Зорныя дзённікі. Станіслаў Лем (Марыя Пушкіна)

Зорныя дзённікі. Станіслаў Лем (Марыя Пушкіна)Кніга Лема пад назвай “Зорныя Дзённікі” выходзіла ў выдавецтвах “Янушкевіч” і “Галіяфы”. Аднак іх змест розны: у першым выпадку мы маем пераклад цыклу апавяданняў “Зорныя Дзённікі Іёна Тіхага”, а ў другім – раман “Футуралагічны кангрэс” і апавяданні з цыклу ўспамінаў героя. Сёння гаворка пра выданне Янушкевіча (пераклад з польскай Марыі Пушкінай).

Гэты цыкл я чытаў раней у рускім варыянце і быў у захапленні. Таму, купіўшы прыгожае выданне на роднай мове, прадчуваў асалоду. Але…

ЗАВЯЗКА: Іён Тіхі – касмічны Мюнхгаўзен, які вандруе па сусвету і шукае прыгоды, занатоўваючы іх у дзённік. Падазраюць, праўда, што прыгоды гэтыя – выключна плён яго нецвярозых фантазій 😀

📌 Давайце здагадаюся: вы ўжо пацягнуліся напісаць каментар, што правільна “Ціхі”, а не “Тіхі”. Такую недарэчнасць тлумачыць сам герой: “яго павінны былі зваць Ціхі, але натарыус меў дэфект вымаўлення і адчайна тэкаў”.

📌 Апавяданні ў Лема вельмі розныя: ад жартаўлівых гумарэсак да мудрагелістых роздумаў пра фундаментальныя рэчы. З сарказмам і іроніяй ён разважае пра праблемы быцця, троліць рэлігію, абвяргае агульнапрынятыя догмы і займаецца іншымі відамі інтэлектуальнага хуліганства. Аднак часта настолькі паглыбляецца ў свае развагі, што зразумець іх можна толькі жахнуўшы паўлітра 😀.

📌 Фантазія аўтара бязмежна: няма такога абсурду, які б не мог сустрэцца на старонках кнігі. Скончылася паліва ў адкрытым космасе? Не бяда – Іён бярэ бідон і ідзе пешшу на бліжэйшую планету. Надакучыў касмічны карабель? Можна ляцець на свежым паветры (толькі ногі засунуць унутр, каб не мерзлі).

📌 Перакладаць Лема – складаная справа, бо ён аматар гуляць словамі, утвараць дзіўныя спалучэнні, прыдумляць жартаўлівыя назвы і абрэвіятуры. А імёны? Бхгіз Гварндль, Пякоткальда Граўза і г.д. Здаецца, калі прачытаць гэта ўслых некалькі разоў, можна выклікаць духаў.

📌 На жаль, не магу сказаць, што пераклад атрымаўся ўдалым. Асноўная прэтэнзія – стыль тэксту. Няхай Лем і частуе нас філасофскімі развагамі, але загорнуты яны ў забаўляльную форму. Замест гэтага ў беларускім варыянце мы сустракаем навуковы тэкст з масай канцылярызмаў і тэрмінаў. Замест таго, каб атрымліваць асалоду, прыходзіцца прадзірацца скрозь нагрувашчванне складаных і малазразумелых канструкцый.

📌 Нечакана ўразіла вялікая колькасць памылак друку ды проста некарэктных фармулёвак (тыпу “увесь час падчас праверкі”). Вядома, нішто не бывае ідэальным, але падобных хібаў тут столькі, што немагчыма не заўважаць.

🏆 АДЗНАКА: 6 🌰 з 10.

Роздум пра фундаментальныя пытанні, загорнуты ў касмічна-прыгодніцкую вокладку. Нягледзячы на пытанні да перакладу, раю пачытаць.

homa_bellit

 

Пакінуць адказ