Нам трэба – занатаваць цяперашні выгляд мейсца. Напісаць дзёньнік, які захавае вобразнасьць, эмацыйнасьць і зьменьлівасьць рэчаіснасьці.. У зборніку “Замова ўрбаністычная” маладая паэтка Вікторыя Трыфанава дакумэнтуе аблічча горада Менска, свае пачуцьці, сны і страхі, акумулюе вобразы сучаснасьці і ставіць іх пад пытаньне, карыстаючыся інтэлектуальнай оптыкай.
Трыфанава у зборніку засьведчвае наменклатурнасьць і бюракратычнасьць часу – неад’емная частка сусьвету зараз. У адным з першых тэкстаў зборніку “адказы” паэтка ня толькі знаёміць чытач:ак з лірычнай гераіняй, яе ўнутраным сьветам і перспектывай на жыцьцё, але і метафарычна апісвае рэчаіснасьць, у якой ёй даводзіцца існаваць: Перад смерцю трэба стаць у чаргу па візу ў Эдэм […] Смерць лепей сустракаць дома – яна вас знойдзе хутчэй па адрасе хатняй прапіскі.
Аўтарка нібы піша журналісцкі рэпартаж:
хвора-жоўтая фарба ў цемры ўсё роўна шэрая
на гэтай вуліцы я з пашпартам у кішэні
у ім рэгістрацыя: вуліца Лесі Украінкі
І ніводнага шанца на ўзаемнасць і выжыванне
Паэтка малюе партрэт грамадства, якое было створана гэтай рэчаіснасьцю, якое існуе ў гарадской прасторы. Вікторыя Трыфанава не адасабляе сябе ад грамадства: у яе падобныя патэрны паводзінаў і сьветапогляд, яна частка гэтых людзей, бо гадавалася ў гэтых умовах і іх проста так ня выкрэсьліш з жыцьця.
я чалавек просты
маці навучыла стаяць у чарзе
стаю.
Выхад з гэтага мейсца, з ягонай руціннасьці і смутку можна адшукаць у памылковасьці:
маім першым словам на “мове” было
свабода
толькі таму што не ўмела
слушна пісаць па-руску
У прасторы, дзе ўсё павінна быць скрупулёзна ідэальна, без вытырканьняў і па правілах нам трэба рабіць памылкі. Бо гэта прызнак чалавечнасьці. Людзі памыляюцца і гэта робіць іх людзьмі, якія злуюцца, сьмяюцца і плачуць.
Памылкі перасьледуюць нас і ў паўсядзённасьці. У нас часам, у адрозьненьні ад нашых матуль і бабуляў, не атрымліваецца з побытам:
(калі не даглядаць пральную машыну
яна таксама будзе капрызнай
пачне пакідаць вам вады больш чым трэба
недапрацоўваць замоўчваць ігнараваць)
Ці, напрыклад, у вершы “кветкам, якіх я не палівала”, дзяўчына праз неасьцярожнасьць і недастатковае дбаньне робіць кветкам балюча – яны паміраюць у яе на падваконьні. Але гэта настолькі натуральнае і блізкае, што не застаецца анічога, акрамя эмпатыі і да кветак, і да дзяўчыны.
Нам трэба – зрабіць усё наўпакі: выйсьці з поўдня на поўнач (супраць плыні ракі), з усходу на захад (так не заходзяць у храмы), прайсьціся брукаванкаю и цаглянай кладкаю (павярнуць час назад, сысьці ў гісторыю). “у трынаццаць змяніла імя і прозвішча” – досьвед, які Менску прыйшлося перажыць у 1939 годзе. Ці магу я пісаць гэта вось так проста, адухаўляючы Менск, робячы балючы досьвед зьмены ідэнтычнасьці маленькай дзяўчынкі і ягоным досьведам таксама? Горад пакідае адбітак на лёсах сваіх жыхар:ак і мы апынаемся ў варонцы гісторыі, намагаючыся адшукаць адказ ці яна рухаецца па коле ці па спіралі. Гісторыя з’яўляецца неад’емнай часткай паэтыкі Вікторыі Трыфанавай. Але яна не ўзьнікае ў тэкстах падзеямі, датамі або персаналіямі. Яна раскрываецца праз гісторыю сям’і і сваю ўласную гісторыю жыцьця. Так, паэзія Трыфанавай прасякнутая памежжам: білінгвальнасьцю ( жыць на дзве мовы ), вясковасьцю і урбаністычнасьцю ( хто ведае больш пра гісторыю? / жыхар горада / ці бабця з вёскі Лазавыя? ), тэрытарыяльнасьцю ( паміж тут і там / дыскурсіўная прорва / што ёсць ад нараджэння быць паміж? ). У выніку, яна не знаходзіць дакладных адказаў, губляецца ў самавызначэньні і застаецца ў памежжы. Сама паэтка ў гэтай кнізе – працэс. Шмат у чым зборнік “Замова ўрбаністычная” пра працэсуальнасьць і рух.
Дайсьці да мяжы, ці хаця б да Брэста, мы пераходзім з цотнага на няцотны бок, што не так з эскалатарам на Коласа / чаму ён такі кароткі. Пэрсанаж:кі вершаў часта ў падарожжы, фізічным і псіхалягічным. Вікторыя Трыфанава зьвяртаецца да ўспамінаў, намагаючыся аднавіць мінулую, зьніклую рэчаіснасьць.
“всегда можно запомнить только место, и никогда человека”, таму што мейсца ab initio мёртвае, а чалавек – працэс, яе/яго ніколі не захаваеш у памяці. Вікта Трыфанава спрабуе ў сваіх вершах зьняць пафас гістарычных часоў, гераізму і медыя. Яна вяртае нас да ўнутранага, да чалавечага, да натуральнага. Са звычайным жыцьцём і болем у часы, калі ад нас патрабуюць зашмат. У гэтым тэксьце мне хацелася выкаростоўваць займеньнік нам, нібы паэтка сапраўды выказваецца за нас усіх, трапіўшых у пастку, зацягнутых у віры жыцьця.
Нягледзячы на суворыя ўмовы, у Трыфанавай застаецца надзея на шчасьце, перанараджэньне і чаканьне цуда. У гэтым жаданьні шмат дзіцячага, сьветлага:
а як жа хочацца цуду
праглынуць костачку
кахання шчырага и бязмежнага
каб таго што ў маім сэрцы вырасце
хапіла на ўсё жыццё
Аўтарка агулам даволі часта сыходзіць ва ўспаміны, карыстаючыся вобразамі, якія засталіся зь ёй з дзяцінства. Праз гэта да вершаў хочацца падступацца з асаблівай асьцярожнасьцю і дбаньнем. Адчуваньне крохкасьці і слабасьці чалавечага насычае прастору паэтычнага Трыфанавай:
домой к семье
под первой звездой
я прощу всех и всёдля чуда не хватает только
трубочки
Нават пасьля ўсіх пакутаў і страхаў, лірычная гераіня вершаў, якую можна атаясаміць з самой аўтаркай, не губляе аптымізму і жыцьцесцьвярджальнасьці. І ёй вельмі хочацца верыць, калі яна кажа, што:
але вашым лісцем і веццем угноіцца глеба
то-бок усе ахвяры былі не дарма
з мёртвых цел прарвуцца парасткі новых палеткаў
жыццё працягваецца
смерці няма
senia stasiukevich.