SloMo. Максім Жбанкоў

SloMo. Максім ЖбанкоўНовая кніга Максіма Жбанкова – суплет пярэстых (стылістычна і моўна) тэкстаў, аб’яднаных агульнай тэмай: айчынная культура мінулага дзесяцігоддзя і яе падставовыя праявы. Аўтар, як заўжды, аджыгае ды інцярэснічае. Шукае кідкія маркеры для персон і сітуацый. Пазнчае паходжанне новых герояў і даследуе тэхнікі беларускага поспеху. Тлумачыць адхіленні і паталогіі. Запрашае да спрэчак і нязгоды. Адбудоўвае прастору крытычнага мыслення – для тых, хто хоча большага і робіць нечаканае.

Для тых, хто хоча выбудаваць культурную будучыню.

(З анатацыі)


Культуралагічны страбаскоп, жангляж наваязам і тутэйшымі маркерамі, цыганскі гіпноз на службе крытыкі – невыносна чытаць і немагчыма адарвацца. Здаецца яшчэ крыху і зацікае вейка, альбо здарыцца лексічна-эпілептычны прыпадак. Мы бачым/вербалізуем свет так па рознаму, што здаецца стаім адзін да аднога спінай. Такое вось парадаксальнае адчуванне локця – такая светаглядная прорва.

Быццё маўкліва патрабуе вытлумачэння – і хтосьці, усведамляючы ўсю бессэнсоўнасць кажа – окей. Калі сэнсу няма – то гэтая справа нечага вартая. Смеццевы вецер культуры ў рэжыме SloMo – спыніся імгненне, бо зараз я званітую.

Антымузейшчык Жбанкоў запавольвае час і праводзіць экскурсію па барахолцы сэнсаў. Прыладжвае да артэфактаў двухбаковым скотчам эксплікацыі і раздражняе дакладнасцю апісанняў. Прывітанне калега.

Культурны дызайн паддаецца вызначэнню прасцей, сацыяльны збягае скрозь пальцы пяском.  Няма прарока ў часы построка.

SloMo – кніжка, якая распавядае пра тых, хто спазніўся на апошні цягнік, для тых, хто спазніўся на апошні цягнік. Чым яшчэ бавіцца ў залі чакання на станцыі “Беларусь” – папрасіць аўтара падпісаць асобнік?

Міхал Бараноўскі.

Пакінуць адказ