Зборнік навел пісьменніцы Алены Вешторт “Жамяра” (Жаночыя гісторыі) прачытаў ад першага да апошняга радка, як некалі сказалі б – ад дошкі да дошкі.
Заўсёды прыемна чытаць тое, што захоўвае сінтаксічны лад нашай мовы, а ў творчасці А. Вешторт мяне якраз і ўсцешыла беларуская стылістычная складнасць.
Дарэчы, тэксты “пісьменнікаў”, якія не навучыліся будаваць фразу па-беларуску, кідаю ўжо на другой старонцы.
Дык вось, “Жамяра” – жывое пісьмо, цікавы змест, адметная кампазіцыя, інтрыгоўныя назвы твораў.
Адно ўжо тое, што жамяра (ці як сказала б мая маці: прэ́вэль!) мухі, пчолы, мурашкі, восы, камары, матылі, прусакі і г.д. дзейнічаюць у кнізе нароўні з людзьмі – і здзіўляе, і ўражвае.
А. Вешторт з уедлівай дакладнасцю расказвае пра сённяшніх маладых жанчын, сутнасць жыцця якіх “…лёгка ўбівацца ў чужую шкуру, нават асліную…”
А яшчэ кожнай такой неспакойнай жанчыне “…застаецца туліцца да плячэй бездапаможнага мужчыны ды імітаваць пачуцці і радасць…”
Наогул жа гераіня пісьменніцы шукае свайго каханага і мае характар, у якім станоўчае знікае ў адмоўным і наадварот – адмоўнае ў станоўчым.
Яна – клапатлівая маці і вынаходлівая палюбоўніца!
Яна цвяроза глядзіць на шчасце і гэтак жа цвяроза глядзіць на адсутнасць поспеху.
Умее і не баіцца працаваць; падарожжы і новыя знаёмствы ёй прыносяць асалоду.
Удумлівая разумніца, бо можа заўважыць: “…Гэта такая наканаванасць беларусаў. Кідаць сямейнае гняздо… Вырачыся мовы і звычаяў…”
Моцная, бо ў пэўны момант ёй стае сіл, молячыся ў сваёй гарадской кватэры на бабулін абраз, адмаліць, выпрасіць у Бога ратунак для сына, які з вельмі цяжкою хваробаю апынуўся ў бальніцы5.
Таццяна Пракопчанка напісала ў фэйсбуку, што ў зборніку “Жамяра”: “…па-мастацку яркія… вельмі ўдалыя вобразы…”
Гэта праўда.
Вобразы, якія стварыла А. Вешторт, пластычныя, запамінаецца і псіхалагічнае іх раскрыццё.
Мне спадабалася іронія аўтаркі, якой яна ўзнагародзіла замужніх кабет, што мелі ў жыцці ўсё, але “…усім ім чагосьці бракавала. Магчыма, сапраўдных праблем…”
А вось атэстацыя балаваных дзетак – яны “…нараджаліся са срэбнай лыжачкай у роце…”
А карціна спакою, роўная палітры Міхася Стральцова, зачароўвае: “…Лю́быя мае стагадовыя сосны, я дакранаюся да вашай шурпатай кары, каб адчуць сваю прыналежнасць да гэтага свету. А вы, калючыя кусты ажыны, ці не пачастуеце мяне апошнімі кіслымі ягадамі… “Пастараль”, – скажаце вы. “Якая пастараль, – хмыкну ў адказ, – тут не да пастаралі”. Бо трэба пільна глядзець пад ногі, каб не наступіць на гадзюку. І паглядаць на вершаліны сосен – а мо там і сапраўды хаваецца рысь. І гэта праўда. Але праўда й тое, што сіла і супакой роднай зямлі дазваляюць нікога не баяцца. Дазваляюць урэшце быць сабой…”
Не словы, а цуд!
А сонечная замалёўка “Знаёмства з Нараччу” (а яна завяршае кнігу!), здаецца, вартая школьнай праграмы па літаратуры.
А як маляўніча паказана азербайджанская кухня ў творы “Матыль”!
А. Вешторт шчодра дорыць фарбы, якім верыш; пісьменніца раз-пораз пакідае ў чытацкай памяці бачныя сказы: “…Нос-чаравік быў увогуле нейкі Гофманаўскі…” , або: “…што казаць пра характары, калі нават зубы ва ўсіх розныя…”
У кожным раздзеле кнігі ёсць тое, што прыцягвае ўвагу; нават і ў дробнай дэталі існуе свая шчымлівая нота: “…Котка кідалася насустрач, натыкалася на ногі, падскоквала і круцілася вакол лытак, як пухкая шкарпэтка…”
І вельмі далікатна вядзецца гаворка пра тое зразумелае пачуццёвае жаданне, якое так натуральна ўзнікае, калі мужчына і жанчына, што выпадкова сустрэліся, апынаюцца нарэшце на адзіноце.
Чытаеш і думаеш: праз якую хвіліну, вядома ж, іх аб’яднае грэшная радасць!
Логікі іншай, здаецца, і быць не можа!
Аднак грукае бубен гумарыстыкі, бо “…авадзень… джгнуў… у лытку. Струменьчык крыві быў адметным аздабленнем жарсці, што апанавала жанчыну гэтым спякотным днём. Мужчына нахіліўся, каб сагнаць куслівае паскудства… не ўтрымаў раўнавагі… Потым яны доўга шукалі яго акуляры, што ўпалі ў раку…”
Люблю гэткую прозу, у якой усё ў адным узоры – літаратурнае майстэрства, светлая ўсмешка, далікатны адлюстровак патаемнага і зразумелае расчараванне: вынік палюбоўнай уцехі бывае й такім!
Ёсць у аўтаркі іншыя сюжэтныя малюнкі пра імкненне да выпадковай уцехі (тое ж апавяданне “Прусакі”), але ў гэтых малюнках парушылася далікатнасць, – у іх сказана пра тое, пра што не варта гаварыць.
Гэтак жа з далікатнасцю сталася і ў навеле “Пчолка”.
Зрэшты, сюжэт “Пчолкі” вабны.
Грашавітая маладзіца масажыстка Сонька не можа папраць шкарпэткі мужу, а пазней, калі ўжо развялася, не дае яму бачыцца з родным дзіцём.
Такія сонькі любяць з ветру вяроўкі віць.
Лёс адпомсціў ненармальнай Соньцы, яна злюбілася з абыходлівым альфонсам Рамонкам, і гэты мілы ўтрыманец пусціў усю Соньчыну гатоўку на свае прывідныя бізнес-ідэі.
Можна сказаць, што ненавісны жанчыне мужчына – нібыта асобная тэма кнігі.
Іншы раз мужчына ўспрымаецца як матыль, якога можна змахнуць рукой, а яшчэ на мужчыну можна паплёўваць, а то і наогул зняважыць яго, як гэта паказана ў “Скарабеі”.
Проза А. Вешторт поўная зменлівага шчасця і зменлівага суму, нават болю.
Мне, чытачу, сапраўды балюча было даведацца пра кручаны лёс няшчаснай маладзіцы Галькі, якая марыць пра наколку на сцягне.
Гэтая непатрэбная татуіроўка, нібыта пачварны герб неўладкаванага жаночага жыцця!
У “Жамяры” ідэальнае – няўлоўнае, а жыццёвае, як у найбольш смешным фрагменце “Павук”, заўсёды акрэсленае.
А трывога, здаецца, страціла літаратурнасць, таму існуе адчувальнае на дотык бытаванне, якое іншы раз выпякае нутро, а найбольш сацыяльнае тое, што сюды-туды сноўдаюцца балбатухі, у якіх і клопаты свае, і нават мухі свае.
У гэтай новай для нашай прасторы кнізе знаходжу блізкія (нібыта сам напісаў!) развагі: “…Жыццё, напоўненае мроямі і спадзяваннямі, больш вартаснае…”
Знаходжу й тое, што не падабаецца, а не падабаюцца мне слоўцы і выразы сённяшняй цэлафанавай моды: “распавядаць” – заместа расказваць, “замова” – заместа заказ, “лузэр” – заместа няўдачнік, “класны” – заместа добры, цудоўны, “на лаванду падсела…”, а не: “…я люблю лаванду…”, або: “…мне падабаецца лаванда…” і г.д.
А наогул жа вельмі рады, што зборнік А. Вешторт “Жамяра” (Жаночыя гісторыі) прачытаў ад дошкі да дошкі!
Замовіць кнігу “Жамяра” можна тут: https://knihi.by/viestort-alena-zamiara