Любы водгук – усяго суб’ектыўнае меркаванне. І суб’ект той мае ўласныя досведы ды каноны, асабістыя схільнасці з перавагамі, – добра, калі на адсоткаў сорак яны супадаюць з “наборам” аўтара ці чытача. Таму можна не браць да ўвагі і гэтую рэцэнзію.
Такім чынам, кніга Юліі Шаровай “Вяртанне Ліліт”.
Пачну з плюсаў. (Спадзеючыся, што да мінусаў мала хто дойдзе.)
Папяровага выдання ў продажы няма даўно. Для твора, напісанага па-беларуску, гэта выдатны паказнік. Давялося памітусіцца ў пошуках і ўрэшце запісацца ў мінскую бібліятэку № 14, што на Прытыцкага, 42, якая ад мяне – як на іншым баку Месяца.
З першых старонак зрабілася ясна: нетыповае для белліту чытво. У лепшым сэнсе. Да сярэдзіны глытаецца нагбом.
Узгадалася чамусьці дзевяцігадовая дачка сяброўкі. Не памятаю дакладна, што ёй задалі тады чытаць, але яшчэ не ўзяўшыся, дзяўчынка пачала ліць слёзы: “Зноў будзе сумны аповед. Я заўсёды з-за белліту плачу.” То бок, ужо ў сваім веку дзіця адчула ўсю дэпрэсіўнасць бальшыні нашых твораў, з-за якіх літаральна выцякаюць сілы. (У музыцы, дарэчы, тое ж самае.) Нават калі адшукаеш штось аптымістычнае, то і там абавязкова будзе прымешак тугі. Чаму так? Аўтары баяцца выйсці са звыклага тэматычнага шэрагу, бо калегі папікнуць легкадумнасцю? Ці ў нас усіх адсохла ўжо опцыя чыстай радасці? Хтосьці справядліва запярэчыць: “Жыццё такое – інакш не выходзіць. І трэба ведаць пра бясконцыя беды, несправядлівыя пакаранні, падступныя здрады, горкія слёзы ды нядолі, скрозь якія, без сумневу і на вялікі жаль, праходзіў і праходзіць наш шматпакутны народ”. А можа, усё ж хаця б паспрабаваць? Калі мэтанакіравана пачаць мяняць літаратуру і музыку, ёсць надзея, што жыццядайная энергія ад іх перакінецца на грамаду ды пачне перакройваць свядомасць, нарэшце. Чамусьці здаецца, што ў часы, скажам, Вітаўта ў казаннях ды спевах гучала меней безвыходнасці.
Дык вось з-за “Вяртання Ліліт” плакаць зусім не хочацца. Наадварот – кніга абуджае надзею. Не, там ёсць і праблемы, і беды, і даніна традыцыі: з гета, арыштамі, хатнім гвалтам, дыскрымінацыяй і г.д., – але не застаецца па ёй адчування тугі ды адчаю. Можна як заўгодна ставіцца да астралогіі і варажбы на картах Таро, якімі кніга прасякнутая, але твор Юліі Шаровай – без сумневу, глыток свежага паветра.
Я прынамсі вельмі люблю фантастыку і фэнтазі. Толькі якасныя, з глыбінёй і некалькімі ўзроўнямі, каб думалася. У Юліі Шаровай атрымалася. Абыякавым не застаешся, вяртаешся і вяртаешся да створаных ёю сусветаў і герояў. Аўтарка вылучыла невялікі адрэзак са шматысячагадовага жыцця галоўнай гераіні: ад Другой Сусветнай да 2017 года. Цікава сачыць, у каго Ліліт чарговы раз “уцелаўляецца”: неабыякавая легкадумніца Франя, юная прыгажуня Мілана, хваравітая Варвара, нечаканы хлопец-не хлопец Янка, старая ўратаваная Мірыям… Усіх Ліліт, вядома ж, мяняе пад сябе, але і сама пад іх прыстасоўваецца. Гэта дадае кнізе дыхання еднасці і любові.
Яшчэ моцны плюс – пазнавальнасць. І тэрытарыяльная, і ў характарах. Знаёмыя вуліцы Мінска, вядомыя маршруты, дэталі. Адчуваеш подыхі ветру на падыходзе да “Дома-ля-Стэлы”, стаіш з кубкам піва ва ўніверсаме “Цэнтральны”, ідзеш поруч з героямі па праспекце Незалежнасці. І яны – жывыя, нягледзячы на фантастычную сутнасць некаторых, кожны мае адметныя рысы, свой лексікон, пакідае па сабе след у памяці.
Не ведаю, ці да станоўчых аднесці факт, што падчас чытання, асабліва першай паловы кнігі, над старонкамі няўмольна кружляе флёр “Майстра і Маргарыты”. Булгакаў натхняе моладзь, так. У юнацтва свае запыты, і “Вяртанне Ліліт” таксама ім адпавядае, сугучыць, рэзануе, кліча ўзняцца вышэй і азірнуцца шырэй, разбурыць унутраныя краткі, дужкі ды межкі. Для мяне – гэта бессумнеўны вялікі плюс. Хоць флёр і кружлае…
Не ўсе плюсы пералічыла, але хай кожны дадасць свае.
Мінусы, на маю думку:
Далёка не новы прыём падпісання дамовы з прадстаўнікамі іншасвету прымусіў крыху пакрывіцца. Гэткую ж рэакцыю абудзілі і адмаўленне анёла ад раю дзеля кахання, і супрацьстаянне мужчынскае – жаночага, і яўны фемінісцкі ўхіл кнігі, і тэмы габрэйства і гета. Узнікла нават пытанне: а ці мог твор атрымацца без апошняга? Мог. Варыянтаў процьма. (Гл. вышэй пра шматлікія пакуты народа) Выходзіць, гэта свядомы выбар пісьменніцы. Што ж, тады хай сабе так і будзе.
Небанальны, але незразумелы для большасці прыём з варажбой на картах Таро і астралагічнымі раскладамі. А назвы частак кшталту “Транзіт Венеры праз натальны 8 дом…” дык увогуле праслізгваюць праз свядомасть навылёт.
Недзе на сярэдзіне з’явілася адчуванне, што аўтарка згубіла імпэт да пісання. Пацверджаннем сталася адкрытае прызнанне вуснамі Янкі (адно з ўцелаўленняў Ліліт), які таксама пісаў кнігу.
У другой палове кнігі пачынаюць трапляцца пропускі. Прыкладам, чытаеш рэакцыю Веранікі на ледзь не ўчарашні гвалт з боку мужа, але сцэны такой у тэксце не знаходзіш. То бок, узмацніць чытацкую агіду да Юрася трэба, а вярнуцца і дапісаць эпізод не хочацца. Ад сярэдзіны кніжка часам ужо гучыць неахайна, губляе былую дынакіку і глыбіню. Прыходзіць лёгкае расчараванне, бо чакалася большага.
“Тэхнічна-фактычныя” мінусы, якія таксама перарываюць чытацкі дайвінг:
- расейскі калькаваны слэнг кшталу “Уцелаўленне было стромным”.
- зашмат спалучэнняў “даць рады” – замест расейскага “справляться”, відаць. (Наводзіць на думку, што твор першапачаткова быў напісаны па-расейску і не надта ўважліва рэдагаваўся.)
- знак Ліліт на руцэ Марыі, які ўнучка нібыта бачыла даўно, хаця Ліліт ў яе “засялілася” літаральна днямі.
- “Наша Нядоля” – відавочны адкід да газеты пачатку мінулага стагоддзя, які спрацаваў не на карысць, на мой погляд. Хаця… як кпіна над “нядолямі і пакутамі”, можа быць…
Ну то й хопіць пакуль.
Чытаць кнігу раю. Хаця б для таго, каб скласці сваё ўражанне. Але яшчэ і таму, што яна падаецца мне вартай.
Вольга Шчукіна.