Злавіць матылька. Мікола Арахоўскі

Злавіць матылька. Мікола АрахоўскіКніга ўключае творы Міколы Арахоўскага — таленавітага драматурга, мастака, чалавека з драматычным лёсам, які больш за 20 гадоў быў прыкаваны да ложка, аднак выявіў свае шматгранныя здольнасці ў драматургіі, прозе, жывапісе, чаканцы, выпальванні па дрэве, праявіў магутны дух, распавядаючы ў сваіх творах пра набалелыя праблемы ў жыцці чалавека і грамадства, адстойваючы найлепшае ў чалавеку: Годнасць, Спагаду, Любоў.

(з анатацыі)

Прызнаюся, чытанне п’ес для мяне – яшчэ тое выпрабаванне са школьных часоў. Хоць, чаго хаваць, сам спрабаваў пісаць. Спадчына ж Міколы Арахоўскага якраз у ягоных п’есах. Мяркую, мне пашанцавала ў тым сэнсе, што разумныя людзі задоўга да мяне ацанілі якасць напісанага аўтарам і выказаліся:

Ягоныя п’есы хоць і няпроста ішлі да тэатральных пастановак, аднак паступова гледачы ды крытыкі ўбачаць новыя тэндэнцыі, новыя эстэтычныя якасці і падыходы ў яго творах, адзначаць Міколу Арахоўскага як аднаго з прадстаўнікоў мадэрнісцкай плыні ў беларускай драматургіі. Пятро Васючэнка, аналізуючы драматургічную творчасць 1980–1990 гадоў, адзначыць, што «сінтэз традыцыйнага і эксперыментальнага найлепш удаўся драматургу Міколу Арахоўскаму». У ягоных п’есах галоўнай праблемай становіцца ўнутранае «Я» чалавека, сапраўднае і фальшывае, праблема маральнага разбурэння асобы, дэградацыя чалавека ў сучасным свеце.

Марыя НОВІК.

Яшчэ адно прызнанне: я не ведаў пра такога беларускага аўтара, хіба чуў похапкам. Таму мне было цікава, вядома, пачытаць і зразумець…

Па сённяшнім часе драматургія і проза Арахоўскага наўрад ці выклічуць вялікае ўзрушэнне. Кожнай эпосе – сваё пісанне, Мікола Арахоўскі быў чалавекам свайго часу. Ён працаваў на зломе светапоглядаў – якраз тады пачалося: перабудова, галоснасць, Гарбачоў… І творчасць ягоная носіць выразны сацыяльны характар, Арахоўскі даследуе чалавека, абставіны, у якіх ён мусіць жыць ці нават выжываць. Апавяданне “Жоўты пясок”, якое я і выбраў напачатку для глыбейшага знаёмства з аўтарам, – карцінка з натуры, з задушлівай, часам невыноснай атмасферай бездапаможнасці і нават адчаю.

Прыемная, досыць прапрацаваная мова, яскравыя дыялогі. Карацей, тут пытанняў няма. Што ж тычыцца сутнасці – яна трохі жахае. Бяздзейнасць галоўнага героя (і некаторых іншых), ягоная цвярозая інфантыльнасць і п’яная актыўнасць у поўнай меры перадаюць светаўспрыманне тагачасных нас, калі большасць плыла па цячэнні, а як адважвалася на нешта нейкае, дык хіба і праўда, адно пад чаркай ці ад поўнай ужо невыноснасці…

Не скажу, каб мяне ўразіла напісанае Арахоўскім – кніга мяне ўразіла сама па сабе. І яе стваральнікі выбралі найлепшы варыянт увекавечання спадчыны аўтара – яны змясцілі на старонках не толькі мастацкія творы, але і публіцыстычныя, а ў дадатак яшчэ і ліставанне. І вось тут адкрываецца ўжо нешта: цэлая эпоха і творца ў ёй.

Недзе і памылковыя высновы аўтара (з гледзішча сённяшняга часу) тым каштоўней, што яны – сапраўдныя, яны перадаюць надзеі і спадзяванні цэлага пакалення творцаў. Перад намі паўстае жывы чалавек са сваімі думкамі, разважаннямі, сумненнямі. Больш за тое, мы назіраем недзе пэўную трансфармацыю светапоглядаў, пераацэнку сваёй працы і працы іншых – падглядваем у творчую лабараторыю літаратара.

Факт выдання такой кнігі – гэта прадметны крок не толькі захавання нашай літаратурнай спадчыны, але і апрадмечванне перажытага, гісторыя грамадскіх і творчых працэсаў без купюр – праз прызму лёсу таленавітага чалавека, ягонымі вачыма, ягоным розумам і ягонай здольнасцю стварэння.

Раптам падумалася: а ці знойдзецца ў маіх сучаснікаў такая спадчына – маю на ўвазе эпісталярый і запісы ад рукі? Ці пішам мы каму лісты? І калі пішам тыя электронныя, дык хіба яны недзе захоўваюцца?

Верш Міколы Арахоўскага, які ідзе ніжай, стаіць напачатку кнігі. Не магу не змясціць яго тут. Калі нехта не захоча чытаць усю спадчыну аўтара, хай будзе чытаным як мага большай колькасцю нас гэты верш. Ад якога халадок па скуры…

…Паспрабавалі сказаць грузіну,
Што мова яго — сабачая,
І бліснуў грузінскі кінжал,
І пралілася кроў святататніка.
Калі беларусу сказалі тое ж,
Ён пачырванеў ад сораму… за сваю мову —
Мову Скарыны і Купалы,
Дзяржаўную мову Вялікага Княства Літоўскага.
Замыкаў штосьці, апраўдваючыся…
І рэчка Тураса, у назве якой рыкалі туры і зіхацелі росы,
Пацякла безыменным меліярацыйным ровам.
І зямля агалілася да мёртвага жоўтага пяску.
Гуляюць дзеці чалавечымі касцьмі…
Не ведаюць, што гэта косці іх продкаў
І што самі яны — нашчадкі,
Бо і слова такога ў іх няма.

В. Г.

One thought on “Злавіць матылька. Мікола Арахоўскі

Пакінуць адказ