Адрэналін. Славамір Адамовіч

Адрэналін. Славамір АдамовічГэтай кнігай Славамір Адамовіч здаў іспыт на званне паэта. Не, я не лічу яе лепшый у яго творчай біяграфіі. Прынамсі, «Плавільшчыкі расы» для мяне значна лепшая за «Адрэналін». Да і «Зямля Ханаан» таксама. Але гэтай кнігай Славамір пацвердзіў, што ўвесь гэты прамінулы няпросты час пісаў вершы.

Калісьці я са здіўленне чытаў ва ўспамінах паэтаў пра тое, як яны пісалі па некалькі вершаў за дзень. Прачнуўся раніцай, пасьнедаў – і працаваць. Асабліва ў дамах творчасці і санаторыях. А як там з натхненнем, з паэтычным летуценнем? Як там з пачуццямі, з творчымі крызісамі і са звычайнай лянотай? Затым, праўда, высвятляецца, што ў паэта кніга стаіць у выдавецкім тэмплане, пара здаваць рукапіс, а аб“ёму радкоў катастрафічна не хапае. Які тут творчы крызіс і лянота!

Прагартаў «Адрэналін», паглядзеў на даты напісаньня вершаў, не знайшоў ніводнага дня, калі Славамір напісаў хаця б два невялічкія вершыкі. Што тут сказаць, пазіцыі ў тэмплане няма і ганарары не свецяць. Але ж вершы пішуцца. Больш таго, думаю, што й кнігу гэтую Славамір выдаў за свой кошт.

Увогуле мне было цікава, што там з сённяшнім Адамовічам. Я нават чакаў гэтую кнігу. Маніторыў анлайн-кнігарні. Але ўсё нармальна. Адамовіч ранейшы, не паддаецца засмучэнню і мімікрыі, не развітаўся са сваёй падлеткавай наіўнасцю. Праўда, эпатажнасць, якая раней выглядала больш менш арганічна, цяпер, пасля вялікіх зменаў у свеце і ў нас, выклікае хіба іранічную ўсмешку.

Але пра вершы. Адамовіч заўсёды ўражваў мяне нейкай сваёй адметнай шчырасьцю, нейкай зухаватай смеласцю пісаць пра самае асабістае. І дакладнасцю, нейкай выразнасцю, паэтычнага радка. Такое, напэўна, даецца не толькі з генамі, але і працай, самаадукацыяй і начытанасцю. Так, так, начытанасцю. Вельмі часта ў яго вершах сустракаеш алюзіі на нейкія падзеі сусветнай гісторыі, на нейкіх персанажаў, літаратурных і гістарычных, нейкія цытаты. Я часам здіўляюся, ого, нават і пра гэта ведае Адамовіч. Чытае кніжкі малец.

Якія ў мяне заўвагі да «Адрэналіну»? Такое ўражанне, што Славамір уключыў у кнігу ўсе свае нататнікі цалкам, да апошняй літары. Нават нейкія расейскамоўныя альбомныя чатырохрадкоўі. І таму атрымалася досыць сумбурна і хаатычна. І добрыя вершы губляюцца паміж дённікавымі выпадковымі запісамі. Чамусьці многія пісьменнікі думаюць, што чым большая кніга ў іх атрымалася, тым яна больш вартая сур“ёзнага прачытання. А я люблю невялічкія зборнічкі паэзіі – на 30-40 вершаў. Каб там было ўсё лепшае, каб хацелася узяць зборнічак у дарогу.

А.А.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме