Нядаўна быў я ў Гародні, наведаў гарадскія могілкі на праспекце Касманаўтаў. Паклаў кветкі на магілу аднаго з найвялікшых гарадзенцаў у XX стагоддзя, Юрыя Астроўскага (1925-1991). Побач з ім ляжаць яго жонка Ірына і сын Сяргей. Сумна, бо зусім маладымі пакінулі гэты свет Юрый Міхайлавіч і Сяргей Юр’евіч. Жыць ім яшчэ было і жыць. А вось Ірыне Анатольеўне Бог адмераў пражыць 84 гады і цяжка ёй было перажыць страту родных людзей.
Чаму я прыгадаў акадэміка Юрыя Астроўскага? Ды таму, што пра яго жыццё, навуковую дзейнасць, захапленне, сям’ю і сяброў напісала цудоўную кнігу таленавітая беларуская пісьменніца, журналістка, даследчыца і перакладчыца Святлана Воцінава. Кніга называецца „Астроўскі. Сонечны круг”. Выйшла яна з друку У 2025 годзе ў Мінску у выдавецтве Рамана Цымберава.
Святлана Воцінава – сур’ёзная перакладчыца. У 2021 годзе яна пераклала на беларускую мову раман Элізы Ажэшкі „Два полюсы”, і вярнула назву гэтага рамана „Дзікунка”. Так хацела некалі аўтарка і прасіла назву не мяняць. I вось „Дзікунка” Элізы Ажэшкі па-беларуску прыйшла да чытачоў.
„Дзікунка”, якую выбрала да перакладу Святлана Воцінава, на беларускую мову раней не перакладалася. На рускую раман пераклалі амаль адразу па напісанні, у 1893 годзе, і апублікавалі ў часопісе „Веснік Еўропы”. Але той пераклад, як казала на прэзентацыях Святлана Воцінава, быў слабы і месцамі вельмі недакладны. На думку перакладчыцы, такі пераклад знішчыў ідэю твора, ператварыў яго у банальны раман пра каханне. Не дзіўна, што у XIX стагоддзі многія так яго і успрынялі. Ацанілі твор па-сапраўднаму ужо значна пазней, у XX стагоддзі.
У сваім перакладзе Святлана Воцінава імкнулася захаваць гістарычную дакладнасць: „Гэта адзін з тых твораў, якія маюць дачыненне да паўстання 1863 года. Пасля перакладзеных Анатолем Бутэвчам навел цыкла „Gloria victis” і рамана „Над Нёманам”, якія прасякнуты атмасферай паўстання, „Дзікунка” заставалася апошнім такім творам, дзе таксама згадваецца паўстанне. 3 гэтым перакладам можна сказаць, што „прапаўстанцкае” з Ажэшкі перакладзена на беларускую цалкам”…
Гэтак я пачаў знаёмства з аўтаркай кнігі пра Юрыя Астроўскага Святланай Воцінавай, пачаў здалёк, з перакладаў. Ды і нейкае тут сугучча ёсць, шчаслівае супадзенне па часе: Эліза Ажэшка жыла ў Гародні, Юрый Астроўскі жыў і працаваў у Гародні і аўтарка Святлана Воцінава нарадзілася ў Гародні. Усе – землякі – таленавітыя, мужныя, шчырыя, вартыя самых добрых слоў. Іх і ўшаноўвае малодшая зямлячка-гарадзенка, ушаноўвае прафесійна, грунтоўна, каб ведалі, каб запомнілі назаўсёды.
І яшчэ. Святлана Воцінава была галоўным рэдактарам часопіса „Маладосць” з 2012 года. Дзевяць гадоў яна ўзначальвала гэта цудоўнае выданне. А „Маладосць” пад рэдакцыяй Святланы Воцінавай была лёгкім, чытэльным, светлым выданнем. Рэдактарка знаходзіла новых, невядомых раней, маладых аўтараў, шмат увагі на старонках часопіса аддавала паэзіі, не шкадавала месца на публіцыстыку, асабліва для гісторыка-краязнаўчых і літаратуразнаўчых артыкулаў.
Цяпер яна натхнёна працуе над новымі праектамі і кнігамі. Магутным праектам стала яе кніга „Астроўскі. Сонечны круг”. Такія выданні з’яўляюцца у Беларусі нячаста. Напрыклад, гісторыкі, калі і персаніфікуюць мінулыя часы, то найперш звяртаюцца да постацяў мінулых стагоддзяў альбо пішуць пра дзеячаў літаратуры, культуры, радзей – пра вучоных. I добра, калі нехта з іх паспее напісаць мемуары, успаміны пра свае жыццё, сям’ю, працу, а калі зусім малады, то пра мемуары наогул не думаеш, а займаешся сваёй любімай працай, навуковымі адкрыццямі адным словам – жывеш.
Жыў і працаваў у Гародні акадэмік, доктар медыцынскіх навук, грамадска-палітычны дзеяч Юрый Астроўскі. Дарэчы, у 2025 годзе яму споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. Да гэтага юбілею і была напісана кніга Святланай Воцінавай.
За 25-гадовую працу ў медінстытуце склалася „школа Астроўскага”: пад яго кіраўніцтвам было абаронена звыш 70 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Ім напісана звыш 500 навуковых прац, ён займаўся тэмамі вітаміналогіі, рэгуляцыі абмену рэчываў.
Як чалавек высокай грамадзянскай пазіцыі Юрый Астроўскі выступаў заўсёды за дэмакратычныя перамены, за адраджэнне беларускай культуры і гісторыі, за ліквідацыю вынікаў чарнобыльскай аварыі…
Акадэмік яшчэ быў творчай, рознабакова таленавітай асобай. Ён разумеў музыку і сам валодаў інструментам. Яго вершы і публіцыстычныя нататкі склалі зборнік „Душу раскрыўшы насцеж” (Га-родня, 1998). Вершаваныя і празаічныя радкі вучонага вылучаюцца значнасцю, драматызмам думак, а некаторыя і лірычнай вытанчанасцю, натуральнасцю паэтычнага бачання свету.
Юрым Астроўскі актыўна удзельнічаў у працы Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны і займаўся вывучэннем гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Вынікам стала яго праца „Беларусы: генетыка, рэлігія, нацыянальнасць”.
Пра ўсе гэта больш канкрэтна і цікава чытачы даведаюцца, калі прачытаюць кнігу Святланы Воцінавай „Астроўскі. Сонечны круг “. Кніга выдатна перадае атмасферу навуковага пошуку, закранае пытанні маральнага абавязку, праводзіць чытача праз эпізоды трыумфу і паражэнняў, дае слова многім прадстаўнікам школы Юрыя Астроўскага.
Сяргей Чыгрын.
Часам магчыма немагчымае
Біяграфію вядомага чалавека можна напісаць па-рознаму.
Можна скрупулёзна выкласці ўсе дакументальна зафіксаваныя факты і акалічнасці ягонага жыцця. Але такая кніга будзе цікавая хіба сваякам героя ды вузкаму колу адмыслоўцаў.
Можна даць волю фантазіі і ажывіць расповед прыдуманымі сцэнамі, інтэр’ерамі і дыялогамі. Але гэта будзе ўжо не зусім біяграфія, а мастацкі твор.
А можна спалучыць абодва гэтыя варыянты, захоўваючы аптымальны баланс. Тады ў таленавітага аўтара атрымаецца займальная, цікавая кніга. І што самае галоўнае — цалкам праўдзівая.
Па гэтым шляху пайшла Святлана Воцінава, пішучы біяграфію Юрыя Астроўскага — выдатнага нашага навукоўца, заснавальніка айчыннай біяхіміі.
І ў яе атрымалася напоўніцу.
На фоне асноўнага дакументальна-біяграфічнага сюжэту па старонках кнігі раскіданыя шматлікія моманты-эпізоды, якія прымушаюць то сумаваць, то абурацца, то ціха радавацца, то весела ўсміхацца.
Галоўны лекар абласной бальніцы, які адмаўляецца даць супрацоўніцы некалькі дзён за свой кошт. Добра ведаючы, што просіць яна гэтыя дні, каб тэрмінова звазіць невылечна хворую малую дачушку ў Ленінград, атрымаўшы выклік з тамтэйшай акадэмічнай клінікі… Што рухала гэтым чалавекам? І ці меў ён наогул права звацца доктарам?
Высокапастаўлены чыноўнік, які, дазнаўшыся, што жыццёва неабходную аперацыю яму будзе рабіць жанчына, катэгарычна патрабуе: «Папрашу, каб ніякіх баб-с», і атрымлівае ў адказ хвосткае: «Калі хочаш жыць, тады толькі да гэтай бабы».
Вітаміны супраць алкагалізму пад кожнай накрыўкай гарэлачнай пляшкі. Красамоўная расшыфроўка назвы хімічнага рэчыва альдэгід. Ці многія школьныя настаўнікі і ўніверсітэцкія выкладчыкі тлумачаць гэта на занятках і лекцыях?
Незвычайнае лецішча Астроўскіх у Азёрах. Дом, у якім, на думку суседзяў, можна было ўключыць ацяпленне… па тэлефоне. (Ага-ага, накручваючы нумар на дыскавым апараце, бо кнопкавыя ў тыя часы савецкія людзі маглі бачыць хіба што ў італьянскім серыяле «Спрут»).
Схаваныя дзверы ў апячатаную пасля Чарнобыля радыёлагічную лабараторыю, пра якія ведаў толькі заснавальнік Інстытута біяхіміі. А мо і сам паклапаціўся пра іх існаванне — на ўсялякі выпадак.
Беларускія вершы Юрыя Астроўскага. Можа, не зусім дасканалыя па форме, але такія шчырыя і глыбокія.
Але самае неверагоднае і фантастычнае — гэта калі біяграфія незнаёмага чалавека пралівае святло на гісторыю тваёй сям’і…
Рэч у тым, што мая прабабуля Агаф’я на самым пачатку нямецкай акупацыі двойчы хадзіла ў Менск шукаць свайго сына Івана. Нехта наказаў ёй, што яго бачылі там у лагеры для ваеннапалонных і што немцы адпускаюць шарагоўцаў, калі па іх прыйдзе маці, бацька ці жонка. Абедзве выправы скончыліся нічым. І больш ніякіх звестак пра дзядзьку маёй маці няма.
Наогул, уся гэтая гісторыя падавалася мне неверагоднай. Па-першае, само падарожжа за 170 км з вёскі пад Талачынам да Менска (пехатою!) выглядае амаль фантастычна. А па-другое — каб немцы ды вось так проста каго-небудзь адпускалі? Гэта яшчэ больш фантастычна. Ці існаваў наогул гэткі лагер? А калі нават і існаваў, то дзе; і як магла дапяць туды простая вясковая кабета, якая за ўсё сваё ранейшае жыццё, мусіць, нідзе далей Талачына не была.
І вось раптам Юрый Астроўскі ў сціслых успамінах пра пачатак вайны, якія займаюць літаральна некалькі машынапісных старонак, згадвае зладжаны нацыстамі ў Менску зборны пункт для ваеннапалонных, адкуль цягам першых тыдняў акупацыі сапраўды можна было забраць блізкага чалавека. І нават называе дакладнае месца, дзе месціўся той часовы лагер: у абнесеных калючым дротам недабудаваных шасціпавярховіках насупраць Парку Чалюскінцаў. Родная цётка будучага слыннага вучонага нават уратавала адтуль некалькі вязняў, назваўшыся іхняй маці.
Не верачы вачам, я зноў і зноў перачытваў неймаверныя радкі.
Значыць, усё праўда!
Але што сталася з тымі шасціпавярховікамі? Ці перажылі яны вайну? І навошта іх увогуле будавалі на самым ускрайку Мінска?
Наўрад ці гаворка тут пра сумнавядомыя Пушкінскія казармы, што на рагу сённяшніх вуліц Якуба Коласа і Калініна. Там толькі тры паверхі, і да пачатку вайны, наколькі мне вядома, яны былі ўжо дабудаваныя. Дый да Парку Чалюскінцаў адтуль не так ужо і блізка. Між тым, Юрый Астроўскі ўпэўнена піша пра недабудаваныя шасціпавярховыя будынкі насупраць парку. Таму застаецца толькі адзін варыянт: лагер на месцы колішняй усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы. Нацысты маглі прыстасаваць пад лагерныя баракі некаторыя ацалелыя выставачныя павільёны. І там жа, у раёне цяперашняга бульвара Талбухіна, перад самай вайной нібыта пачалося будаўніцтва дамоў для высокага вайсковага камандавання. Ці не гэтыя аточаныя агароджай з калючага дроту недабудаваныя цагляныя гмахі бачыў шаснаццацігадовы Юра Астроўскі якраз супраць былога Камароўскага лесу?
Немцы забралі Талачын 8 ліпеня. Але, каб можна было рызыкнуць выправіцца стуль да Менска, фронт мусіў адкаціцца яшчэ далей на ўсход. Да таго ж, папярэдне ў глухую лясную вёсачку павінна была дайсці чутка пра мінскі лагер і пра тое, што там быццам бы ўтрымліваецца Іван Іўчанка.
Можна меркаваць, што прабабуля Агаф’я хадзіла ў Мінск у жніўні або нават у верасні. Да таго часу нямецкая паблажлівасць першых тыдняў вайны змянілася на жорсткасць, і нікога з палонных нацысты ўжо не адпускалі.
Вядома, чутка магла быць непраўдзівай, і родны брат маёй бабулі мог ніколі не быць у тым лагеры. Але маці хадзіла шукаць сына двойчы, а значыцца, яна давярала атрыманым ад некага звесткам.
Івана Іўчанку маглі перавесці ў Пушкінскія казармы або ў галоўны лагер у Масюкоўшчыне; ён мог патрапіць у лагерны лазарэт ці проста згубіцца ў тлуме зняволеных. Таму прабабуля і не знайшла сына.
Нарэшце, з Іванам магло здарыцца самае страшнае. Памятайма, што ў мінскім шталагу ад голаду, хваробаў і нялюдскага стаўлення аховы загінулі тысячы ваеннапалонных.
Так ці іначай, але цяпер я іншымі вачыма буду глядзець на прылеглую да Парку Чалюскінцаў забудову бульвара Талбухіна. Уяўленне малюе постаць здарожанае вясковае жанчыны ў шэрай ад дарожнага пылу хустцы, якая падыходзіць да абкручанай зверху калючым дротам брамы ды спрабуе штосьці тлумачыць ахоўнікам. Але тыя праганяюць яе прэч. Магчыма, загразіўшы зброяй…
Юрый Астроўскі — слынны беларускі навуковец, пра якога да нядаўняга часу я не ведаў практычна нічога, — у кароткіх успамінах з часоў свайго юнацтва нечакана для мяне падсвяціў адзін з найбольш таямнічых і трагічных эпізодаў гісторыі маёй сям’і. Дый не толькі маёй.
І ад гэтага зрабіўся неяк асабліва блізкім.
Неверагодна? Так, неверагодна.
Але раздумваеш пра гэта — і ўжо не такой немагчымай уяўляецца фантастычна-жартаўлівая задума мастацкага фільма пра Юрыя Астроўскага з Колінам Фёртам у галоўнай ролі, якая агучваецца на заключных старонках кнігі.
У гэтым свеце часам здараецца немагчымае.
То, зрэшты, — чаму не?
Змітрок КУЗМЕНКА.
«ЛІТАРАТУРНАЯ БЕЛАРУСЬ» | № 1 (233), студзень 2026 года


