Беларускія нячысцікі. Водныя і балотныя. Артур Басак

Беларускія нячысцікі. Водныя і балотныя. Артур БасакГэта другая кніга задуманай серыі, бо ж яшчэ не было пра нячысцікаў хатніх, вясковых і гарадскіх, палявых-лугавых – а значыць, нам варта чакаць працягу.

Дай Божа аўтару сіл, натхнення і цярпення! Бо, будзем шчырымі, аўтарская фантазія, творчая насамрэч, яна ж і бязмежная. Ну а сур’ёзныя дзядзькі-навукоўцы могуць часам скрывіцца ды і паўшчуваць, пакрытыкаваць-паправіць… Што паробіш, праект Артура Басака разрастаецца ўшыркі і ўглыб, ствараецца не проста асобны свет, а цэлая цывілізацыя. І хоцькі-няхоцькі аўтар павінен скарыстоўваць тут сапраўдныя даныя, тыя ж геаграфічныя, недзе – ранейшыя прыдумкі. Гэта змешванне чароўнага,  аўтарскай фантазіі і рэальных фактаў, існуючых сапраўдных легенд і казыча навукоўцаў. Бо да сваіх запісаных раней легенд яны ставяцца як да недатыкальных каштоўнасцей…

Давайце будзем жыць мірна! Беларускай прасторы хопіць усім, умесціцца ў ёй яшчэ не адзін чароўны свет. Мне ж вельмі імпануе праект Артура Басака тым, што аднойчы ўзяўшы за аснову прыдуманага нячысціказнаўца Яна Клікста Лашкевіча і ягоныя дзённікі, аўтар строга трымаецца сваёй лініі. Той прыдуманы вучоны набывае рысы жывога чалавека, які некалі насамрэч блукаў па родных прасторах. Пакрысе ствараецца ягоная біяграфія, раскрываюцца рысы характару. Можа, гадоў праз 50 ягонае імя будуць насамрэч разглядаць як легендарнае – няма тут страху. Бо якіх бы істот ні ствараў Артур Басак, атрымліваюцца яны ў яго сваімі, тутэйшымі. Урэшце ўся ягоная праца – на карысць беларускай культуры, бо якасная, грунтоўная і  сапраўдная.

Шчыра парадаваў мяне поспех праекту, які яскрава вызначыўся выданнем другой кнігі і яе запатрабаванасці. На Азоне кніга – ў лідарах продажу, там пакідаюць вельмі ўхвальныя каменты. У некаторых кнігарнях кніга распрададзена.

Вялікае, якасна выдадзенае падарункавае выданне з чароўнымі ілюстрацыямі аўтара. Выйшла яно разам з перавыданнем першай кнігі, цяпер абедзьве маюць выкананыя ў адным стылі вокладкі.

Прыемна і радасна ж, праўда?

В. Г.

Пакінуць адказ