Упэўненая, што такой кнігі вы яшчэ не чыталі 🙃 Так, яна вельмі незвычайная, але незвычайных кніг хапае. Гэтую кнігу напісала пісьменніца Бландзіна Франку з Бразіліі, а героі кнігі – з Беларусі, і значная частка падзей таксама адбываецца ў Беларусі.
📍І гэта не нейкая ўмоўная Беларусь, выбраная на мапе па прынцыпе “падалей і паэкзатычней для бразільскага чытача”. Не, тут ёсць канктрэтныя беларускія лакацыі, напрыклад, Друя. Як вам такое? 😉
🗾 Экзатычных мясцін тут, праўда, таксама хапае. Гэта і Аляска, і Тонга, і выспа Трыстан-дэ-Кунья ў Атлантычным акіяне. Героі будуць увесь час перасоўвацца паміж гэтымі кропкамі. “Дзяўчынка з Беларусі” з тых кніг, якія цікава (і трэба!) чытаць з мапай і, як мінімум, з Вікіпедыяй. Я, напрыклад, нічога не ведала пра Трыстан-да-Кунья і адзінае паселішча там, якое мае рамантычную назву Эдынбург-Сямі-Мораў. Пішуць, што гэта самае аддаленае паселішча ва ўсім свеце. Пачытайце пра яго, калі не ведаеце! Надзвычай цікава.
👵🏼 Героі ў кнізе таксама незвычайныя: тры бабулі, якія быццам сёстры, але не родныя. У іх – прыёмны сын. А пасля ў кнізе з’явяцца тры дзяўчынкі, якія ўжо будуць роднымі сёстрамі і іх возьмуць на гадаванне тыя тры бабулі. А яшчэ будзе мядзведзь, куніца, альбатроска і касатка.
📝 Але і гэта яшчэ не ўсё. У кнізе вельмі шмат аўтаркі. Ейны голас гучны, іранічны, настырны, а часам нават раздражняльны. Прынамсі, для дарослых чытачоў. Дзецям, мне падаецца, такое аўтарскае нахабства будзе даспадобы. Але калі вы плануеце чытаць кнігу без дзяцей, то лепей рабіць паўзы паміж раздзеламі (напрыклад, каб пагугліць чарговую цікавую мясціну), тады аўтарская манера хутчэй будзе весяліць, чым раздражняць.
👧🏼👦🏻 Кнігу можна чытаць разам з дзецьмі гадоў з 8, а для самастойнага чытання кніга падыйдзе дзецям 10+. Вядома, можна і раней, але тады не ўсё атрымаецца зразумець і ацаніць. Ну і некалькі смерцяў у гэтай кнізе таксама ёсць.
🎨 Ілюстрацыі да кнігі зрабіў муж аўтаркі, мастак Жузэ Карлус Лолу. Ілюстрацый шмат і яны таксама незвычайныя 🙂

