…У фінале пачынаецца страшнае. Мне хацелася літаральна крыкнуць аўтару: ну навошта такая жорсткасць, навошта гэтулькі гора людзям? Трэба перарабіць, гэта ж прыгодніцкі тэкст, тут павінна быць шмат святла і дабрыні! Ды потым… Потым я перагарнуў старонку – і сціснулася літаральна сэрца ад аглушальных радкоў. Зразумеў: усё правільна, так павінна быць…
Але спачатку.
Чытаў першыя старонкі, падумалася: а такі варыянт насамрэч многае тлумачыць, калі не ўсё! Уявіце: скажам, адзін адсотак дэльфінаў некалі даўно – насамрэч іншапланецяне ў абалонцы дэльфіна. Цяпер вы разумееце, чаму яны ўсе такія разумныя? І каты нашы, хатнія, між іншым, даўно падазраюцца ў сувязях з іншапланецянамі…
І вось такія героі дзейнічаюць у прыгодах кнігі Валянціна Вяркеева. Неверагодныя цывілізацыі – што “дэльфінаў”, што “катоў”, каторыя насамрэч – крабікі быццам і бурбалкі.
Свет, які стварыў аўтар, дасканала прадуманы. Тут няма таго, што ўзнікае адно з-за жадання аўтара быць арыгінальным. Не, усё на сваіх месцах, усё абумоўлена той лініяй развіцця, на ўчастку якой аўтар фіксуе свае прыгоды. І іншапланетныя сусветы дзейнічаюць па сваіх законах і маюць пераконлівую сістэму пабудовы (хоць тут пра іх не надта і многа).
Трэба заўважыць, апошнім часам наша літаратура збяднела на фантастыку. Яно і праўда, фантастычны твор патрабуе ведаў найперш, добрай абазнанасці ў тэмах, бездакорнай логікі і навуковасці. Гэта не фэнтазі з русалкамі, якія для свайго існавання і сваіх жа здольнасцей не патрабуюць аніякага тлумачэння. Таму асабіста для мяне фантастычны элемент у кнізе радуе, тым больш, што прапрацаваны ён вельмі грунтоўна.
Падзеі развіваюцца досыць няспешна, аўтар надае шмат увагі акаляючаму свету. Тыя, хто звык да імклівасці ў прыгодах, могуць трошкі і злавацца, але ж тэкст зацягвае паступова ўжо не адно прыгодніцкай лініяй, а разгортваннем агульнага штодзённага жыцця нейкага партовага горада. Увага аўтара да дэталяў дала яму магчымасць добра раскрываць і сваіх герояў, яны насамрэч ажываюць, робяцца заўважнымі, асаблівымі, набываюць характары. І што галоўнае – ніхто не ідэальны! Той жа бацька гераіні – пірат – застаецца піратам са сваім пірацкім кодэксам жыцця, дый у самой Веры не варта шукаць падабенства да кіношнай кіназоркі-супергероя.
Таму агулам льга сказаць: цікава! Класнае прыгодніцкае чытанне, якога так не хапае нашай літаратуры для падлеткаў і дзяцей, грунтоўнае, без падману і бога з машыны, напісанае аўтарам, які паважае ўсіх сваіх чытачоў і самога сябе, таму не дазваляе неахайнасці ў аповедзе.
Дзяўчынка Вера трапляе ў свет, які жыве па сваіх законах, жыхары яго трымаюцца заведзенага ладу жыцця, ёсць тут свае таямніцы… Разам з цэльнымі вобразамі герояў увесь аповед пачынае гучаць вельмі рэалістычна, і нават іншапланецяне – кот і дэльфін – тут арганічныя і не выклікаюць адпрэчвання.
Нягледзячы на павольнасць дзеі, твор застаецца досыць дынамічным і трымае ў напружанні. Для юных чытачоў у кнізе знойдзецца, апроч іншага, шмат тэхнічных і навуковых цікавостак, для чытача дарослага мо адкрыццём стануць паказаныя аўтарам падводныя камяні на шляху навукова-тэхнічнага прагрэсу. Адна лінія – сын-маці – застаецца поўнай таямніц, вельмі чулая і нават пранізлівая. І ў другой лініі – бацька-сын (ці бацька-дачка) – чалавечыя якасці раскрываюцца напоўніцу, спадае луска звання і пасады, застаецца толькі мужчына-бацька…
Асаблівы ход аўтара – умяшанне ў падзеі знешніх сіл, супрацьстаяць каторым нашы героі не могуць аніяк. Як я казаў напачатку, фінал досыць вусцішны, падазраю, не ў аднаго мяне ўзнікне жаданне упікнуць аўтара… Але толькі да пэўнага моманту – да эпілогу.
Мабыць, гэта будзе перабольшваннем, і ўпікнуць ужо можна мяне, але паколькі кніга – “для дарослых дзяцей” – я дазволю сабе сказаць тое, пра што падумаў, дачытаўшы апошняе слова фантастычнай гісторыі: гэта – рэквіем.
В. Г.