Гэта кніга – бы працяг папярэдняй, пра якую я пісаў ужо тут – “Гарачага парафіну”. Яднае кнігі і форма, і настрой, і асаблівая энергетыка. Зноў прыдзірлівы чытач і рэдактар укажуць на хаатычнасць размяшчэння апавяданняў, дзе за рэалізмам з ноткай Мудроўскага сарказму – раптоўны лірычны ўспамін юнацтва, а далей і амаль што казка з гераіняй-ластаўкай, ці амаль анекдот пра музыку, твор якога не прынялі жыхары вясковага двара, але як зайграў ён знакамітае “Yesterday”, то заслухаліся і кот з пеўнем, і сабака з гаспадыняй…
Я паспрабаваў абгрунтаваць слушнасць такой пабудовы кнігі раней, не стану паўтарацца. Зараз паспрабую выказаць адну думку, якая, па мне, сталася ключавой у апошніх кнігах Вінцэся Мудрова.
Пачну з дыдактыкі. Той самай, якую лічаць вялікай заганай пры яе наяўнасці ў кнігах для дзяцей і юнацтва, калі яна да ўсяго яшчэ і нічым не прыхаваная, а выстрэльвае проста ў лоб апошнім сказам ці абзацам.
Але вось аб чым яшчэ падумалася: а помніце, пыталася нас настаўніца ў школе: “Дзеці, мы прачыталі з вамі апавяданне “Малыя дрывасекі”. Пра што вучыць нас гэты твор?”
Па сутнасці, тое апавяданне – адзін доўгі дыдактычны сказ (трошкі перабольшваю, вядома). Як і знакамітыя “Васількі” Міхася Лынькова. Як, зрэшты, ці не ўсё, што трапляе ў школьную праграму. Ды і агулам – што такое добрае апавяданне, лічым мы? Ды тое, ў якім “мараль”. Якое мо і не вучыць у лоб, але паказвае ці спрабуе даказаць мудрасць спрадвечных ісцін кшталту “не любі жонку бліжняга свайго”. Даруйце тут маё утрыраванне, але, давайце згадзімся, сутнасць такая.
І нам была добра знаёмая і зразумелая менавіта гэткая літаратура. Бо ж ведалі мы, што чалавек – каваль свайго шчасця, што ён – прычына і наступства. Зрэшты, так для нас і пісалі.
…Помніце, ёсць такая казка, ёсць і песенька, якую спяваў Уцёсаў – як гаспадару аднае сядзібы расказвалі пра нечаканую смерць старога сабакі. Чаму здох? Ды мяса аб’еўся. Якога мяса? Бо конь прапаў. Як прапаў? Ды зашмат вады вазілі… Сітуацыя, калі адна бяда чэпіцца за другую, і далей, і далей. Некалі мая мама сказала б на такую сітуацыю: “Нарабілася”.
Узяло – і нарабілася. Калі няма сэнсу шукаць прычыну і лавіць вінаватых. Бо – нарабілася. Заўважу, што да шмат якіх бедаў і здарэнняў даводзілася ў маленстве чуць менавіта гэты безасобавы дзеяслоў.
Дык вось…
“Нарабілася”. Дзе не чалавек рушыць дзею, няхай сабе ён і надзвычай актыўны ў пэўнай сітуацыі. Дзея рушыцца сама па сабе. Збег абставін і акалічнасцяў. Ці то гэта маладзён спрабуе уварваць адзін пацалунак і ў выніку валіць долу кабіну для галасавання (а далей – арышт і свеціць крымінальная справа), ці п’яніца-літаратар са сваімі прыгодамі. Па сутнасці, ўсе апавяданні Мудрова – гэта менавіта “Нарабілася”.
І ад гэтага ў творах знікае самая мінімальная дыдактыка. Героі кнігі не збіраюцца нікога вучыць нічому – ні сваім розумам, ні адвагай, ні дурасцю. Яны – па-за прычынамі.
Узнікае асаблівае стаўленне да кнігі і самога аўтара, які цалкам адасоблены як ад цябе, чытача, так і ад сваіх твораў. Наўрад ці цікава яму, што ты падумаеш пра таго падлетка-вяскоўца, які выявіўся не проста баязліўцам, але і подлым. (Праўда ж, нечаканы дысананс: сярод гарадскіх вясковы хлапчук мусіў, па правілах нашай жа беларускай літаратуры, быць кемлівым, асцярожным, але ж разумным ды адважным.)
Мудрову важна было зафіксаваць падзею. Ці невялікі ўспамін. Ці прыдумку-фантазію.
Але навошта такім чынам?
Бо “нарабілася” – гэта пра само жыццё. Мабыць жа, і пра адзін з галоўных прынцыпаў існавання існага: усё, што адбываецца, – нейтральнае па сваёй сутнасці. Ні добрае, ні злое, ні чорнае, ні белае. Гэта толькі нашы адносіны да пэўнай дзеі надаюць ёй якасныя характарыстыкі, адрозныя ад першапачатковай. Згадаем прыроду: што аднаму смертухна, другому – жыццё.
Па вялікім рахунку, скажу так: кніга пра марнасць чалавечых высілкаў і ўсякіх намаганняў хоць неяк зрушыць у свеце баланс дабра і зла, святла і цемры. Няхай нешта нейкае быццам і атрымліваецца, але тое – хімера і мроіва. Бо сам гэты падзел прыдуманы намі, ён сам – мроіва, і ў кожнага, урэшце, ён свой. Магчыма, надарыцца нейкі адзіны момант, каб у галовах самых упартых вернікаў у рух людскога племені да святла заззяў агеньчык надзеі. А больш, яны, вернікі, самі такі момант адшукаюць дзеля ўмацавання сваёй няўхільнай веры ў дабрыню людскую і прагрэс чалавецтва.
Не ведаю, ці мудрыў Мудроў з размяшчэннем сваіх апавяданняў у кнізе, але вось з такой пазіцыі яны размяшчаюцца цалкам апраўдана. Бо якая б дзея ні адбылася і калі б ні адбылася, яна, дзея, можа з лёгкасцю змяніць свой час і месца – хоць з мінулага сюды, хоць цяперашняе – туды, у мінулае. Трошачкі падфарбуем атрыбутыку хіба.
Бо людзі не змяніліся. Гэта другая, ускосная думка, пасля прачытання кнігі. Але першая, якая прынесла мне напамін пра маці, застаецца галоўнай: “Нарабілася”.
І нешта мне падумалася яшчэ, што ў нашай літаратуры, пра беларускую кажу, нямала такіх твораў, і ёсць яшчэ добрыя аўтары з добрымі апавяданнямі, дзе гэтае “нарабілася” гучыць ціхім мудрым шэптам. Ды ж нашае школьнае выхаванне і метадычкі вучаць абавязкова шукаць адказ на пытанне: “Чаму вучыць нас гэты твор?”.
А калі нічому? Як мне, дык і дзякуй. Калі некаму прыходзіць час пісаць такія творы, іншаму – час такія чытаць.
В. Г.
Замовіць кнігу Вінцэся Мудрова “Yesterday” можна тут: https://knihi.by/mudrou-vinces-yesterday