Вольнеры. Прадвесце. Валеры Гапееў

Каб прачытаць гэтую кнігу, мне давялося адстаяць чаргу. Спачатку яе праглынуў сын, потым – Анастасия Панкратова І вось тады з ёй змог пазнаёміцца і я.

“Вольнеры” Валерыя Гапеева Valer Hapeyeu – класнае падлеткавае фэнтэзі, якое можа быць цікавае і дарослым. У ім цудоўна перададзены свет падлеткаў, іх псіхалогія. Пры гэтым твор безумоўна актуальны (абыдуся без спойлераў) і цнатлівы (у параўнанне з усім вядомым “Гарэзлівым пацалункам”). У некалькіх момантах просіцца нешта большае, чым буська ў шчочку)) Але што возьмеш з гэтых сціплых хлопцаў – сам такім быў.

Спадзяваюся, ў другой частцы Цім возьме ініцыятыву на сябе. Ну, або ў трэцяй

Насамрэч, з нецярпеннем чакаем, калі можна будзе неўзабаве замовіць другую частку.

Дзяніс Марціновіч.


Цудоўная кніжка! Менавіта такога зараз і не хапае ў беларускай падлеткавай літаратуры. Няма ніякіх мудрагелістых канструкцый, чытаецца вельмі лёгка. Так што добра падыдзе для людзей, якія толькі пачынаюць вучыць беларускую мову.
Калі ўважліва чытаць, можна ўбачыць адсылкі на культавыя беларускія кніжкі. Гэтак жа можна ненавязліва пазнаёміцца з некаторымі беларускімі загадкамі, вершамі і сучасным Менскам.
Што да сюжэту, то на мой погляд ён даволі нескладаны, але цікавы. Проста трэба яму даць час раскрыцца. У некаторых момантах мне не хапіла нейкай хуткасці (?) ў падзеях, але здаецца, гэта максімальная густаўшчына. Так што я б смела парэкамендавала кнігу як мінімум сваім сяброўкам па фэнтэзійным кнігам.

Юлія, 11-класніца.


За сваё жыццё, я паспела начытацца ўсялякага рознага, і, напэўна, ужо магу сцвярджаць, што ў мяне сфармаваўся нейкі густ на літаратуру. Іншае пытанне, наколькі ён добры, але нейкі ёсць.

Дык вось, фэнтазі маё безумоўнае каханне назаўжды. Як кажуць, спачатку яно, а потым ужо Арыяна Грандэ, Ледзі Гага…

“Вольнеры. Прадвесце” Валера Гапеева – гэта самае што ні на ёсць беларускае фэнтазі, насычанае нашай міфалогіяй і атмасферай.

Гэта гісторыя пра трох мінскіх старшакласнікаў, якія выпадкова пазнаюць пра існаванне іншасвета і пра змаганне дабра са злом. І, вядома, не застаюцца ў гэтай бітве ўбаку.

За містычны Мінск кніга атрымвае ад мяне плюсік, асабіста мне здаецца вельмі крутым, калі дзеянні адбываюцца ў месцах, па якіх ты сам рэгулярна шпацыруеш.

Спадабалася разнастайнасць міфічных істот і лёгкі стыль кнігі. Сам свет таксама ў цэлым парадаваў, ён досыць прадуманы і цікавы.

Што мне не зайшло.

Можна было зрабіць болей прапрацаваных персанажаў? Ім па 17 гадоў, шо яны як сімы з трыма эмоцыямі сюды-туды блукаюць? Хочацца адправіць іх у басейн і выдаліць лесвіцу, каб у іх жыцці з’явілася хоць нейкая глыбіня.

Не хапіла напалу пакут, вельмі ўсё складненька і лёгка ў герояў атрымваецца. З-за гэтага кніга не выклікае моцных эмоцый і перажыванняў, а без гэтага навошта яно ўсё?

У мяне не атрымалася пагрузіцца ў свет цалкам, я ўспрымала ўсю гісторыю трохі адхілена, як казачку. Вельмі міленькую казачку, але не болей.

Кніга пакінула прыемныя ўражанні, і, калі вы шукаеце нешта сучаснае з беларускай літаратуры, то я раю азнаёміцца. Але не “Уладар пярсцёнкаў”, вядома.

Belera


Валер Гапееў ледзь не адзіны беларускі аўтар, які рэгулярна і паспяхова піша для падлеткаў. Па-беларуску. У яго атрымліваецца быць сучасным і ўздымаць актуальныя тэмы: самаідэнтыфікацыя, адносіны з бацькамі, сяброўства, стасункі ў школе, моўнае пытанне.

📚 “Вольнеры” – спроба напісаць фэнтэзі-цыкл на падмурку беларускай міфалогіі. Чаму спроба? Бо я не адчула кнігу сапраўдным фэнтэзі. Іншасвет, з якім узаемадзейнічаюць героі, атрымаўся ў спадара аўтара занадта казачным. Быццам са старонак “Вольнераў” ты наўпрост трапляеш у зборнік “Вядзьмар, які рабіўся ваўком” альбо “Чароўны свет” пра беларускіх міфалагічных істот з ілюстрацыямі Валера Славука.

👨🏻👩🏼🧑🏻 Галоўныя героі – кампанія сяброў, якія вучацца ў выпускным класе ў Менску. Як часта бывае ў Гапеева, тут некалькі хлопцаў і адна дзяўчына. Першапачаткова падлеткаў трое – апавядальнік Цім, ягоная аднакласніца Крысціна і іх фармальны аднакласнік Эд (праз сур’ёзную хваробу ён ужо некалькі год у інвалідным вазку і таму – на хатнім навучанні). Напрыканцы кнігі да іх далучаюцца яшчэ тры хлопцы з класа.

⚖️ Падлеткі становяцца вольнерамі – тымі, хто прымае на сябе адказнасць за аднаўленне балансу паміж дабром і злом, па сваёй волі і без чакання ўзнагароды. Наш свет моцна звязаны з іншасветам, у якім існуюць зазоўкі, вужалкі, злыдні, смактуны, шэшкі. Ёсць там і топ-мэнэджмент: Жыва, Берагіня, зладзейка Лацырна, Бялун, Вужачы кароль і г.д. Паміж сусветамі ёсць праход, а каб выканаць сваю місію вольнерам трэба знайсці аскепкі кубка Берагіні, якія часткова знаходзяцца ў нашым свеце, часткова – у міфалагічным. “Вольнеры. Прадвесце” – пачатак пошукаў і першая частка цыклу.

📗 Чытаць “Вольнераў” цікава. Тут ёсць перадгісторыя ў стасунках герояў. Ёсць змены ў нашым сусвеце, ад якіх становіцца вусцішна (напрыклад, калі артэфакты выпадкова трапляюць у злыя рукі і героі вяртаюцца ў больш жорсткую рэчаіснасць). Ёсць крыху фізікі і розных цікавых вынаходак.

😏 Але мне асабіста хацелася ад беларускага фэнтэзі чагосьці іншага. Чагосьці большага. Не толькі дамавікоў, чарцей ды вужалак. Не толькі вясковых Лысых гор, крыніц ды занядбаных хат.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ