Камякі. Алесь Стружко

Камякі. Алесь СтружкоУмоўна-канцэптуальная, падзеленая на часткі “Восень”, “Зіма”, “Вясна”, не падобна, што кніжка пісалася як цэльны твор. Усё-ткі гэта менавіта зборнік вершаў розных часоў, настрояў, станаў. Але, тым не менш, ужо ў фармаце зборніка, такая структура не выглядае недарэчнай і бессэнсоўнай. Прынамсі, знайсці сабе верш пад настрой даволі проста.

Проста яшчэ і тасу, што самі вершы вельмі настраёвыя. Вельмі атмасферныя. І вельмі незвычайныя. А таксама – асэнсаваныя, што не можа не радаваць тых, хто шукае ў мазках словамі думку.

Думкі тут ёсць. Яны заключаныя ў абалонку са словаў і вобразаў і раскрываюцца чытачу ў адмераны, адлічаны, дакладна вывераны аўтарам момант. І за гэта – паклон пану Алесю. Ён не мыліць і не размывае, ён не накідвае паўценяў і не пакідае чытача ў неразуменні, што гэта было і навошта. Ён выкрышталізоўвае асноўнае і ў патрэбны момант кідае гэты крышталь у чытача, адным сказам робячы ясным і зразумелым сказанае, праясняючы ўсё, што хацеў данесці.

І вобразы… Варта адзначыць, з імі Стружко гуляецца па-майстэрску. Яны сакавітыя, выразныя, часта – нечаканыя і, што асабліва прыемна, не заезджаныя. Хаця часта даволі…. Мммм… Не аптымістычныя. Наогул, аптымізму ў “Камяках” няшмат. Але, з іншага боку, агульны настрой хутчэй жыццесцвярджальны, недарма апошні раздзел – Вясна. Хочацца правесці паралель з сонечнымі промнямі, якія там-сям працінаюць зацягнуты цяжкімі хмарамі небасхіл і тым самам дэманструючы, што сонца – яно тут, ёсць. Дорачы надзею і веру ў лепшае. У тое, што змрок адыдзе. Што ён – яшчэ не ўсё. Што гэтае шэрае і страшнае, цяжкое і гнятлівае лёгка пранізваецца бязважкім лязом святла.

А яшчэ… Ух, якія тут гульні форм і фарматаў… Часам пра тое, што гэта наогул верш, кажа адно толькі нейкая рытмічнасць, якая прысутнічае нязменна. І аніразу не ўзнікае сумневаў у тым, што перад намі менавіта паэтычны зборнік.

Карацей, чытаць цікава нават з пазіцыі “а так наогул можна?” І, магчыма, калі знаўцаў паэзіі не здзівіш і гэтым, бо яны чаго толькі ні пабачылі, то сярэднестатыстычнаму чытачу тут цікавостка на кожнай старонцы. Гэта той яшчэ вам PinkFloyd.

Так што вердыкт: раім як нешта незвычайнае, вельмі атмасфернае, псіхадэлічнае і нечарнушнае. І калі паэзія ў яе класічных формах вас не цікавіць, але хочацца часам нечага гэткага – магчыма, менавіта “Камякі” вашую прагу задаволяць. Пану Алесю Стружко –  рэспект. Адкрыць яго для сябе асабіста было болей чым прыемна.

Cudoǔnia.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме