Калі ты знаёмы з вершамі значна раней, чым яны сабраліся ў кнігу, казаць пра іх нешта досыць няпроста. Суб’ектыўнасць яна такая. Але ў той жа час, калі ты больш-менш уяўляеш корпус тэкстаў, напісаных аўтарам, за час ад моманту выхаду папярэдняй кнігі, чытаючы новую, сачыць за тым, што ў яе ўвайшло, надзвычай цікава і нават хвалююча. За лёс некаторых радкоў перажываеш асабліва.
Новая кніга Міхала Бараноўскага “Volumen.3” – томік, адгарнуўшы вокладку якога, давялося прапусціць праз сябе цэлую купу самых розных адчуванняў. “Вежа з ваўчыных костак”: у ёй востра, нібыта паўсюль натыкаешся на штосьці балючае, і ў гэты ж час цябе працінае сцюдзёным ветрам восеньскага міжсезоння. Раздзел “Год замыкання зямлі” – тут адначасова і пра глабальнае эмпірычнае спасціжэнне сусвету і пра прэпарыраванне да душэўных драбніц. А вось “Зона рызыкоўнага земляробства” з карацелькамі пункціраў і хоку апынулася надзвычай ўтульнай, нібыта ўсаджваешся ў вялікі фатэль пад святлом лямпы і ўхутваешся цёплым пледам, і няважна, што ты чытаеш кнігу ў метро ці ў чыстым полі…
У “Volumen.3” няма той глыбіні, у якую ныраеш у “Volumen.2”, няма такой электрычнасці і магнетызму. І смак па прачытанні гэтых кніжак застаецца розны. Як і само чытанне. Калі спрабаваць падабраць вобразы да знаёмства з гэтымі кнігамі, то чытаць “Volumen.3” – гэта як падарожжа па рацэ, калі ты не ведаеш, як будзе паводзіцца плынь, і што з’явіцца за наступнай паваротккай рэчышча… А “Volumen.2” – гэта як каштаваць мёд з лугавых кветак… калі смак з кожнай секундай змяняецца, грае новымі нотамі і пасля застаецца яшчэ надоўга.
Да “Volumen.1” колькі не спрабую, вобраз не падбіраецца… дакладней ёсць толькі адзін: музыка, канцэртная, і чытанне са сцэны… але гэта не пра асацыяцыі, а пра ўспаміны канцэртаў гурта “Нельга забыць” і самаго аўтара.
Усе тры кнігі вельмі розныя. І кожная крутая па-свойму.
І хай тут будзе па адным вершы з іх. Не ўсе самыя любімыя, не. Але тыя, якімі хочацца падзяліцца зараз.
*
Нешта нейкае…
Пішчыць, ейкае…
На рукі просіцца…
Вокам косіцца…
Вые, чмокае…
Чортам скокае…
Целам туліцца…
У гулі гуліцца…
Абдымі, вазьмі…
Дык расплачацца…
Ну-ну-ну скажы…
Раскудлачыцца…
Што ты, гэткае…
Дзіва-дзіўнае…
Нешта нейкае…
Незабыўнае..
З “Volumen.1” (2016)
*
маўчанне дастала
ды лепей маўчаць
калі табе не стае “сказала”
гучанне прамоўленай пустаты
больш неагучанага дастала
што кажу і нашто кажу
і ці маю на нешта права
прабачэння ў вас прашу
за дождж што выпаў так нечакана
_
я пазбягаю вялікай вады
я напэўна іду не туды
да бязволля свайго прыкуты
я напэўна не йду нікуды
_
жаўтадзюбая маладосць
што нам Хронас зязюльчыным дзецям
стомлены бацька прамовіць досць
і дазволіць сабой наесціся
я шукаў які-небудзь сэнс
я згубіўся ў гэтым шуканні
а за спінай падняўся лес
са сваімі да нас пытаннямі
_
калі не пульсуе па венах біт
сфармуляваць сябе глінай і каменем
чакаць пакуль адгукне нябыт
жыць чаканнем
_
людзі гэтай зямлі ідуць
птушкі гэтага неба лятуць
што нясуць яны
чаго прагнуць
чым бясконцую
спатоляць смагу
_
свабода і роўнасць
кінутыя сабаку
косткай захраслі ў глотцы
правы й абавязкі
ніяк не змяшчаюцца
у аднамеснай лодцы
адплата за крыўду
смярдзіць крывёю
і гарам
але ізноў і ізноў
адплата мроіцца
у марах
мы не рабы
хочацца крыкнуць
але замірае голас
пернік і пуга
пуга і пернік
стакгольмскае кола
_
можна перакуліцца ў камень
гліну жалеза
можна маўчаць крычаць
і шукаць сабе месца
але толькі цяпло далоні
разрэжа сэрца
і само цябе знойдзе месца
_
тата вось карабель папяровы
ручай
пускай карабель
і бяжы
вясна ў паўнаводдзе
па кроплі збярэ капяжы
пусці карабель у гэтае мора
і проста жыві
вясна адгукнецца
на кожны прамень унутры
З”Volumen.2″ (2020)
*
за мінулыя содні без перамен
калыхае агонь ад зары да гары
не хапае вачэй каб пабачыць любоў
не на месцы дарога дадому ляжыць
ўкрыжаваны на ростанях заўтрашні дзень
родны голас знікае па той бок ракі
разліковы квіток развітальны матыў
мы такія як ёсць хоць цалуй хоць забі
утравелая памяць ўзарваны дзірван
пералётныя словы халоднай вясны
ў раскіданыя гнёзды нясуць птушанят
ўсё што маю сказаць ў далані буквара
красавік тваіх вуснаў гарыць на шчацэ
на жыццё калі ласка мяне блаславі
каб не страшна глядзець было ў цемру вакна
З “Volumen.3” (2024)