Гасцініца “Бельгія”. Ганна Севярынец

Гасцініца “Бельгія”. Ганна Севярынец

Гэта — і я б не сказаў пра ніякую кнігу такога — кніга, якая вандруе са мной ужо некалькі год з таго моманту, як я яе прачытаў.

Калі я ўпершыню разгарнуў яе, хаця, слушней сказаць, адчыніў файл гэтай кнігі — я зьдзівіўся. Мне прыйшло шукаць імёны амаль усіх дзеячаў там. Прычым прозьвішчы, якія я нібыта ведаю — Дудар, Чарот, Дубоўка…

Я нібыта іх ведаю, але не магу прыгадаць, хто яны і што я чуў. Але ня ведаў я найбольш істотнага — расстраляныя. Забітыя і забытыя.

І мне вельмі спадабалася, што гэтая кніга ўзнаўляе тыя самыя падзеі адраджэньня 1920-х гадоў, напэўна найяскравейшай хвалі, і падзеі пасьля, якія пакінулі найгоршы адбітак на нашае культуры ў найноўшы час.

Я пазнаёміўся праз гэтую кнігу шмат з чым, мне адкрыўся сьвет гэрояў, я пачаў цікавіцца іхняй творчасьцю з таго часу. Як цешыўся я, калі пазнаваў прыканцы некаторыя падзеі з таго часу.

Мне запала, як захапляльна аўтарка піша пра іх, як у канцы твора яна выстаўляе ўвесь трагізм новай эпохі і зьнішчэньне той самай Гасьцініцы “Бэльгіі”.

Жанр гэтага твору, як сама вызначае аўтарка — “гістарычны раман, найвышэйшы жанр прозы”. Прычым, як добра ў Ганны Севярынец тут яднаецца дакументалістыка і жанр раману!

Калі вы хочаце даведацца пра беларускае Адраджэньне 1920-х, або цікавіцеся гэтай тэмай, або проста любіце жанр гісторыі ў літаратуры — я б сказаў, вам варта пачытаць гэтую кнігу.

Anon.


З’яўленне гэтай кнігі для мяне было прагназаваным. Бо перад «Гасцініцай «Бельгія» выйшла кніга Ганны Севярынец «Ён і пра яго» пра Уладзіміра Дубоўку, а таксама том выбраных твораў Алеся Дудара, які ўклала Ганна. Балазе, менавіта яна адшукала прыватны архіў Алеся Дудара, які, як высветлілася, цярпліва чакаў свайго даследчыка ў Мінску ў нашчадкаў паэта. Такім чынам пісьменніца была настолькі набрынялая, працуючы ў архівах і бібліятэках, гэтым бурлівым і трагічным часам – 20-30-ыя гады мінулага стагоддзя – што не магла не падзяліцца гэтым у мастацкой форме ў асобнай кнізе.

У новым рамане Ганны Севярынец апавядаецца пра літаратурнае жыццё Беларусі 20-х – першай паловы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Сярод галоўных герояў – паэты Алесь Дудар і Уладзімір Дубоўка. У рамане практычна няма мастацкага вымыслу, твор пабудаваны на архіўных дакументах, газетных матэрыялах таго часу, успамінах сведкаў, гэпэушных справах.

Прачытаўшы “Гасцініцу “Бельгія”, маё ўяўленне пра той час набыло канчатковае акрэсленне і дэталёвую прамалёўку. Але ніякіх зменаў успрымання і ацэнак таго часу і яго герояў не адбылося.

І тая спантанная і інтуітыўная думка, якая ў мяне нарадзілася яшчэ напачатку 90-х, умацавалася. Пра непазбежнасць паўставання карпаратыўнай сітуацыі, калі літаратура ствараецца пры кантролі і ўдзеле дзяржавы, калі літаратура робіцца “з аднаго катла”.

Захапляюся тым імпэтам і гарэннем, з якім Ганна рабіла гэтую кнігу. Цяпер той час актуалізаваўся і стаў больш зразумелым. Ганна вярнула яго ў цяперашні літаратурны канктэкст. Прынамсі зразумелым стаў канфлікт Дудара і Дубоўкі і прычыны “нараджэння” Тодара Глыбоцкага.

Я крыху інакш успрымаю некаторых герояў таго часу, напрыклад, Язэпа Пушчу, які добра намаляваны ва ўспамінах Яна Скрыгана. Але, я так разумею, ён быў у “Бельгіі” “спадарожным героем”. І мне сімпатычны ўчынак Міколы Нікановіча, які пайшоў вызваляць у ГПУ сваіх сяброў Таўбіна і Астапенку ў 1933-м. Пайшоў і не вярнуўся. То-бок кніга ўтрымлівае толькі асобныя малюнкі і гісторыі з літаратурнага жыцця Беларусі таго часу, пераважна датычныя Алеся Дудара і Уладзіміра Дубоўкі. Можа цэнтральныя і найбольш значныя, але ж вельмі шмат засталося па-за кадрам. Гэта зачыць, магчымыя новыя і новыя кнігі пра той бурлівы і трагічны час. Час, калі нараджалася нашая сучасная беларуская літаратура.

Torvald5


З даўніх часоў мяне цікавіла, чаму многія аўтары, калі пачынаюць пісаць кнігі пра сапраўдныя дакументальныя падзеі, пра знакамітых і не вельмі знакамітых, але рэальных людзей, ператвараюць свае творы ў мастацкія. Чаму ў іх не атрымліваецца застацца ў плыні літаратуры нон-фікшн? І, здаецца, твор Ганны Севярынец (Anna Severinets) “Гасцініца “Бельгія”” калі не адказаў на маё пытанне, дык зрабіў нейкі намёк.

Сапраўды, кніга распавядае аб тым, што называюць “беларускай Атлантыдай”, аб тым культурным і мастацкім пласце нацыянальнага жыцця, які цаклам згінуў, або трапіў у нябыт. Але як падкова даруе шанцаванне нават таму, хто ў яе не верыць, дык і мінулае ўздзейнічае на сучаснасць незалежна ад таго, асэнсоўваем мы гэта ці не.

Пачуцці, якія ў мяне выклікае не толькі гэта кніга, але і іншыя творы пані Ганны, гэта пачуцці Энея праз год пасля падзення Троі. Яшчэ адчуваеш смурод спаленага горада, яшчэ перад вачыма твары загінулых сяброў, але ўжо гэта ўсё сыходзіць у нябыт, бо жыццё працягваецца, і неабходна рушыць наперад, у новыя рэчаіснасці.

Пані Ганна, на маю думку, напісала свой твор недзе на мяжы геніяльнасці. І здолела распавесці пра такую жудасную тэму, бо страты заўсёды жудасныя для культуры, з павагай і любоўю да сваіх герояў і, галоўнае, да чытача. Я не здзіўлюся, калі праз пэўны, і мабыць вельмі кароткі, час гэты твор апынецца ў спісе класічных твораў беларускага свету і будзе знаходзіцца на той паліцы, якую будзе вырашана выратаваць і захаваць любым коштам.

Безумоўна я раю ўсім чытачам, якія прыслухоўваюцца да майго меркавання набыць кнігу “Гасцініца “Бельгія””, а галоўнае ўдумліва прачытаць, бо асэнсаванне свайго месца ў гэтым свеце можа быць ажыццёўлена толькі праз душэўныя пакуты.

YanZahmyaleuski


Няма ніводнай прычыны, каб не прачытаць гэты твор, асабліва калі вы лічыце сябе беларусам альбо беларускай.

Тыя падзеі, што адбываліся ў колах нашай моладзі ў дваццатых гадах – найважнейшая частка гісторыі і культуры беларускай нацыі. Акрамя таго, думаю, вам будзе вельмі цікава нарэшце разабрацца ў Чаротах, Глебках і ў іншых быццам бы вядомых, але далёкіх асабіста для вас імёнах. Гістарычным фактам можна давяраць – дадатковы плюс.

Вас чакае шпацыр па старому, даваеннаму Менску ў кампаніі маладых паэтаў, пісьменнікаў, рэдактараў і актывістаў. Ваша сэрца будзе кахаць і марыць разам з імі, ганарыцца талентамі і самааданасцю звычайнага беларуса, але таксама і разрывацца на кавалачкі праз іх боль, праз разуменне таго, што мы страцілі.

Але самае жахлівае нават не тое, што ўжо згублена, а тое, што зараз мы крочым іх шляхам.

EleoNarnia

 

Пакінуць адказ