Гэта адна з кніжных навінак, сустрэчы з якой я чакала на Варшаўскім кніжным кірмашы. Сустрэча здарылася, і сталася вялікай радасцю, бо кніга перавысіла мае чаканні. Яна цудоўная: акрамя файнага тэкста (які ў маёй галаве гучыць голасам Бенькі), у ёй крутыя ілюстрацыі, выдатная шчыльная папера і такая ж выдатная якасць друку. Яе хочацца трымаць у руках, гартаць, гладзіць, насалоджвацца колерамі, шрыфтамі, адценнем паперы.
🌳 Гісторыя ж пра тое, што ў парку расце дрэва і працуе… дрэвам. Яно харошае і добра выконвае свае абавязкі. Але ўсё ж не зусім такое, якім яго хацеў бы бачыць дырэктар парка. Дрэва баіцца цемры, любіць слухаць музыку ўначы, дазваляе птушкам сяліцца на сваіх галінах (а птушкі брудзяць ходнікі пад дрэвам). Дырэктар злуецца на дрэва, пагражае звальненнем, і ў выніку дрэва вырашае сысці.
✨ Дрэва сыходзіць і ўпершыню ў жыцці бачыць свет за межамі парка. Яно ў захапленні. З ім здарыцца безліч усяго, яно сустрэне вельмі незвычайных персанажаў: і куст-кішэннік, і нічыйнае паліто з загадкавым фота, і трамвай, які захоча стаць акулай, і воўка-елкі, якія нападуць на дрэва. Дрэва пераадолее свой страх, пашырыць гарызонты ўспрымання і знойдзе сяброў. Яно стане яшчэ больш крутым, чым было на самым пачатку.
🩷 Скрозь радкі праглядае гумар, гарэзлівасць і тонкая душэўная арганізацыя аўтаркі. Бенька – гэта пра любоў і спагаду, ва ўсіх ейных творчых праектах. І гэтая кніга – такая ж.
✨ “Беспрацоўнае дрэва” – кніга, быццам бы, дзіцячая, але яна для ўсіх. Яе можна купіць і чытаць, проста каб пацешыць сваіх унутраных эстэтаў. А калі маеце дзяцей, то заадно пацешыць і іх. Дужа раю і прапаную падтрымаць аўтарку. Каб было яшчэ шмат дзіцячых кніг ад Светы Бень 📚❤️