Адам Клакоцкі і ягоныя цені. Ігар Бабкоў

Адам Клакоцкі і ягоныя цені. Ігар Бабкоў

“.. гэты сон-наваколле запэўніваў, што ён і ёсць адзінай і непахіснай рэчаіснасцю, але якраз гэтай гіпотэзе супярэчылі шмат якія факты. Па-першае, рэчаіснасць ніяк не магла быць незразумелым балаганам, а ўсе ягоныя сябры пагаджаліся, што вакол менавіта балаган, рэжысер якога аніяк не мог працверазець.  Па-другое. Ляаон К. Прачынаўся сярод гэтага балагану, і тады яму прыходзілі ў галаву яго лепшыя старонкі,  ён адчуваў свабоду і гармонію. Было б дзіўна, калі б існавалі дзве раўналеглыя рэчаіснасці: калі сапраўдная рэчаіснасць  – свабода, суладдзе і творчасць , дык тое, іншае – напэўна толькі сон” – гэта ўрывачак з кнігі  Ігар Бабкоў  @iharbabkou “Адам Клакоцкі і ягоныя цені”.

Прыгожыя думкі, адгукаюцца, так? А думкі, як вядома, матэрыяльны ! І вось ужо і мой імпэт, праз учынкі,  хоць крыху адпавядаць гэтай сапраўднай рэчаіснасці атрымаў падбадзерку))

Чаго і Вам жадаю!

Кніга –  дапоўненнае і пашыранае перавыданне твору аўтара ў якое ўвайшлі дзве новыя гісторыі, а таксама каментары невядомага чытача. Кніга выйшла нядаўна ў выдавецтве Логвінаў @lohvinau  .

Сам аўтар піша пра кнігу, як пра раман, ў якім тутэйшая рэчаіснасць разглядаецца праз магічны крышталь сноў і мрояў.

Кнігу яшчэ чытаю, чытаю як слімак).. Але ўжо вельмі задаволены, што набыў яе. Мяркую, што і вы не пашкадуеце. Мне здаецца гэтая кніга той выпадак, калі чытач можа ўзяць з яе столькі зместу, колькі зможа… Той выпадак, калі да яе можна вяртацца не аднойчы.

Допіс планаваў зрабіць некалькі дзен таму.. Але зноў магія шаноўнага Сп.Бабкова… Допіс здарыўся, калі нам “мроіцца” шэрань і сівер, а ён паказвае нам, што ўсе квітнее.

Vladimir Burakov


Больш за 20 год таму мне трапіла ў рукі кніга “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” Ігара Бабкова. І ўсё перамянілася…

Я тады ўжо падазравала, што паратунак і вяртанне да сябе – у мадэрністах, не да канца разумеючы чаму. Але яшчэ нават уявіць не магла, як гэта (мадэрнісцкая літаратура) можа быць напісанай адсюль.

І вось раптам мне, на 4 курсе, у рукі трапіў напаўсамвыданы “Адам Клакоцкі” – кніга пра калекцыянера, сістэматызатара і даследчыка сноў, народжанага ў 1793 годзе ў маёнтку пад Наваградкам. Кніга без пачатку і завяршэння, як і сны (з мінулага і будучыні) у Беларускім Архіве Сноў, па якім вандруе Адам Клацоцкі.

Героі кнігі і аўтар вядуць размовы з роднымі душамі з усіх магчымых эпох, часоў і куткоў свету. Па гэтых размовах я і зразумела каштоўнасць традыцыі – за яе можна трымацца, калі тонеш, у ёй можна зноў адбудаваць сябе, калі губляешся. І з гэтых размоў (з Міцкевічам і з Картасарам, з Магдачкай і з Ейтсам, з Віктарасам М. і шмат-шмат з кім яшчэ), з Ігаравых паўз, аблокаў, мараў можна выткаць сябе і свой дом наноў.

Зрэшты, размовы і ёсць домам, як кажа Ігар.

Цяпер, калі дому няма, гэта гучыць як паратунак. Але паратунак – шчымлівы да болю…

Natallia Kharytaniuk


“У гэтым хаосе, дзе няма пакуль анічога сэнсоўнага, лепш увогуле не варушыцца. Не рабіць нічога. Бо гэта час галодных духаў, якія выходзяць на паляванне” – напісаў Ігар Бабкоў у сваім другім рамане “Хвілінка”.

Увесь дух і стыль першага рамана “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” – амаль пра тое самае.

Але таксама пра тое, пра што любіш чытаць і распавядаць – пра сны, пра горад (Менск, Гомель, Гародню), пра Архіў, пра цені. Бо які архіў без ценяў? Яны там паўсюль. Нават “герой” на вокладцы першага выдання рамана быў нарысаваны на зваротным баку архіўнай каталожнай карткі.

Менская опера, Стары сябра з Захаду, Магдачка, кавярня “У Топія”, Шамбала, Сяргей К., бізантыйскі профіль Ганны, Ліна, Міхал і забраны край, Адам Міцкевіч, і ўрэшце містычная сустрэча ў Гародні з А. – рэальныя і літаратурныя вобразы, якія пасля прачытання рамана, застаюцца ўнутры, дорачы гаючы неспакой і веру ў тое, што ўсё магчыма за незамкнёнай брамай.

Volha Babkova


Класічны раман посткласічнай беларускай літаратуры, у якім тутэйшая рэчаіснасць разглядаецца праз магічны крышталь сноў і мрояў.

📜 У трэцюю, разгорнутую і пашыраную версію рамана дададзены дзве новыя гісторыі («Восень у Гародні» і «Дзюры»), а таксама «Пасляслямова выдаўца», якое пры ўважлівым разглядзе аказваецца нататкамі невядомага чытача, знойдзенымі аўтарам у Архіве Клакоцкага ў 2023 годзе.

📖 Кніга выйшла адразу ў двух фарматах:

Папяровая версія, якая пабачыла свет дзякуючы выдавецтву «Логвінаў»

Аўдыякніга, запісаная пры фінансавай падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google і выдадзеная аўдыявыдавецтвам Audiobooks.by.

🎧 Агучыла Ядзвіга Дзяюн, а набыць і паслухаць можна па спасылцы на нашым сайце. Першую частку можна паслухаць бясплатна на нашым YouTube-канале.

audiobooks.by


Жанр: навелістычны “раман у дзесяці гісторыях з жыцця адважнага асветніка і энцыклапедыста Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў”.

За што крытыкуюць: няма сюжэту і фіг паняць, хто з герояў галоўны.

Чаму вучаць у школе: Постмадэрнізм — зло. Чытайце, дзеці, Ніла Гілевіча.

Што хацеў сказаць аўтар: Містыфікацыя упярэмешку з дзэнскімі медытацыямі на калідорах савецкіх універсітэтаў. 10 фрагментаў, аб’яднаных у агульную гісторыю тым, што ўсё гэта снілася галоўнаму герою, але магло б адбыцца наяве, калі б на адным з паваротаў гісторыі Беларусь не прамахнулася міма патрэбнага вымярэння.

Урывак на памяць:

Кніга была задуманая ў жанры “камедыі пераапрананняў” з элементамі антыўтопіі. Мне было вясёла ўяўляць, якім было б жыццё, калі б нашая “усходнееўрапейская Швейцарыя” не ўстаяла ў 1918 годзе. Калі б бальшавікі здолелі разагнаць першы кангрэс, а беларускія карпусы не паспелі б прарвацца з румынскага фронту. (…) Але гэта задумвалася адно ў якасці дэкарацыяў. У цэнтры была эпапея пабудовы Мінскай Оперы. Страшнага шэрага будынку, нечага сярэдняга паміж амфітэатрам і дотам. Я падрабязна апісваў падвоз цэглы і працоўны энтузіязм, ранішнія перагукі брыгадаў і ўсенародны конкурс на стварэнне гімну Мінскае Оперы. Я зрабіў Лангабарда (гэтага безнадзейнага п’яніцу, апошняга рамантыка, аматара Гофмана і Гёльдэрліна) — я зрабіў яго Архітэктарам. У звышзадуме кнігі усё жыццё ад 1918 году мусіла быць афарбавана ў гэты сімвал. Усё жыццё — Мінская Опера.

Марыя Мартысевіч


Тэкст рухае межы беларускай літаратуры наперад. Мець яго — ўцеха. Але занадта шмат адсылак зьвяртаюцца да такіх абьектаў, што часьціня зваротаў да іх у сусьветный культуры пакінула на іх бліскучыя працертасьці, як на скульптурах, якія варта памацаць, каб загадаць жаданьне. Гэта замінае асалодзе й вымушае больш скэптычна ставіцца.

Hanna Otchyk


У адным з інтэрв’ю Ігар Бабкоў кажа аб тым, як ён на лекцыях разыгрывае студэнтаў, распавядаючы пра асобу Адама Клакоцкага, які быццам жыў у XIX стагоддзі, быў знаёмы з Міцкевічам і Чартарыйскім, уваходзіў у розныя віленскія суполкі, быў у эміграцыі, стварыў музей сноў – міфічная асоба так удала ўпісваецца ў кантэкст беларускай гісторыі, што толькі пад канец студэнты пачынаюць штосьць падазраваць. Не ведаю, як там у філосафаў, але, узгадваючы асабісты вопыт наведвання лекцый спадара Бабкова, магу сказаць, што ён мог распавядаць што заўгодна – на яго фоне нашы веды імкнуліся да нуля (а я была нягоршай студэнткай, нават адной з лепшых, калі ўжо шчыра). І справа ня толькі ў колькасных паказчыках вядомых нам фактаў, але таксама ў якасці, калі так можна сказаць, мыслення, ва ўласцівай філосафам неверагоднай складанасці і няўцямнасці разважанняў. Сапраўды, мяне ў нечым нават пужаюць людзі, якія ў звычайнай размове кажуць пра “глыбокую онталягічную сувязь тэкілы і кактуса”.

“Адам Клакоцкі і ягоныя цені” менавіта такі раман, хаця яго і раманам у маім разуменні назваць цяжка – пад вокладку зведзены зусім розныя сюжэтна фрагменты, хутчэй нават аскепкі. Ня дзіва, што сам аўтар называе свой раман постпостмадэрністскім. Тут вам і фрагментарнасць, і інтэлектуальныя гульні, і розныя культурныя адсылкі, і перавернутасць рэчаіснасці (маё любімае – пра нейкае паралельнае вымярэнне, у якім пісьменнік стварае раман пра наша сапраўднае жыццё). Што аб’ядноўвае гэтыя фрагменты, сказаць дакладна цяжка – нейкая агульная мройнасць, настрой, атмасфера, нарэшце, выдуманая постаць Адама Клакоцкага. І беларушчына. Не толькі знешняя (хаця я вельмі люблю, калі геаграфія твора накладваецца на маю ўласную геаграфію з добра знаёмымі маршрутамі, будынкамі, кавярнямі), я маю на ўвазе, перш за ўсё, разважанні аб тым, хто мы ёсць у сучасным свеце. Але па выніку знаёмства мяне не адпускае думка аб тым, што кожны з фрагментаў можна было б разгарнуць на сапраўды добры раман ці хаця б аповесць, бо кожны фрагмент можна (і неабходна) дамысліваць (адным эпізодам гэта пасуе, іншыя застаюцца паверхняй, пад якой вока бачыць толькі цемру). Мастацкія вартасці, цудоўная беларуская мова, агульны інтэлектуальны ўзровень – кнігу, безумоўна, ёсць за што ўхваліць, але ў цэласны раман для мяне яна, на жаль, так і не склалася.

Morra

Пакінуць адказ