Гвалт. Аляксандр Чарнуха

Гвалт. Аляксандр ЧарнухаПрачытала ўжо даўно, але ўсё не магла сфармуляваць, што я хачу і магу сказаць пра кнігу.

📕 Мне яна хутчэй не спадабалася, чым спадабалася. Альбо: спадабалася значна меней за “Свінняў”. Аляксандр Чарнуха адразу казаў, што кніга будзе іншай і дакладна не будзе смешнай. То бок быццам бы і папярэдзіў, але не параўноўваць зусім – немагчыма.

📝 У гэтай кнізе ўсяго менш, чым у папярэдняй: жвавасці альбо нейкай нязмушанасці тэкста, глыбіні і прапрацаванасці ідэй. Усё быццам крыху па вярхах і наспех. Але гвалту ў “Гвалце” напраўду больш, чым у “Свіннях”. Ён не тое, каб нейкі жудасны і жахлівы (бываюць значна больш жахлівыя кнігі), але гэтыя гісторыі сапраўды робяць ці намагаюцца зрабіць чытачу непрыемна і балюча.

🎨 Аднак прачытала я кнігу хутка, і чытаецца яна лёгка. Да таго ж файна аформленая, і пэўнае эстэцкае задавальненне я атрымала: і ад выразнай вокладкі, і ад ілюстрацый, і ад паперы, і ад афармлення тэкста.

🧶 У кнізе 10 апавяданняў, яны быццам і розныя, але праз пэўны час пасля прачытання адчуваю, што ўражанне ад іх засталося прыкладна аднолькавае, нішто асабліва не выбіваецца з агульнай масы. Героі ў апавяданнях розныя, толькі ў першым мы сустрэнемся з тымі, хто нам ужо знаёмы па “Свіннях”. Усе падзеі адбываюцца ў Беларусі, хіба што адно – па-за нейкай фізічнай прасторай, хутчэй у галаве героя.

🤷🏻‍♀️ У некаторых гісторыях мне не хапіла выразнага фінала. Напрыклад, у гісторыі пра вёску Коцікі, дзе спачатку адчувальна нагняталася атмасфера, і падавалася, што мусіць быць нейкая таямніца, а скончылася апавяданне амаль бела і пухната. Ад гісторыі пра супрацоўніка сілавых структур, які робіць сабе крылы, павеяла даўно чытаным і знаёмым. І найбольш, напэўна, уразіла гісторыя пра клінераў, якіх ты можаш выклікаць да чалавека, камунікацыя з якім табе некамфортная.

📌 Карацей, магчыма, я проста чакала зашмат ад кнігі. Настойліва раіць не магу, але і адгаворваць не буду.

kniznyja_razmovy.

 

Пакінуць адказ