Казік з Каменнай Горкі. Алесь Кудрыцкі

Яна прыйшла да мяне сама, бо я не чула пра гэтую кніжку, пакуль мне не прапанавала пачытаць мая знаёмая. Дзіцячыя кніжкі я люблю, тым больш на роднай мове, таму з задавальненнем пагадзілася.

Першае, што хочацца адзначыць – цудоўнае выданне. У лепшых традыцыях выдаўца, дарэчы. Прыгожая і прыемная навобмацак вокладка, стылёвыя форзацы. Мапа схаванага горада, пра які ідзе гаворка, і добры шрыфт – усё каб прывабіць і дзетак, і дарослых. Беларуская мова сучасная і арганічная.

Мне вельмі спадабалася гісторыя – захапляльная! Цікава было сачыць за прыгодамі Казіка і яго новымі сябрамі. Класна прапісаны Схаваны горад і яго жыхары – дзякуючы аўтару, яго лёгка ўявіць нават мне, чалавеку з не вельмі добрай фантазіяй. А дзецям дык увогуле будзе, дзе разгуляцца!
Кожны герой жывёльнага свету напачатку гаворыць са сваім дыялектам-адценнем і гэта дапамагае яго пазнаць. А якія імёны – Добрусь, Брумзя, Скандаліна Бізуніцкая🔥

У аўтара @kudrytski на старонцы ёсць спасылка і там можна глянуць, дзе набыць кніжку. Дарэчы, не толькі ў Беларусі. А набыць сваім дзеткам я вельмі раю. Але не зусім маленькім, канешне.

presnyakova_book


Як усе добрыя дзіцячыя кнігі, Казік з Каменнай Горкі прапануе слой для дарослых. Выдатная гісторыя пра Схаваны Горад антрапаморфных звяроў і адначасова павучальная гісторыя пра тое, як нараджаецца дыктатура.
Вельмі моцнае ўражанне пакінуў мост Трох Чарапах і іх прароцтва.
“Жыве Схаваны Горад! Слава Казіку і яго сябрам!”

Leniwa Wenus


Гэта казачная гісторыя пра хлопчыка Казіка, які дзякуючы высілкам мамы пераходзіць з простай менскай школы на Каменнай горцы ў гімназію нумар 777 у цэнтры горада. У гімназіі яму не падабаецца, стасункі з аднакласнікамі не ладзяцца, мама дні навылёт працуе, а хатні гадаванец – белы трусік Рэксік – уцякае. І тут праз збег абставінаў Казік адкрывае для сябе Схаваны горад, які існуе проста пад Менскам на берагах Нямігі. У гэтым горадзе жывуць звяры, якія сыйшлі з чалавечага свету, каб вольна жыць у сваім. Схаваны горад мае сваю інфраструктуру: транспарт, рэстарацыі і кафэ, школы. А яшчэ строгую забарону на наведванне яго людзей.

Кніга насычаная падзеямі: разам з Казікам чытачы паўдзельнічаюць ў спаборніцтве трох школ – Жалудовым турніры, раскрыюць таямніцу маленькага рагатага ведзьмака, выратуюць горад ад затаплення. У кнізе больш за 400 старонак, таму чытаць можна доўга і з асалодай.

ASADKA

2 thoughts on “Казік з Каменнай Горкі. Алесь Кудрыцкі

  1. Шчыра дзякую за ўзгадку кнігі стваральнікам сайта, а каментатарам – за водгукі!
    Калі ёсць магчымасць, то сярод водгукаў можна дадаць таксама агляд кнігі ў падкасце Bellit, адзін з самых грунтоўных прыкладаў аналізу кнігі:
    https://www.youtube.com/watch?v=LrTMu05VuHw&t=2s

  2. Няма за што асабліва дзякаваць) З падкастамі пакуль не вырашана – як іх размяшчаць, калі размяшчаць. Зрэшты, вы далі спасылку – хай застаецца, каму будзе цікава – пяройдзе.

Пакінуць адказ