VOLUMEN.2 Міхал Бараноўскі

VOLUMEN.2 Міхал Бараноўскі

Лабараторная чысціня і музычная дысцыпліна

Творчасць – у любым выпадку працэс. У ім ёсць відавочныя прыдумванне, стварэнне і рэдагаванне. Але нават калі праца над канкрэтным творам скончана, творчасць працягваецца — у фідбэку і камунікацыі, новых знаходках, назапашванні матэрыялу. Гэта часта адбываецца па-за свядомасцю аўтара, і заўважыць уплыў чагосьці магчыма толькі тады, калі выпадковая размова, думка або сцэна вылезе ў новай працы.

Твор – закончанае выказванне. Але выказацца пра нешта канкрэтнае – далёка не заўсёды мэта аўтара. Калі пішаш словамі, гукамі або фарбамі дзеля працы, дзеля пошуку чагосьці, творчы працэс становіцца двойчы бясконцым. Некаторыя нават кажуць, што ўсё жыццё пішуць адзін і той жа тэкст. Але называць прамежкавыя вынікі — кнігі — стараюцца па-рознаму.

Новы зборнік Міхала Бараноўскага называецца «Volumen.2», па аналогіі з першай кнігай «Volumen.1». На вокладцы чорная і белая паловы памяняліся месцамі, выява засталася той жа. «Volumen.2» у два разы таўсцейшы і знутры аформлены заўважна больш стрымана, чым першы. Само слова volumen перакладаецца з нямецкай як умяшчальнасць, аб’ём, з лацінскай выгіб, кальцо, а таксама рукапіс. Акрамя гэтага, слова, асабліва ў спалучэнні з лічбамі, адсылае да англійскага volume, у якога ёсць значэнне «том» і якое ў адпаведным кантэксце перакладаюць як гучнасць. Чытачу цяжка не пачуць «волю» ў назве кнігі і не заўважыць выдзелены колерамі вокладкі lumen – лацінскае «святло». І гэта толькі відавочнае.

Шматслойнасць назвы дазваляе аўтару стварыць яшчэ некалькі «волюмэнаў», паспрабаваць на іх яшчэ шэраг варыянтаў афармлення. Калі ў першым зборніку яно хутчэй гуляла са «святлом» – некаторыя старонкі былі чорнымі цалкам, некаторыя — на траціну, на тры чвэрці, то дызайн другога зборніка хутчэй заснаваны на канатацыі, звязанай з гукам. Значкі з музычных прайгравальнікаў «плэй», «стоп», перамотка наперад – часткова замяняюць пунктуацыю і ператвараюць зборнік вершаў у трэк-ліст.

Творы ў ім сапраўды падобныя да песень. Разбіўка на радкі і строфы дакладна абазначае тэмп, паўзы і акцэнты ў тэксце. Рытм большасці вершаў дазваляе лёгка пакласці іх на музыку, дзесьці нават сустракаюцца прыпеўнападобныя рэфрэны.

Падборка тэкстаў выяўляе пэўную аўтарскую дысцыпліну – або ў тым, каб не пісаць пра адно і тое ж балючае, пакуль не выпішацца, або ў тым, каб не піхаць усё напісанае ў зборнік. Кожны верш захоўвае вобразную цэласнасць і сапраўды паўстае закончаным выказваннем. Тое, што расстаўляць у ім знакі прыпынку чытачу часам даводзіцца самастойна, нават на карысць. Аўтар у кожным тэксце застаецца са сваімі звычкамі і сваім стылем стварэння вобразаў, пры гэтым пазбягае паўтораў, не топіць чытача ва ўмоўных люстэрках нябёсаў.

Метафары пабудаваны як аргументы Для выказвання, часткі апісання, не падвешаны ў тэксце проста, каб было. Але і імі аўтар прыпраўляе творы дазірава- на. Многія вершы змяшчаюць сюжэ ты і дыялогі, таму агульная стылістыка выглядае натуральнай размоўнай.

На першы погляд, структура зборніка не мае канцэпцыі, вершы проста падзелены на камфортныя тэматычныя часткі. Нават у межах адной тэмы паэт не паўтараецца ў думцы, якую выказвае.

Птушкі на мосце

Першая частка мае назву «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Ёсць своеасаблівая іронія ў тым, што ўсе птушкі, якіх апісвае М. Бараноўскі, міфічныя. Кожная выступае сімвалам.

У большасці тэкстаў раздзела праступае дыялагічнасць, стылізаваныя звароты ў розных формах: ад язычніцкіх замоў да публічнай прамовы.

Другая частка падтрымлівае казачны дыскурс, зададзены ўпляценнем міфічных птушыных вобразаў у сучасны кантэкст. «Калінавы мост», адпаведна назве, — пра пераходныя станы паміж дзяцінствам і сталасцю, мінулым і будучыняй, чалавекам і яго продкамі. Паэт нанізвае на разважанне статычныя кадры і цэлыя сюжэты. Самае цікавае тут – тое, як расказаныя гісторыі або апісанні замяняюць метафару, працуючы на раскрыццё ідэі.

У тэксце з’яўляецца асоба аўтара. Па настроі нават не ўзнікае думкі, што гэта можа быць лірычны герой. Можа, і дарма. Але тут гэта, здаецца, не так і важна, бо «я» ўваходзіць у тэкст як частка чагосьці: сям’і, прыроды, часу, расказанай гісторыі.

вечнае дрэва ў дзедаўскім садзе
райскі птах на галіне гадзюка ў карэннях
і я зрываю зялёны яблык
не счакаўшы пакуль даспее
звон увушшу падхоплены ветрам
божанька клепіць касу на бабцы
ў гэтым звоне пад гэтым небам
пачуў я згукі жыцця і смерці
шчасця бляск каля самай прорвы
пакуту якая ўзносіць над людствам
аскоміну недаспяванай песні
таго што ёсць і таго што будзе
на лес глядзіць і расце малеча
ладзіць гнёзды ў каменных гмахах
убудаваны ў сіло панэлькі
дзіцячы домік на райскім дрэве

Элератас

Наступныя тры часткі – «Элегіі», «Эрас» і «Танатас» суцэльныя эксперыменты на пачуццях, выкананыя з уразлівай разнастайнасцю.

У «Элегіях» з’яўляецца стройны рытм, вобразы горада, постаць героя і класічнае «абстаноўка адлюстроўвае стан». Быццам для параўнання, кожны верш – назіранне за асобнай з’явай або разважанне па канкрэтным пытанні.

Кожнаму тэксту можна было б даць элегічны загаловак ці наклейку на прабірку з прэпаратам – «Адзінота», «Трывога», «Пустэча».

Частка «Эрас», як бачна па назве, утрымлівае вершы пра каханне. Тэма, у якой цяжка не паўтарыцца. Але мэта аўтара – не дыфірамбы каханай і не апісанне сваіх да яе пачуццяў. Каханне паўстае як шматбаковая з’ява, шэраг сітуацый, кожная з якіх адчуваецца па- рознаму. Мова, насычаная метафарамі, захоўвае там, дзе трэба, анатамічную дакладнасць. Увогуле, рэакцыям цела тут адведзена даволі шмат увагі. Каб перанесці іх у тэкст элегантна, без ханжаства, патрэбны пэўны запас таленту. Ураўнаважвальная пара «Эрасу» частка «Танатас» засяроджана на смерці. Аўтар разбірае многія ракурсы погляду на тэму: назіранне здалёк, назіранне побач, спроба зазірнуць у сваю і чужую галаву, за дазволеныя межы. Тут вялікі акцэнт зроблены на псіхалагічнай дакладнасці.

колькі трэба накапіць чалавечнасці
каб адказваць ёй на бесчалавечнасць
дзе тыя вагі каб можна было ўзважыць
іду побач з вальерамі
прыслухоўваюся да звера ўнутры
правяраю ці моцныя краты
ці надзейна зачынены засаўкі
на 1/10 млн я таксама забойца
пэўна гэтага сапраўды замала для згрызотаў сумлення
на курок прыйдзецца націскаць камусьці адному
тата тата радуецца дзіцёнак
сустракаючы на парозе кватэры ката
ой ты маё кацянятка чуецца ў адказ

Прастора між кропкамі

Перадапошняя частка «Пункцірам» – яшчэ адно надзвычайнае супадзенне назвы і зместу. Разважальныя, філасофскія тэксты быццам збіраліся, нанізваліся на агульны стрыжань паўканцэптуальна, паўінтуітыўна. Так званыя «ўдарныя канцоўкі» спрацоўваюць толькі лепш ад таго, што ланцуг вобразаў ніяк не намякае на тое, куды ў выніку прывядзе. Аўтар быццам спрабуе адшукаць сувязі ўсяго на свеце з усім, блізкасць паміж самымі нечаканымі рэчамі і ў гэты шчыльна сшыты свет уплесці сябе і чалавечую прыроду ўвогуле.

Завяршальны раздзел кнігі называецца «Свабода». Вершы ў ім у пэўным сэнсе рухаюцца за папярэдняй часткай, але становяцца менш вобразна дэталізаванымі, больш рэфлексіўнымі і эмацыянальнымі. Ад іх патыхае задушлівай жнівеньскай спёкай, быццам аўтар намагаўся справіцца з нечым невыносна цяжкім і дзеля гэтага імкнуўся перакласці свой цяжар у тэкст. Тым не менш у гэтых вершах працягваецца сінхранізацыя думак са знешнім светам, разважлівасць, назіральнасць аўтара, якія не перашкаджаюць яму выказвацца дакладна і востра там, дзе гэтага патрабуе ўнутраная логіка тэксту.

выбар адымае волю
пазбаўленыя выбару пазбаўлены пакутаў
позірк адвялі ад неадназначнага
супакоілі яго на заўсёдным
не трэба думаць
не трэба прымаць рашэнняў
свабода
дзе ад цябе інструкцыя
як жыць з табой
што рабіць з табою
бярыце за непатрэбай
лепш дайце нешта карыснае
iдy
ем яблык
разважаю пра нашыя нацыянальныя рысы
гляджу наўкол
не ведаю куды падзяваць агрызак

Два бакі аднаго дыска

Цікава, як будзе называцца трэці зборнік Міхала Бараноўскага. Калі параўноўваць два ўжо наяўных, цяжка сказаць, што яны павінны ўспрымацца як нешта цэласнае або другі – працяг першага. Напэўна, «Volumеп.1» быў больш рамантычна настроены, расказваў больш містычныя гісторыі, глыбей засяроджваўся на вобразным складніку. Але «Volumen.2» не прайграе ні ў эмацыянальнасці, ні ў паэтычным майстэрстве. Другі зборнік лепш упарадкаваны, структураваны, тут менш гульні са словамі і гукапісам, а больш глыбіні выказвання. «Volumen.2» – закончанае выказванне, складзенае з больш дробных. Ні ў адным з іх аўтар не паўтарыўся, ні ў адным не схалтурыў ні шчырасцю, ні вобразамі. Тут папрацавалі не толькі над напісаннем і запісам, але і над звядзеннем і рэдагаваннем гуку, таму ўсе дарожкі гучаць адстроена і аднародна.

Дар’я СМІРНОВА. (“Літаратура і мастацтва” No 45, 27 лістапада 2020)


“Кніжка харошая, прыгожая. З белымі старонкамі і чорнымі літарамі”

Гартаючы новае выданне ў кнігарні, я заўважыў верш пра коціка. “Кніга, у якой ёсць верш пра коціка, не можа быць дрэннай” — запэўніла жонка. І, вядома, мела рацыю.

“VOLUMEN.2” — другая кніга Міхала Бараноўскага. Першая, як лёгка здагадацца, мае назву “VOLUMEN.1”. Чаму так? Аўтар тлумачыць гэта з гумарам: невядома, калі дачакаешся збору твораў, таму можна патрохі выдаваць яго ўжо цяпер (два томікі прынамсі ёсць). Акрамя таго, у інтэрв’ю Міхал прыводзіць аналогію з музычным гуртом “Led Zeppelin”, першыя чатыры альбомы якога таксама выходзілі пад нумарамі. Там, праўда, намешаны руны, якія абазначаюць кожнага ўдзельніка. Аднак нельга выключаць, што і ў выпадку з беларускім паэтам такі падыход з’яўляецца не толькі данінай постмадэрнізму, але і мае значна больш глыбокі сэнс, пра які мы даведаемся значна пазней, з выхадам новых зборнікаў. А можа і не даведаемся — што ж гэта за схаванае пасланне, калі кожны яго разумее?

Аўтар прызнаецца, што яшчэ перад выхадам першай кнігі (2016 г.) вершы перасталі пісацца. Але потым нечакана прарвала ў канцы 2018-га: за паўтара гады з’явіўся корпус тэкстаў для новага выдання. Амаль усе творы ўзніклі “на хвалі”, на адном дыханні. А пачалося з такіх радкоў:

дзе напаткаеш песню сваю
давай паспрабуй адкажы
можа быць на пялёстку ружы
можа быць на нажы
голас высах нібы ручай
голас пясок і шкло
немым крыкам крычыць адчай
поўні ў крамяны лоб
зноў вучуся сябе прамаўляць
і адчуваць услых
быццам я зусім немаўля
быццам зусім малы
птушка сірын ляціць праз ноч
песню трымае ў дзюбе
бы птушаняці
у вусны мае
радасць нясе
і згубу

Нават не ведаючы, кім працуе аўтар (спойлер — загадчыкам музея Максіма Багдановіча), усё роўна можна заўважыць сувязь з класікам. Перш за ўсё яна праяўляецца ў грунтоўнай працы са структурай кнігі: як і культавы “Вянок”, яна мае сваю канцэпцыю і нават сюжэт. А таксама выразна прарываецца скрозь тэкст, калі лірычны герой кідае позірк “на папяровага Страцім-лебедзя” або ўзгадвае “гэтакі боль, што не кожны здалее стрываць”.

Пачынаецца зборнік з нізкі вершаў пад агульнай назвай “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Цікава, што яна была ўпершыню надрукавана на пачатку 2020 г., то-бок яшчэ да таго, як гэтае найменне набыло дадатковы сэнс. Сам аўтар адзначае, што нізка з’яўляецца для яго вельмі важнай. Пачынаецца яна з даволі вобразнай, але выразнай спробы асэнсаваць сваё месца ў свеце:

не двухгаловы арол
не ожэл
з раскіданага
але свайго гнязда
паходжу
неба п’ю шэрань
і шэрані гэтай малюся
на ружы вятроў
на крыжы дарог
на попеле Беларусі

Адметным з’яўляецца яшчэ адзін урывак з дэбютнага верша, які наўрад ці патрабуе дадатковых каментароў:

а пакуль пажыву
на сваю галаву
упоперак крыўды і праўды
буду сам называць
буду сам выбіраць
уласную волю і крат

Раскрыўшы птушыную тэматыку, Міхал запрашае нас вярнуцца ў дзяцінства. “Калінавы мост” — флэшбэк у мінулае, дзе ў вёсцы жывуць дзед і баба, а сам аўтар, поўны юначай фантазіі, прадзіраецца скрозь трапічныя джунглі (то-бок чарот і траву ў два росты). Праўда, многія вершы (ці іх урыўкі) адлюстроўваюць далёка не дзіцячае стаўленне да жыцця. Узнікае жаданне раздрукаваць іх ды павесіць у рамку.

захацеў вярнуцца і ўсё выправіць
а там замест уласных памылак ужо чужыя
***

гадзіннік што спыніўся ў старой хаце
двойчы на дзень паказвае дакладны час
а мой наручны
што спяшаецца на 5 хвілін
ніколі

***

Гісторыя Беларусі як адрыўны каляндар
Старыя старонкі дзеці парэзалі на калажы
І ілюстрацыі да сценгазеты
Хтосьці зрабіў бусліка
Хтосьці прыхапіў асабліва нялюбыя ў прыбіральню
Хтосьці скруціў папяроску
Альбо распаліў у печы каб прыгатаваць табе есці

Зборнік наскрозь працінаюць тэмы ўнутранай пустаты і пошукаў сябе. Асабліва выразна гэта можна ўбачыць на прыкладзе элегій — меланхалічных разваг, у якіх аўтар прыслухоўваецца да ўнутранага сусвету, шукае адказы. Пры гэтым разумеючы, што яны наўрад ці спадабацца: “шукаю сябе ды ці буду я рады знаходцы”.

Агульны настрой кнігі я б назваў халодным, сырым, асенне-зімнім. Гэта перадаецца не толькі праз эмацыйны фон, але і вобразы: “бяжы не бяжы ў люстэрку ўсё той жа дождж”; “холадам вуліц іду”; “холад і цішыня струной пранізалі моўкнай”.

Што варта асобна адзначыць, дык гэты інтымныя творы з раздзелу “Эрас”. Эмоцыі і фарбы перададзены тут яскрава, чулліва, пераканаўча і пры гэтым без страты фізіялагічнасці:

цела губляе важкасць
неба куляецца зноў
непатрэбнае больш адзенне
ляціць далоў
і мы нібы першыя з усіх людзей
анёлы туруюць сонмам
ці ёсць на свеце музыка саладзей
музыкі тваіх стогнаў
паміраю
і нараджаюся зноў
у тваім улонні
цябе
без астачы сёння
сабой напоўню

Працягваючы канцэпцыю, за “Эрасам” ідзе “Танатас” — нізка вершаў пра смерць. Я проста пакіну тут першыя тры радкі, а вы самі вырашайце, што з імі рабіць:

глядзі
як сёння страляюць тыя
хто ўчора спяваў не страляй

Трапныя думкі сустракаюцца ў кнізе даволі часта – на многіх старонках можна знайсці ажно па некалькі пярлінак. Тым і адметны вершы Бараноўскага, што асобныя іх кавалачкі можна вырваць з канстэксту, але пры гэтым яны застануцца цэльнымі і самастойнымі выказваннямі. Асабліва вылучаецца гэтым раздзел “пункцірам”, які, па сутнасці, уяўляе сабой сукупнасць кароткіх думак, замалёвак ці роздумаў.

быццам рыба ў забытай
браканьерамі сетцы
захрас бязвольна ў стужцы навінаў

***
дзень зімовага сонцастаяння
вучыць што цемра не можа
цягнуцца вечна
летам самы даўгі дзень
навучыць адваротнаму

Раздзел “Свабода” — апошні ў кнізе (пасля вяртання ў дзяцінства, дарослага “Эрасу” і немінучага “Танатасу”). Аўтар падрабязна разглядае яе не як мэту, а хутчэй як філасофскую катэгорыю, да якой яшчэ трэба знайсці падыход.

свабода
дзе ад цябе інструкцыя
як жыць з табой
што рабіць з табою
бярыце з непатрэбай
лепш дайце нешта карыснае

Чытыч ужо заўважыў, напэўна, што аўтар не ўжывае ў тэкстах ні знакаў прыпынку, ні нават вялікіх літар. Падпісваючы кнігу, Міхал заўважыў, што пунктуацыя ў вершах — дужа складаная тэма. Таму, калі яму прапанавалі ўвогуле яе прыбраць, ахвотна пагадзіўся. І, на мой погляд, не схібіў, бо праз такі крок творы набылі новыя адценні. Адно красамоўнае выключэнне з вялікай літарай, праўда, усё ж знайшлося:

градыенты шэрага
божанька выбірае
над Беларуссю

Рэзюмэ: ладны, канцэптуальны, часам меланхалічны зборнік эмоцый, роздумаў ды ўспамінаў (так і хочацца напісаць: “думак шчырых і жыцця”). Як адзначае аўтар, добрыя кнігі паэзіі перачытваюцца па некалькі разоў. “VOLUMEN.2” я прайшоў ужо двойчы, прычым планую вярнуцца яшчэ. Значыць, кніга добрая ці, як ахарактарызаваў яе сам Бараноўскі “харошая, прыгожая. З белымі старонкамі і чорнымі літарамі”. Не магу не пагадзіцца.

P.S. Ледзь не забыў – урывак з таго самага верша пра коціка:

ліска прыйшла ў госці на падворак
а ў нас ні пеўніка
каб яго ўкрасці
ні катка
каб ад яго збегчы

Homa_Bellit для TAUBIN 

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

One thought on “VOLUMEN.2 Міхал Бараноўскі

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме