У літаратуры Сяргей Календа даўно. Першыя ягоныя кнігі неслі ў сябе адбітак захаплення аўтара замежнымі вядомымі пісьменнікамі, тое было заўважна. Але пакрысе выпрацаваўся свой стыль, сваё бачанне і пайшла “свая літаратура”. Няпроста выказацца адназначна пра творчасць Календы. Ягоныя творы – і сюррэалізм, і фантасмагорыя, і жорсткі рэалізм. “Дэкалог” – больш сюр. У анатацыі пазначана, што кніга – гэта дзесяць гісторый, напісаных паводле дзесяці Запаветаў у аўтарскай інтэрпрэтацыі. Прапануецца чытаць між радкоў, але ж у асобных месцах аўтар занадта прамалінейны, нават дыдактычны. Што яшчэ з прыкрага? Рэдактура кнігі жадае быць лепшай, без крыўд. Да прыкладу:
У туалет павалокся ссаць
Беларусы ссуць цыцку. А ў туалеце сцуць.
Далей тэхнічнае:
скрыжаванне ад вадароднага следу праляцелых самалётаў
інверсійны след. Ніякіх вадародных слядоў не бывае.
Ну і яшчэ спатыкаешся дзе-нідзе. Трохі крыўдна. “Тшчацільнее каб…”
Увогуле ж, для аматараў менавіта такога чытання – годная кніга. Многа неспадзяванак, якія казычуць нервы. Нечаканыя фіналы, хіба толькі адзін занадта банальны, там дзе “не пажадай жонкі брата свайго”. Хоць ідэя з валадаром жаданняў – бліскучая. Вельмі спадабалася сапраўдная фантасмагорыя з запаветам “не забівай”. Зрэшты, для сваёй інтэрпрэтацыі тым самых запаветаў Божых Календа прыдумляе неверагодныя, зусім нечаканыя гісторыі і сітуацыі. Сапраўдны сюр – у гісторыі “Вялікі кантралёр”. Тут поўна паўнамёкаў, адсылак, але гэта не постмадэрнізм. Зрэшты, можна палічыць гэта за хіб апавядання – трэба мець адмысловую базу ў выглядзе пражывання ў Беларусі ў пэўны перыяд для поўнага разумення.
Сяргей Календа дасягнуў свайго майстэрства ў пісьме, тое відавочна. У яго не проста свой пазнавальны стыль, але сваё бачання сябе ў ролі аўтара. Ён стварае свае мікра-космасы, закідваючы туды сваіх дзіўнаватых і дзікаватых герояў, якія пачынаюць жыць па новаствораным ім, аўтарам, маральных і этычных законах. Новых законах, падкрэслю. І ў гэтым таксама майстэрства Календы: ён не запазычвае сусветы, ён стварае свае, не паўтараючыся і не паўтараючы.
Календа – аўтар не надта вядомы ў чытацкім асяродку, упэўнены, хоць вядомы сярод пісьменнікаў сваёй працавітасцю. Пагугліце: і пісанне кніг, і праект “Макулатура”, іншыя. Варта прывесці кавалак з інтэрв’ю, якое некалі рабіла Марына Весялуха.
— Многія здзіўляюцца тваёй неймавернай працавітасці ў літаратуры. Як атрымліваецца так шмат пісаць, пры гэтым маючы іншы занятак у жыцці?
— Магчыма, гэта проста рыса характару. Апошнія некалькі гадоў я пішу менш, бо нікуды не спяшаюся. Сёння па-іншаму ўспрымаю сам працэс пісьма, спалучаю яго з працай і хобі. Магу ў галаве насіць часткі тэксту, што хачу напісаць, але чакаць адпаведнага моманту, калі тыдзень-два змагу папрацаваць над творам. Часам з’язджаю з Мінска, каб пісаць, або раблю сабе выхадныя на тыдзень. Мая праца стыліста-тэхнолага гэта дазваляе. Але ў той жа момант, калі ёсць ідэя, магу пісаць у розны час сутак пры розных знешніх абставінах. Напэўна, гэта звязана з тым, што і ў дзяцінстве, і ў юнацтве я не меў свайго кутка, дзе мог адасобіцца ад усіх, чытаць, таму навучыўся прыстасоўвацца да любых умоў. Не веру, што ёсць муза, якую трэба чакаць. Проста ёсць тое, што табе трэба выказаць, і калі яно з’яўляецца ў свядомасці, ты проста працуеш, нягледзячы на стому і знешнія абставіны. Гэта проста захапляе.
— У літаратурнай тусоўцы цябе хутчэй не любяць, не лічаць адметным творцам, часта крытыкуюць. Але ж чытачы з прыязнасцю прымаюць кожную новую кнігу, праект…
— Гэта сапраўды дзіўна. Магчыма, у мяне проста складаны характар ці мы з калегамі па цэху ўвогуле адно аднаго не разумеем (смяецца). У мяне ёсць сябры-пісьменнікі, якіх я цаню і якія для мяне з’яўляюцца самымі галоўнымі дарадцамі ў творчасці і па жыцці. Усяго астатняга, што адбываецца ў тусоўцы, я не ведаю. І добра, што не ведаю. Бо атрымліваю ад чытачоў шмат падзяк, цікавых ідэй, прапаноў, у нас ёсць камунікацыя. А пісьменнікі? Я ж не пішу дзеля таго, каб мяне палюбілі менавіта яны. У прынцыпе натуральна, што аўтары ставяцца адно да аднаго як да канкурэнтаў.
Проза Сяргея Календы – гэта проза не для кожнага чытача, трэба папярэдзіць. Але свае чытачы ў аўтара ёсць, і гэта прыемна. Бо піша Сяргей Календа адметна. Стварае сваё, пазнавальнае, абрабляе свой кавалак, як сказалі б некалі, літаратурнай нівы. І працуе добра.
І яшчэ момант. “Дэкалог” – не першая кніга Сяргея Календы, да якіх ён сам робіць ілюстрацыі.
В.Г.