Крыўдна. Сорамна. Нават трохі гідка. Нечакана, вядома. Не зразумела: навошта? Каб пасля заявы аб тым, што ён тут – апошні пісьменнік, які чуе і бачыць, выдаць вось такое бачанне?
Бачанне, ад якога тхне нечым наўпрост непрыстойным.
Ці можа, гэта кніга – выклік?
Але – па парадку.
Мала гонару пісаць хоць чаго адмоўнага на кнігу калегі, ды
- статус абавязвае – як-ніяк за маёй спінай сайт водгукаў;
- мае думкі ніякім чынам не паўплываюць на шырокую аўдыторыю Віктара Марціновіча, якая склалася яшчэ ў чэргах на ягоных аўтограф-сесіях;
- мае думкі не могуць існаваць асобна ад мяне, такім чынам, усё тут ніжэй напісанае – вельмі асабістае стаўленне і не можа, у сваю чаргу, прэтэндаваць на бясспрэчную ісціну.
Спачатку
Асацыяцыя: быў некалі ў нас дзядзька, меў мянушку Братанскі. Працаваў калгасным пастухом. Тады статкі былі вялізныя, то па тры-пяць пастухоў было разам. Есці хто браў з сабой, а Братанскаму жонка насіла. Бо каб гарачае. Заўсёды – боршч, капуста ці шчавель у каструлі. Не поўную, мо на трэць. Бульбы яшчэ ці блінцоў-дранікаў, шкваркі ці якую катлету злепіць, сала салёнага, цыбулі зялёнай. Малака бутэльку. Хлеба, вядома ж. Сядалі пастухі абедаць. Братанскі лыжкай ламаў цёплыя катлеты на кавалкі, кідаў у боршч, туды ж крышыў аладкі, хлеб, цыбулю, заліваў малаком. Мяшаў і еў. На пытанне: “А навошта ты так?” нязменна адказваў: “Дык жа ўсё адно ў адну кішку!”
Вось Братанскі мне і паўстаў перад вачамі, калі пачаў я чытаць “Глыбіню”. Тут табе нейкі джуніяр з жандармам, тут – міліцыя і упраўленне унутраных спраў, тут старшыня нейкага выканкама, тут прыгонныя, губернатар, калежскі асэсар, вольная шляхта, імператар, федэралы, прыгонны фельчар, органы правапарадку. Яшчэ карчы, заліпоны, шампанскае “Удава Кліко”… Пра заліпон не ведаеце? Гэта тэлефон цяперашні. Але зараджаць яго трэба сваёй крывёй. Рэальна, праз шпрыц. Чаму заліпон – не пытайцеся.
Тут змешана ўсё, што аўтар мог змяшаць у выпадку пераўтварэння звычайнай краіны ў нейкі кавалак імперыі невядомых часоў. Яно мо і апраўдана: ад апакаліпсісу мінула 15 гадоў, не ўсё старое з галоў выветрылася, але які сэнс самому аўтару цягнуць словы з розных эпох у тэкст – не ведаю. І няпраўда, яны не дапамагаюць стварыць атмасферу.
Гэта першы унутраны супраціў перад тэкстам.
Другі супраціў – імёны герояў.
Вітайце галоўнага героя (ГГ) – Вацлава Ластоўскага. Былы філолаг, цяпер – жандар, ці следчы, ці яшчэ нехта там у міліцыі (паліцыі, жандармерыі).
Галоўны герой Глыбіні (апазіцыі) – таварыш Чэ. Прадказальна? Яшчэ, прыкладам, – Томаш Грыневіч: “У Другой Рэспубліцы займаў пасады губернатара Менскай вобласці; міністра прамысловасці і тэхналогій; намесніка прэм’ер-міністра. Падчас Беспарадкаў здзейсніў здраду Радзіме”.
Ну іншыя прозвішчы трапляюцца. Вядомыя і скарыстаныя аўтарам так, як яму захацелася.
Трэці. Подпісы раздзелаў на іншаземнай мове. Кшталту
How deep the rabbit hole goes
ці
The Queen’s Croquet Ground
Увогуле, у тэксце трохі ангельскага ці французскага. Без перакладу. Таму чытач, які моў гэтых рэальна не ведае, чытаючы кнігу, мае шыкоўную магчымасць адчуць сваю цёмную неадукаванасць.
Мова
Мне спадабалася. Што праўда, не ведаю, чыёй тут заслугі больш: аўтара ці рэдактара і перакладчыка. Так, тут і там з тэксту тырчаць вушы аўтаматычнага перакладу з расейскай:
І хадзі ты зразумей
Пальцамі дзвюх далоняў
два гатункі начных шатуноў
гатункі французскіх перакладаў з Дантэ
генератар мадуляваных гукавых хістанняў…
Ёсць абзацы, старонкі вельмі ўдалыя па сваёй эмацыйнай напоўненасці, ёсць – цікавыя і дасціпныя месцы старонняга назіральніка і аналітыка, кшталту:
Падпольны складнік нацыянальнага характару раскрываецца пры дзвюх абставінах:
а) калі чалавек збіраецца ў грыбы;
б) калі ў непраглядную ноч селянін выходзіць паблукаць па дарогах без асвятлення.
…Існуе два гатункі начных шатуноў, якія вылазяць на дарогі ў прыцемках.
1б) камуфляжны пешы дурань;
2б) камуфляжны дурань на лісапедзе.
Вось такія аналізы часам цікава чытаць, калі яны да месца, раскрываюць нейкі бок жыцця ці характару. А вось калі пасля навіны пра смерць жонкі ГГ ідзе ачышчаць машыну ад снегу і раптам на колькі старонак ідзе класіфікаванне занясення аўтамабіля снегам ці лёдам, паводзіны уладальнікаў пры гэтым, спосабы ачысткі – тут прабачце…
Ёсць цудоўныя месцы пра туман і дарогу, вельмі шчымлівыя – пра Мінск, лірычна-рамантычныя – пра Парыж… Няма сумневу, аўтар валодае дастатковым майстэрствам, каб стварыць атмасферны, жывы тэкст. І не толькі лірычны – вунь пра паяданне вустрыц такі, што хваля гідлівасці падступіла да горла. Умее аўтар, тое не адмовіш.
Матчастка
Твор – постапакаліпсіс. То бок, фантастыка. Усякая фантастыка павінна быць праўдзівай. Абапірацца на факты, хай сабе і яшчэ не зробленых, адкрыццяў.
Такім чынам, два светы. Адзін на паверхні, другі – у глыбіні на месцы Мінску. Ну, Мінск сышоў пад зямлю. Такая тэхналогія з’явілася ў не згодных з дзяржаўным ладам, яны і апусцілі Мінск пад зямлю разам з людзьмі, якія не схацелі жыць пры дзейснай уладзе. І гэта першы момант. А як падзялілі людзей? Як дзялілі эканоміку? Ужо не кажу пра сам факт апускання пад зямлю горада, ад якога так патыхае старадаўнімі легендамі пра нейкую царкву з вёскай, як факт не фантастычны, але фэнтэзійны, чаго побач з апакаліптычнымі тэмамі блізка быць не павінна.
Але. Пад зямлёй – росквіт тэхналогій і ўсяго іншага. Поўная дэмакратыя, абарона правоў чалавека і ўсякага жыцця ўвогуле.
Месца, дзе стаяў Мінск, абнесена сцяной.
Дзяржаўныя СМІ на паверхні пішуць пра тое, што Мінск разбураны 100-мегатоннай бомбай, якую на Мінск і навялі нязгодныя.
Цяпер – увага – запамінайце: ад той катастрофы не мінула і 20 гадоў. ГГ помніць Мінск, ён любіў гэта горад.
І вось сёння, ён, жывучы на зямлі, не помніць, што існавалі тэлефоны, якія зараджаліся электратокам.
На зямлі – стагнацыя эканомікі. Але: тут прыдумалі тэлефоны, якія працуюць наўпрост на крыві чалавека – заліпоны.
На зямлі яшчэ ездзяць старыя аўто (карчы), свайго ніц не прыдумалі.
Яшчэ моманты.
…Сцяна вакол Мінску, якая тут ахоўваецца, тут раптам – не, і праз яе льга праехаць.
…Акумулятары, якім столькі ўвагі ў тэксце, імкліва разраджаюцца на вулічным холадзе, а ў цяпле самі па сабе адыходзяць (акумулятар разраджаецца якраз падчас высокай тэмпературы, а “садзіцца” ён пры запуску аўто на марозе зусім па іншай прычыне і сам па сабе ніяк у цяпле не адыходзіць, даруйце за занудства)
…Валун “Дзед”, на якім раптам з’явілася ахвярная пляцоўка і там змаглі ўмясціцца два забітыя целы (ніхто не бачыў “Дзеда”?).
…ГГ не помніць узрыву тэрмаядзернай бомбы. Яго ніхто не помніць. Ніхто не бачыў. (Узрыў удвая меншай па магутнасці бомбы ў СССР быў бачны за 1000 км, шкло выбівала ў вокнах за 500 км.)
Што праўда, мае ж сумненні пазней даводзіць ГГ і ягоная спадарожніца, але: няўжо на зямлі ўвогуле не засталося разумных?
Цяпер пра лічбы
А колькі насельніцтва ў рэспубліцы было ў тыя часы? Не памятаеце, Зайчык? Дык я падкажу! Дзесяць мільёнаў! Два з якіх — у сталіцы! Горадзе-героі Менску! А колькі цяпер насельніцтва ў тым, што засталося ад рэспублікі? А? Два мільёны, як кажуць афіцыйна?
А вось пра цяперашні Мінск:
«Вялікі Менск» цягнецца да чацвёртай кальцавой у межах Смалявічы-Дзяржынск-Маладзечна. У ім — сорак мільёнаў.
— Уся краіна была ў чатыры разы меншая!
— Насельніцтва вельмі імкліва расло, — кажа яна…
Тут трэ страсянуць галавой і перачытаць. 20 гадоў таму Мінск сышоў пад зямлю. У ім было два мільёны. Цяпер – сорак. Слухайце, з якой хуткасцю трэба пладзіцца, каб за адно пакаленне лік людзей вырас у 20 разоў?
Усе гэтыя месцы не я адзначыў спецыяльна – гэта мая галава, у якой ёсць яшчэ кропкі крытычнага мыслення, упарцілася і не хацела верыць у падобныя моманты.
Ёсць яшчэ РУУС – раённае упраўленне унтураных спраў, але якраз у раёнах існуюць аддзелы, а не ўпраўленні – РАУС.
Усякіх іншых месцаў пералічваць не буду. Адно зазначу: вельмі крыўдна, калі аўтар піша і думае, што сярод ягоных чытачоў не знойдзецца больш-менш дасведчанага чалавека ці то ў фізіцы, ці то ў этнаграфіі, ці то такога, які проста сябруе з логікай і ўмее лічыць.
У падземным свеце адкрылі спосабы перамяшчэння праз сцены. Праз прастору. Наземны свет можа піць напоі сусветных брэндаў. І разам – ніякіх быццам кантактаў. Санкцыі, забароны…
Карацей, вось такое існаванне дзвюх розных сістэм падалося мне надзвычай хісткім, унутраныя сувязі не прагледжваюцца ніяк, канструкцыя трымаецца на вядомым “і так сойдзе” .
Ідэя
Пісаў ужо ў ФБ пра ябашак – так наземныя жыхары завуць падземнікаў. Нябачныя – нябашкі-ябашкі. Было непрыемна, усе разумеюць, з якога ляку аўтар прыдумаў такое слова.
Але то быў толькі пачатак.
Як вы зразумелі, на зямлі – імперыя і імператар. А пад зямлёй? Выключная дэмакратыя і кіраўніца – Маці Інтэндантка.
На зямлі: норавы прыгоннага права. Спаліць вёску? Ды калі ласка, без праблем. Што, там адзін чалавек застаўся ў хаце і згарэў? Сам вінаваты: не выйшаў. А заходзіць нам нельга было: не мелі права на вобшук.
Пад зямлёй: пацукі і прусакі вольна паводзяцца на вуліцах і ў шыкоўных люксах. Вынішчыць іх нельга, бо прусакі надта жывучыя, дый увогуле:
Да таго ж мы не лічым мэтазгодным вынішчаць усё жывое, гэтых грызуноў — яны ж маюць права на існаванне побач з намі. Такая гарадская праграма не будзе ўхвалена грамадскай думкай, бо яна не экалагічная і бесчалавечная
На глыбіні няма відэаканторолю:
Нам проста не хочацца, каб за намі ўвесь час падглядалі. Гэта прынізліва і дыскамфортна.
І ў той жа час тэхналогія дазваляе падземнікам бачыць жыццё на зямлі, мінчане сочаць за жыццём ГГ, ён – герой мемаў у сеціве. І трошкі больш за тое. У ГГ – смяротна хворая жонка. Не хацелася б прыводзіць такую вялікую цытату, але – чытайце:
Глыбіня даўно і выдатна ведае яе дыягназ. Гэта любімая тэма нашай бульварнай прэсы. Усе з вялікім інтарэсам сочаць за прагрэсам яе хваробы, абмяркоўваюць дэталі, ёсць нават мабільнае прыкладанне з прагнозам яе даты смерці і магчымасцю замовіць шампанскага загадзя. Хочаш, я зараз адкрыю, зазірну? Не? А можа, цікава пабачыць таталізатар, зрабіць стаўку на дакладную дату ці час? Таксама не? Чаго крывішся? А ведаеш, чаму так? Не таму, што людзі на Глыбіні нейкія жорсткія. Што не маюць літасці. Проста ім прыемна бачыць у гэтым карму. Ці Боскую кару, калі хочаш! Дачка, адзіная і любімая дачка чалавека, адказнага за тое, што імперыя ўтрымлівае людзей у цемрашальстве, канае ад хваробы, якая тут лечыцца двума ўколамі.
Па шчырасці, мне не хацелася чытаць далей, вось пасля гэтага кавалку. Чыста прафесійна працягнуў.
Пра сэкс, які тут кшталту дэсерту.
Пра роспачны крык міліцыянта ад бездапаможнасці, ад поўнага разумення становішча і безвыходнасці – і імгненны шматмільённы і шматгранны здзек з гэтай роспачы там, пад зямлёй у сацсетках. Ягоную роспач запісалі, тыражуюць, дзеляць на эпізоды…
Пра бясконцыя пагулянкі на вуліцах. Пра наркотыкі. Пра манеру стасункаў у тых падземнікаў:
— Гэты скуф мяне хосціць? — успыхвае агрэсіяй барыста.
вывальваецца купа п’яных падлеткаў. Адзін з іх кідаецца да Вацлава: вочы чырвоныя, губы слізкія, нахабны і настойлівы: «Скібідзі ўа-па-па, як ты падобны да таго мянта з Аркастана! Давай сэлфанёмся!»
Мне не хочацца абмяркоўваць тое, якім Віктар Марціновіч намаляваў грамадства, што захацела жыць без імперыі. Бо гідка.
Фінал – ён увогуле феерычны.
Але – ніколечкі не здзіўляе. Такім і павінен быць па задуме аўтара (не буду спойлерыць).
І калі ў анонсе кнігі пісалі пра нейкія шляхі, які нібыта шукае аўтар, то гэта – няпраўда. Аўтар стварыў гімн праславутай “загадкавай славянскай душы”, скажу так. І заслугоўвае прэмію якога-небудзь “Славянскага адзінства душ”…
Пра герояў
Таварыш Чэ, апісаны як лідар мільёнаў, аўтар новай канцэпцыі вяртання на зямлю, у двух эпізодах уяўляе сабой дурнаватага падлетка з канцэпцыяй “Пакарай, пасля даруй” і такімі ж падлеткавымі, наіўнымі ідэямі абуджэння дзвюх светаў.
Спадарожніца ГГ ў падземны Мінск – ужо 60-гадовая бабуля, якая амаладзілася з дапамогай тэхналогій, напачатку разумніца і таленавітая, урэшце проста кантрабандыстка, якая сумуе па сэксу.
Што тычыцца ГГ, тут Віктар Марціновіч прымяніў цікавы ход: ён хавае ад нас думкі ГГ, ягоныя ўчынкі часам падаюцца нам абсалютна нелагічнымі, няма знаёмай нам псіхалагічнай абгрунтаванасці. Так, іншым разам прарвецца нешта эмацыйнае (больш – у адносінах да жонкі), але цалкам ГГ, ягоная сутнасць, ягоныя задумы раскрываюцца толькі на апошніх старонках.
І тут аўтару дапамагае абраны ім стыль пісьма – раман напісаны мовай сцэнарыя. Герой кажа, бярэ, садзіцца, едзе – у такім часе няма месца для выказвання думак. Ну так, мы чакалі нейкай эвалюцыі свядомасці пасля розных нечаканых адкрыццяў, як да таго мы прывыклі.
Але – аўтар мае права.
І, як кажуць, вішанька на торце, без якой не абысціся, хоць гэта, лічы, спойлер.
Дык вось, Мінск у сорак мільёнаў падземнікаў. Тэхналогія, пры якой можна на вечар са спіртным паставіць сабе новую печань, замяніць усякі састарэлы орган – практычнае бяссмерце. І тут…
Удар наносіць сама прырода: падземнікі не могуць нараджаць дзяцей. Ніхто не ведае чаму і задачу не вырашыць ніяк. Хіба толькі жанчыны могуць нарадзіць ад мужчын-наземнікаў. Маўчу пра тое, як з двух стала 40 мільёнаў. Помніце ж? Але прапусцім. Аўтар кажа наўпрост: прырода паўстала супраць во такога супер-дэмакратычнага грамадства.
І ён мае права так казаць. Бо ён аўтар, яму дазволена.
Можа, і сапраўды, гэта кніга – выклік.
Але каму і чаму?
І цалкам магчыма, што я не маю рацыі.
В. Г.

