Першая кніга, перавыданне якой хочацца адзначыць на сайце. І раблю гэта з задавальненнем па той прычыне, што на фоне той безгустоўнасці і адкрытага графаманства, якім на 80 адсоткаў запоўнены аддзелы кнігарняў з дзіцячай літаратурай, гэта – калядная казка, гэта – цёплая мова, цудоўная гісторыя і сапраўднае чараўніцтва. Радуе, што ёсць такая пісьменніца, цешыць, што перавыдаюцца такія кнігі. Бо гэта значыць, што “прыцэл не збіты” – мамы і таты разам са сваімі дзецьмі тонка адчуваюць талент пісьменніцы.
В. Г.
Кніга “Каляды з хроснай”, якая была выдадзена амаль 20 гадоў таму, застаецца актуальнай і запатрабаванай. Колькі разоў кніга перавыдавалася і на якія мовы была перакладзена? Хто з мастакоў ілюстраваў казачную гісторыю? Ці шмат у казцы аўтабіяграфічнага? Якая ўлюбёная сямейная страва абавязкова будзе на калядным стале пісьменніцы? Якія цуды можа зрабіць звычайны чалавек? Ці важна чалавеку марыць? Казачніца Алена Масла расказвае гісторыю напісання кнігі, разважае пра чароўны час чакання Божага Нараджэння
Люблю ў сваім 7-гадовым сыне (апроч рознага іншага, вядома😁), што для яго няма праблемы ў чытанні кніг пра дзяўчатак. Пры ўсёй хлапчуковасці, спартовасці і схільнасці да туалетных жартаў (дзякуй табе, школа!) самыя любімыя кнігі ў яго – пра дзяўчат. Не салодкіх прынцэс у ружовым, але пра Ёрдзіс, Піпі, Роню, Марту, Шэбеставу, Лену з кніжак Марыі Пар👌Не, я не маю ілюзій, што гэта назаўсёды, але спадзяюся, што пра дзяўчат мы яшчэ пачытаем.
🎄 “Каляды з хроснай” – цёплая святочная чытанка, у якой поўна цудаў. Маленькіх, зусім ручных і хатніх цудаў. Дзяўчынка Віка вымушана пераязджае да бабулі з дзядулем, бо мама не дае рады адначасова з працай і гадаваннем Вікі, а тата цяпер працуе вельмі далёка і прыязджае рэдка. У горадзе застаецца хросная Вікі, па якой дзяўчынка сумуе. Але перад самымі Калядамі, з-за хваробы ўсіх дарослых, яна едзе ў госці да хроснай.
🌃 Хросная жыве ў самым высокім доме ў горадзе на самым апошнім паверсе. З ёю і вакол яе адбываецца шмат незвычайнага. Ды і сама хросная, як хутка разумее Віка, умее чараваць. Пакуль дзяўчынка гасцюе ў хроснай, яны паспяваюць сфатаграфаваць анёла, назбіраць знічак у торбачку, зляпіць снежнага Пегаса і шмат усяго іншага.
✨ Магчыма, больш скептычныя дзеці паставіліся б да такіх цудаў падазрона, але Захар адразу выбраў верыць і слухаў з цікаўнасцю. Праўда, і тэхнічных падрабязнасцяў патрабаваў: колькі канкрэтна паверхаў было ў доме хроснай, ці не было ім халодна, калі хросная замяніла дах вялікім парасонам-купалам і як быў арганізаваны гарналыжны курорт, калі дом заваліла снегам 😁
👨🏻 У кнізе ёсць некалькі важных размоў. Адна з іх – пра веру ў Дзеда Мароза і цуды. Я бачыла, як Захар увесь выцягнуўся струною, калі слухаў. І заўважыла, што быў задаволены адказамі хроснай.
📍”Я вось даўно не дзіця, а Дзед Мароз кожны Новы год наведваецца да мяне. Таму я асцерагаюся нават гаварыць, быццам яго не існуе. А раптам ён пакрыўдзіцца і не прыйдзе!”