Дзе прыпынялася дарога. Казімір Камейша

Дзе прыпынялася дарога. Казімір КамейшаНовая кніга Казіміра Камейшы «Дзе прыпынялася дарога» прысвечана памяці яго бацькоў Ядзвігі Казіміраўны і Вікенція Антонавіча. Чаму так называецца, відаць з гэтага верша-эпіграфа: «Дзе прыпынялася дарога, // Ніколі смутку не было. // Там з неба, з воч самога Бога // Лілося райскае святло. // Праз шэпт кійкоў, // што дымам пахнуць, // З прыўсмехам думным і наўзгад // Вяртала проста ў рукі памяць //Старонкі дзіўных дзён і дат. // Дзе прыпынялася дарога, // Не знікла з памяці нічога…».

Дарога ж гэтая найперш прыпынялася на роднай яму Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Малыя Навікі, дзе нарадзіўся. Пасля вяла на Вялікія Навікі, Русакі, дзе вучыўся адпаведна спачатку ў пачатковай школе, потым у сямігодцы, а сярэднюю школу ўжо заканчваў у Дзераўной. Па адлегласці шляхі розныя былі. Дзе меншыя, дзе большыя, але аднолькавыя тым, што яны паступова, у той ці іншай ступені, паскаралі першы выхад пушчанскага хлопчыка ў самастойнае жыццё. Гэта была сцяжына, якая і вяла яго ў свет і людзі, таму цяпер, з вышыні пражытых гадоў, усведамляецца важнай. «Старонкі жыццяпісу», а такі падзагаловак у кнізе, і пачынаюцца раздзелам «Трыпціх адной дарогі».

Як і задумана, прозай яны, як і ўся кніга, напісаны, хоць зрэдку ў моўную тканіну аповеда ўкліньваюцца і паэтычныя радкі. Іх не так і шмат, але заўсёды да месца. У нечым удакладняюць тое, што дагэтуль поўнасцю не выказана, узнімаюць ступень суперажывання. Хоць і без іх адчуваеш, што ўсё сказанае — гэта проза паэта. Не буду рабіць паралелі, хоць дастаткова спыніцца на вопыце Янкі Сіпакова і Міхася Стральцова, якія ўпэўнена, па-майстэрску адчувалі сябе ў абодвух гэтых славесных стыхіях: прозе і паэзіі, каб пераканацца, што Казімір Камейша не горш за іх дасягае гэтага.

Напрошваецца параўнанне яшчэ з адным вядомым беларускім паэтам, які да прозы — менавіта да прозы як жанру, а не да ўспамінаў, — звярнуўся аднойчы. Гэты зварот мне вельмі падабаецца, але, як відаць з тэксту «Трыпціха адной дарогі», Казімір Вікенцьевіч бачыць у ім толькі жаданне таго паэта пісаць пад Міхаіла Прышвіна.

З гэтым ніяк не магу пагадзіцца, але разводзіць творчую дыскусію ў мае планы не ўваходзіць. Мая задача паказаць, чым адметная проза Казіміра Камейшы на прыкладзе яго «старонак жыццяпісу» «Дзе прыпынялася дарога».

Калі казаць коратка, уражанне прыемнае. Асабліва прымаючы пад увагу, што тое, аб чым расказвае ён у першым раздзеле, ды і ў наступным «Чорная скібка (Роздум пра хлеб)», хоць і яго асабістае, але ў нечым блізкае жыццю ўсяго пакалення, якое нарадзілася ў час вайны, ці адразу пасля яе. Аднак ёсць і адметнасць: яго малалецтва праходзіла там, дзе яшчэ нядаўна ўсе жылі «пад Польшчай». Гэтую адметнасць апавядальнік праўдзіва паказвае. Спасылаючыся не толькі на тое, што захавала дзіцячая памяць (яна магла зберагчы не ўсё), а і на вопыт пражытых гадоў.

Апошняе не менш важна, бо дае ўсяму, што адбывалася, новую падсветку, якая лішні раз пераконвае ў тым, наколькі важна не толькі, дзе чалавек нарадзіўся, а і тое, што з дзяцінства яго атачала, якія людзі былі побач. З удзячнасцю, прыязнасцю расказвае Казімір Вікенцьевіч пра бацькоў, родных, блізкіх людзей, настаўнікаў. Як і пра тое, як рана захапіўся кнігамі, вершы пачаў пісаць. Ды і пра сваё першае каханне — у каго яго не было.

Чытаеш, і не адпускае адна і тая ж думка: а калі б не было ў яго жыцці Малых Навікоў? Гаворка не пра саму назву вёскі, яна магла б і па-іншаму называцца, а той духоўны, маральны асяродак, які спадарожнічаў яму з маленства. Таму і сталі Малыя Навікі для яго Вялікімі Навікамі. Таксама не па назве вёскі, а як тая прастора, што, рана спасцігнутая, застаецца ў памяці назаўсёды. Засталося і тое, аб чым апавядаецца ў іншых раздзелах кнігі.

Адзін з іх называецца «Два запісы ў працоўнай кніжцы», дзе Казімір Вікенцьевіч дзеліцца ўражаннямі аб сваёй працы ў рэдакцыі часопіса «Полымя». Першы раз ён туды прыйшоў, калі галоўным рэдактарам быў Кастусь Кірэенка, другі — Мікола Мятліцкі. Дзякуючы аповеду нібы жывых бачыш не толькі Кастуся Кірэенку, Анатоля Вялюгіна, Івана Пташнікава. Назваў толькі тых, пра каго аўтар кнігі расказвае больш, чым пра іншых. Згадвае Казімір Вікенцьевіч добрым словам і загадчыка бібліятэкі «ЛіМа» Івана Паўлюкоўскага. Аднак больш за іншых піша пра Анатоля Вялюгіна. Памятаў і памятае «адмірала», бо назаўсёды застаўся ўдзячным карнетам, як казаў пра яго Анатоль Сцяпанавіч. Гэта і падстава для роздуму: а ці ўсе з нас памятаюць тых, хто некалі рабіў нам дабро?

Хто-хто, а Казімір Камейша не толькі памятае, а і знаходзіць добрыя словы, каб прыгадаць іх. Гэтай удзячнасцю прасякнуты і шмат якія старонкі ўспамінаў «Па літфондаўскай пуцёўцы». Для маладзейшых чытачоў удакладню: была некалі такая арганізацыя, якая пісьменнікам і кватэры размяркоўвала, і пуцёўкі для адпачынку давала. Ад такіх паездак не адмаўляўся і Казімір Камейша. Кожная вандроўка ва ўспамінах пазначана падраздзеламі: 1. Каралішчавічы; 2. Іслач; 3. Ялта; 4. Кактэбель; 5. Піцунда. У іх таксама шмат фактаў. З літаратурай звязаных і калялітаратурных, сур’ёзных і не надта.

Пражытае і перажытае ў новай кнізе Казіміра Камейшы непарыўна звязаныя. Здавалася б, паміж гэтымі двума паняццямі няма розніцы. Толькі з якога боку да іх падысці. Пражыць — тое, што наканавана табе Усявышнім. Перажыць ўсё — прапусціць праз сябе. Ды і так, каб яно ў нечым стала і тваім. Ёсць у Казіміра Вікенцьевіча яшчэ адна якасць, што даецца не кожнаму творцу. Нават тым, хто на пачатку сваёй мастакоўскай дарогі хораша заявіў аб сабе, што меў на ўвазе і Аляксандр Твардоўскі: «Талент — гэта тады, калі старасць яму не страшная. Не кожны, хто блісне між 20–30 гадамі <…> — талент». Казімір Камейша, несумненна, адносіцца да пісьменнікаў-«доўгажыхароў».

Алесь МАРЦІНОВІЧ.

 

Пакінуць адказ