Прысягаць на крыві, што напішу водгук мне не прыйшлося… Марыя Мартысевіч кніжку падарыла так. Але, як чалавек адказны, колькі словаў скажу. Тройчы пачынаў чытаць… і тройчы граз на першым тузіне старонак. Спачатку злаваўся, потым паду
маў, што гэта ня проста так. З якой такой радасці мне прыдумалася, што паэма павінна чытацца лёгка. І сапраўды… Аўтар, то бок Адам Міцкевіч, пісаў “Гражыну” стылізаванай пад старапольскую мову і зрабіць пераклад не ўлічваючы гэтай асаблівасці паэмы, было б, як мінімум, дзіўнавата.
Цяпер беларускі чытач мае магчымасць пазнаёміцца з наваградскай легендай пра дзяўчыну-ваярку ў стылізацыі пад старабеларускую (тэрмін можаце выбраць свой, для мяне найменне не прынцыповае).
У раздзеле “Падзякі” Марыя аддае належнае “стылістычнай смеласці” паэтычнаму рэдактару перакладу Ігару Кулікову (трэба было насцярожыцца). Дзіва, што ад нечаканасці прабіцца праз тэкст з наскоку не атрымалася. І справа не толькі ў лексіцы, а ў нейкай дзіўнаватай густаце сказа, якую рассмакаваў толькі з сярэдзіны паэмы.
(праўда, было адчуванне, што якраз з сярэдзіны, чытача ўсё такі крыху пачалі шкадаваць – крыху).
І толькі на “Эпілогу выдаўца” далі глынуць звыклага паветра напоўніцу.
Можна было б паспрабаваць выбраць самыя характэрныя кавалкі, але пайду прасцейшым шляхам і пакажу ўступ паэмы ў розных перакладах каб вы маглі скласці самастойнае ўяўленне.
Адам Міцкевіч:
Coraz to ciemniéj, wiatr północny chłodzi,
Na dole tuman, a miesiąc wysoko,
Pośród krążącéj czarnych chmur powodzi
We mgle nie całe pokazował oko;
I świat był nakształt gmachu sklepionego,
A niebo nakształt sklepu ruchomego,
Xiężyc jak okno którędy dzień schodzi.
Марыя Мартысевіч:
Усё цямней. Паўночны вецер вые,
Туман унізе, маладзік высока
Ня ў змозе чэрнядзь хмараў зьдзерці з выі
Няпоўнае яўляў скрозь цемру вока;
І сьвет быў гмах, замураваны сьлепа,
Быў небасхіл адным рухомым склепам,
Вакном быў месяц – промні веснавыя.
Кастусь Цвірка:
Дзьмуў вецер з поўначы. Згушчаўся морак,
Туман па доле слаўся. Месяц плыў высока –
Ён толькі зрэдчас з неба цёмнага, без зорак,
Між чорных хмар сваё паказваў вока.
І свет увесь пад месяца мігценне
Бы плыў кудысь – як і нябёс скляпенне.
Сяргей Дзяргай:
Цемра ды вецер, ды стынь на абшары,
Доле — туман, а высока-высока,
У каламуці раз’юшанай хмары,
Месяц няпоўным паблісквае вокам;
Свет, нібы склеп, змураваны з камення,
/Неба ж над ім, як глухое скляпенне.
Цемра паўночная. Ранне далёка.
Пятро Бітэль:
Штораз цямней, праймае золкі вецер,
Туман ля споду, а ўгары высока
Між чорных хмараў у сівым прасвеце
Няпоўны месяц сонна жмурыў вока.
І свет здаваўся велічэзным гмахам,
А неба ў ім жывым скляпеннем-дахам,
А месяц тым акном, адкуль дзень свеціць.
і няхай будзе…
Арсений Тарковский:
Дул ветер — и холодный и сырой.
В долине — мгла. А месяц плыл высоко,
Средь круговерти чёрных туч порой
Ущербное показывая око.
Вечерний мир — как сводчатый чертог:
Вращающийся свод его поблёк.
И лишь окно чуть брезжит одиноко.
Неаднойчы адзначаў, што найлепш перакладчыкам даюцца творы блізкія ім самім, калі гэта не проста работа, але магчымасць выказаць нешта сваё.
І справа не ў перацягванні коўдры з Міцкевіча на Мартысевіч (чамусьці ўявіў сабе гэта літаральна)… а ў магчымасці працягнуць “сармацкую” тэму, якая так удала выйшла ў Марыі ў яе ўласнай паэме.
Такі сабе спін-оф… ці хутчэй прыквэл з напаўміфічнага сусвету ў якім зарыфмаваліся творамі два аўтары.
Пераказваць сюжэт ня мае сэнсу, людзі адукаваныя яго і так ведаюць, а такім як я… навошта лішнія спойлеры.
Твор дапоўнены гістарычнымі каментарыямі (як я зразумеў, упершыню перастворанымі на беларускай мове), каментарыямі перакладчыцы да каментароў, слоўнікам архаізмаў, якія ўжываліся ў паэме і эсэ-паслямоўем Марыі Мартысевіч.
У каментарах вельмі ўразіла гісторыя пахавання Кейстута (па Стрыйкоўскаму):
“Цела яго Скіргайла, брат Ягайлаў, у Вільню пачціва, водле княжага абычаю, перабавіў, а зладзіўшы вялікі стос з дроваў сухіх на Віленскім капішчы, водле звычаю бацькоўскга язычніцкага згатаваў усякія патрэбы для спалення цела; тамсама ўбраўшы яго ў шаты княжацкія, з шабляй, з кап’ём і з сайдаком, паклалі яго на стос дроваў, а пры ім слугу вернага жывога, каня найлепшага жвавага ў збруі, пару хартоў, сокалаў і выжлаў, кіпці рысі й мядзьведзя і трубу паляўнічую; потым учыніўшы багам модлы й ахвяры ды апяяўшы справы яго, якія за жыццьцё ўчыніў, запаліў ён стос дроваў смольны, і так усё цела згарэла; попел потым і косткі спаленыя браўшы, у труне пахавалі. Такім быў скон і пахаванне слаўнага князя Кейстута”.
У паслямоўі распавядаецца гісторыя стварэння перакладу, а таксама гісторыя самой паэмы ў бойкім, папулярным стылі Мартысевіч. Яно мо і не адпавядае агульнаму акадэмічнаму духу выдання, але, прынамсі, будзе прачытанае, у адрозненні ад большасці падобных артыкулаў. Розныя ракурсы і зададзеныя кантэксты раскрываюць прыхаваныя сэнсы паэмы… а яны там ёсць. І чытаць пра гэта сапраўды цікава. Тэкст напісаны з павагай да папярэднікаў (перакладчыкаў) і ўдзячнасцю судаследчыкам тэмы.
Калі казаць пра аўтарскую тэхналогію перакладу, то раю асаблівую ўвагу звярнуць на падтэму “Прынцыпы новага перакладу “Гражыны”, у якой дэталёва асвятляюцца задачы, якія ставіла перад сабой Марыя Мартысевіч і спосабы, якімі гэтыя задачы вырашаліся (архаізацыя – праз увядзенне паасобных словаў старапольскай мовы; рэгіяналізацыя – праз увядзенне беларускіх дыялектызмаў; спроба праз нагрувашчванне архаічнай лексікі захаваць сугестыю арагінала і г.д.)
Можна было б абысціся без высноў, але… Гэтае выданне каштоўнае не толькі тэкстам новага перакладу, а ўсёй кнігай цалкам.
Неяк так…