пра школьнае жыццё, і пра каханне. Але таксама шмат увагі надаецца гісторыі і сучасным праблемам грамадства краіны Ларбор і яе суседзяў.

Таксама мне вельмі спадабалася ўвага да дэталяў: ландшафт, прырода, адзенне, жыллё, транспарт – усё так падрабязна і маляўніча апісана, што вельмі жыва ўяўляеш, нібыта кінастужку глядзіш. Дарэчы, зняць бы фільм па кнізе, быў бы агонь🔥

Трэба яшчэ заўважыць, што ў кнізе шмат прыдуманых слоў для розных фэнтэзійных прадметаў, прылад, паняццяў, інш., што маляўніча ўзбагачае прыдуманы аўтаркай сусвет💖.

Пра змест кніг спойлерыць не буду, толькі скажу, што сюжэт вельмі цікавы, незвычайны, дынамічны. Увесь час трымаецца інтрыга🌟.

Кнігі ёсць у бібліятэках Беларусі. Таксама можна набыць на букіністычных сайтах і адпаведных аддзелах кнігарняў.

❓❓❓Калі чыталі гэтыя кнігі, падзяліцеся сваім меркаваннем, ці спадабалася? А можа валодаеце інфармацыяй, калі выйдзе 3-я частка?

natalia_maslinka.

 

Пакінуць адказ