Журы Прэміі Цёткі абвясціла лаўрэатаў, і ў намінацыі “Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў” перамог зборнік Вольгі Гапеевай “Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі”.
Вольга Гапеева піша для рознай аўдыторыі: доўгі час мы ведалі яе як дарослую паэтку, потым у яе творчым багажы з’явілася і дзіцячая літаратура, і дарослая проза. І ўсё атрымліваецца вельмі таленавіта.
“Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі” – гэта кніга для малодшага школьнага ўзросту, у якую ўвайшлі шэсць невялічкіх чароўных апавяданняў. У іх адбываюцца вельмі дзіўныя рэчы: ігуана носіць калготкі, а слімак Раджэш вырашае стаць ёгам і паўзе ў бібліятэку, каб адшукаць там кнігі на гэтую тэму. У аднайменным апавяданні “Адна шкарпэтка” мы чытаем шчымлівую гісторыю шкарпэткі без пары, якая сумуе, бо такіх, як яна, людзі звычайна выкідаюць. Ёсць закон: шкарпэткі мусяць мець пару. Але адна шкарпэтка з гэтым не згодна і сцвярджае, што пара часам і не патрэбная, бо бываюць людзі з адной нагой, або ўвогуле без ног.
Добра, што ў нашай дзіцячай літаратуры пачынаюць уздымацца такія тэмы. З нядаўніх твораў можна прыгадаць кнігу Ганна Янкута – “Марта i яе мара пра снег”, галоўная гераіня якой перасоўваецца ў інвалідным вазку. Такая ж гераіня ў кнізе Тамара Бунта – “Сад з матылькамі”, іншай шортлістаркі Прэміі Цёткі.
Сюжэты апавяданняў з гэтай кнігі вельмі непрадказальныя і дзіўныя, але дзіцячая фантазія таксама звычайна вельмі багатая, можа нарадзіць яшчэ і не такое 🙂 Таму мяркую, што зборнік “Адна шкарпэтка” дзецям спадабаецца. Праўда, мяне ў творы засмуціў наступны сказ:
Відавочна, што ў слімака і матылька быў розны бэкграўнд.
Мне здаецца, што кніга не разлічана на той узрост, калі дзеці могуць увесці ў свой лексікон слова бэкграўнд, нават калі ўжо вучаць інгліш 🙂
P. S. Цікавае назіранне: на адным з разваротаў мы бачым бібліятэчныя паліцы, на якіх ілюстратарка кнігі Наста Іванова пакінула назвы твораў беларускай літаратуры. Тут мы можам убачыць і “Людзей на балоце”, і “Жалейку”, і “Споведзь”, і “Тутэйшых”. А на самай верхняй паліцы хаваецца бюст Цёткі і некалькі яе кніг. Ці не гэтая маленькая дробязь наваражыла Вользе перамогу ў Прэміі Цёткі? 🙂
xbohx.