Кніга з падзагалоўкам: “Кніжка, якая з кожнай старонкай святлее”. Сэнс тут у тым, што лісянятка шукае шлях дадому ўначы, і ў моманты, калі яно пераадольвае свой страх і нагадвае сабе, што трэба верыць ва ўласныя сілы, цемры навокал становіцца меней.
🌌 Спачатку старонкі зусім “начныя”, і з лясной цемры вызіраюць дзіўныя пысы і цікаўныя вочы. Потым лісянё пачынае бачыць светлякоў і розных дробных жыхароў лесу – вожыка, мышак, птушак.
🦊 Пакрысе лісянё ўсё больш пераконваецца ў сваіх сілах, увесь час паўтараючы: “Вер у сябе!”. Калі ўжо амаль развіднела, яно пачынае спяваць. У хуткім часе з’яўляецца сонца, і лісянятка, пазнаўшы мясціны, радасна і ўпэўнена бяжыць дадому, да мамы. Мама абдымае і кажа, што верыла ў малое і заўсёды будзе ў яго верыць.
📚 Карацей, выдавецтва “Папуры” працягвае радаваць чытачоў і чытачак матывацыйнай літаратурай для дзяцей 😁. Гэтым разам – ад беларускай аўтаркі. Мне асабіста такія гісторыі бліжэй, чым кніжкі Сюзанны Ізэрн, якія раней выходзілі ў “Папуры” па-беларуску, дзе ўсё больш просталінейна.
🎨 У кнізе вельмі прыгожыя і паэтычныя ілюстрацыі Юліі Шчыгал. Я напраўду адчувала атмасферу начнога лесу. І само лісянятка ў мастачкі атрымалася дужа харызматычнае.
😏 Адзначу, праўда, што мая Івонка, якой яшчэ няма трох гадоў, кнігай пакуль не надта зацікавілася. Магчыма, менавіта з-за ілюстрацый. Бо ў яе цяпер перыяд Мамы Му і Крумкача, дзе ўсё выразна і шмат буйных малюнкаў і дэталяў.
Вельмі ж цяжка сёння ацэньваць са свайго пункту гледжання кніжкі для самых маленькіх. Бо ж тут не проста талент апавядальніка хаваецца. Тут і малюнкі. Тут схавана псіхалогія, з якой сам спрачацца не ўмею. Дый стары. Тым не менш, выкажу хутчэй не сваю ацэнку, а сваё неўразуменне ад прачытанага.
Слоў тут мала, гісторыя простая. Лісянё ў лесе, ноччу, шукае дом. Кажа: “веру ў сябе” і нешта недзе пачынае свяціцца: зоркі, светлякі, месячык… І ўрэшце раніца і родны дом. І святлеюць старонкі адпаведна.
Тым не менш, я спатыкнуўся на першым сказе.
“Ніхто не ведае, як Лісянё апынулася ў глухім начным лесе”
Найперш пра прыметнік глухі. Хіба дзіцяці проста зразумець ягонае значэнне? Чаму б не скарыстаць больш простае: густы? Далей ідзе другі прыметнік – начны. А не лепш напісаць: “…ноччу ў густым лесе”?
Пачынаем чытаць спачатку. “Ніхто не ведае…” А само Лісянё? Якім чынам яно там апынулася, яно таксама не ведае, не помніць? Ну, наколькі я знаю дзяцей, тут бы адразу ўзнікла пытанне: а як так атрымалася? Чаму прамаўчаў аўтар?
Навошта дзіцяці адразу сутыкаецца з няўцямнасцю? (Вось прадбачу адказ: ты не разумееш псіхалогіі, бо гэтай фразай абуджаецца фантазія дзіцяці, яно пачынае само прыдумляць, як звярок апынуўся там, дзе апынуўся…)
Чытаем далей.
– Вер у сябе, – чамусьці сказала Лісянё і паглядзела ўверх.
Канструкт “вер у сябе”, калі прызнацца, не ўсякаму даросламу патлумачыш. Як гэта: верыць у сябе? Што гэта? Верыць маме і тату, бабулі, сябру не верыць – ясна і зразумела. А тут – верыць у сабе…
Не магу зразумець, чаму Лісянё гэта раптам сказала? Проста “чамусьці”? Увогуле, адкуль яно ведае пра гэтыя словы? Дзе чула? І як яно іх разумее?
Далей для мяне яшчэ больш дзіўнае. Бо мы даведваемся, што лісянё не помніла, што ў яго ёсць дом. А вось сказала “Вер у сябе” – і згадала: у мяне ёсць дом.
Навошта гэтыя практыкаванні з бяспамяцтвам беднага звярка?
Далей у нас зноў гучыць “Вер у сябе”, толькі вось цяпер тое кажа… ўнутраны голас.
Як патлумачыць дзіцяці, што такое “унутраны голас”, адкуль ён бярэцца? Хто ім гаворыць, дзе ён жыве, чаму ён кажа, калі яму ўздумаецца, а чаму не адказвае, калі ў яго наўпрост пра нешта пытацца… і так да бясконцасці можа задаваць пытанні дзіця. Ці мне зноў запярэчаць, што гэта якраз і развівае цікавасць дзіцяці? Дык… у такім разе можна сказаць пра электрамагнітнае вылучэнне далёкіх сонцаў і згадаць пра скрыўленне прасторы, прабачце…
Незвычайны канец гісторыі. Мама сустракае дзіця… Дзіця радуецца: “Мама, ў мяне атрымалася!” І мама не пытаецца, што здарылася, дзе малое прападала ноччу, ніякага хвалявання… Дык што адбылося? Нейкі экзамен, выпрабаванне на даросласць, урок па выжыванні?
Каб не падацца ўжо кончаным занудам, скажу, што чароўнасць гісторыі выбудавана прыгожа і зразумела для дзіцяці. З кожным разам дадаецца святла на старонкі – і гэта цудоўная прыдумка, якую ўдала скарыстоўвае мастак.
Ніяк не хачу пакрыўдзіць аўтара. Але ж, мне падаецца, з гэтай цудоўнай прыдумкі льга б было стварыць і цудоўную гісторыю. Тую, якую б зразумела кожнае дзіця без дадатковых тлумачэнняў. Дзе б тое лісянё займела сваё жыццё, а можа, і свой характар…
І тое прыемна, што аўтарка перастварыла сваю кнігу з рускай мовы на беларускую.
В. Г.