Silva Rerum. Крысціна Сабаляўскайце (Сяргей Шупа)

Silva Rerum. Крысціна Сабаляўскайце (Сяргей Шупа)

“Silva Rerum” – гэта тэтралогія, але я напішу пра кожную частку асобна. Бо ўжо цяпер магу сказаць, што гэта будзе мая галоўная кніга 2026 года. А можа быць  – і ваша 😉

📙 “Silva Rerum” – гэта гістарычны раман літоўскай пісьменніцы Крысціны Сабаляўкайце, які ахоплівае перыяд больш чым у стагоддзе – з другой паловы 17-га да канца 18-га. Падзеі адбываюцца ў Вільні, у Жамойці, на беларускіх землях (у першай кнізе – Жамойць і Вільня).

🧶 “Silva Rerum” – сямейная сага, бо ў цэнтры – шляхетная сям’я Нарвойшаў. Іх галоўныя ўладанні, Мільконты, знаходзяцца ў Жамойці. Кожная новая кніга – пра наступнае пакаленне Нарвойшаў.

❤️ “Silva Rerum” – вельмі сучасная кніга з пункту гледжання псіхалагізма. Магчыма, тагачасныя людзі не былі здольныя на такія рэфлексіі і разважанні, але я ў захапленні ад таго, як Сабаляўскайце раскрывае характары сваіх герояў. Нават каханне, якое мяне цяпер у літаратуры часцей раздражняе ці смяшыць, тут такое, што былі дрыжыкі па скуры ад хваляванняў за лёс герояў. Сабаляўскайце і мяне саму крышачку закахала у аднаго з галоўных герояў першай кнігі 🤭

✨ “Silva Rerum” неверагодна цікава чытаецца не толькі праз захапляльны сюжэт, але і праз тое, як аўтарка раскрывае эпоху, як апісвае быт, звычкі, адзенне. Крысціна Сабаляўскайце – перад усім доктарка мастацтвазнаўства, і яна як рыба ў вадзе ў той эпосе. У першай кнізе шмат падзей адбываецца ў Вільні, і я цяпер, гуляючы па горадзе, бачу яго праз прызму кнігі. Іду па Stiklių gatvė, напрыклад, і ўяўляю, дзе тут маглі ісці Ўршуля, Казімір ці Біронт.

📝 У кнізе амаль няма дыялогаў ці яны схаваныя ў тэкст. Таму візуальна можа падацца, што кніга складана напісаная – шчыльны тэкст з бясконцымі сказамі і мінімумам абзацаў. Але чытаецца яна лёгка, ты трапляеш у аўтарскі рытм, і ён нясе цябе да апошняй старонкі. А пасля яшчэ доўга жывеш унутры кнігі (калі не пачынаеш адразу наступную 😁).

📎 Дарэчы, Silva Rerum – гэта лацінская назва сямейных кніг, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, куды запісваліся нараджэнні і смерці, разважанні, вершы, рэцэпты і г.д. Такая ёсць і ў Нарвойшаў.

kniznyja_razmovy.


Не паўтарайце маіх памылак. Нават пасьля зорных рэв’юсаў я не была ўпэўненая, ці мне спадабаецца “Silva Rerum” Крысьціны Сабаляўскайце, і набыла толькі першую частку.

І кусала сабе локці на апошняй старонцы, бо кошты дастаўкі з Варшавы на брытанскую выспу нейкія драконаўскія, а мытня трымае пасылку па два тыдні.

З роспачы я кінулася ў лонданскія чаты, шукаючы кніганошаў, што ў бліжэйшыя дні едуць на кантынэнт — ва ўсходнеэўрапейскія цэнтры беларускай культуры: Вільня-Варшава-Прага. На шчасьце, мяне скіравалі ў нашае мясцовае выдавецтва “Skaryna Press” (Скарына), якое акурат мела другую частку кнігі ў наяўнасьці!

На першай частцы я вагалася недзе паміж Каласамі і Гілары Мэнтэл. Але слова чаплялася за словам, перарастала ў сказы даўжынёю ў параграф, параграфы — даўжынёю ў старонку. Ледзь прадзіраючыся праз безьліч косак, гістарычных дэталяў і багатых вобразаў, я нават падумвала кінуць чытаць на першых пяцідзесяці старонках (часам я так раблю).

Але! Не паўтарайце маіх памылак! Бо насычаны гістарычнымі тэрмінамі раман ад доктаркі гісторыі мастацтва прарастае ў вас, як дзікі вінаград: віецца ўсё глыбей і глыбей, чапляецца за вашае ўяўленьне закручанымі парасячымі хвосцікамі.

Парасячыя хвосцікі — мае любімыя яшчэ з часоў студэнцтва! Вось жа каго нагадвае яе стыль — калі з дробязнай дэталі раскручваецца цэлая глава, калі з маленькага насеньня проста ў вашых руках, у якіх вы трымаеце кнігу, вырастае вялізарнае, разлапістае дрэва. “Маркесаўскі раман” — цытата Вольгі Такарчук ужо ёсьць на тыльнай вокладцы першай часткі, на якую я спачатку не зьвярнула ўвагі.

У момант адчаю я нават хацела набыць трэцюю і чацьвёртую часткі па-польску, бо па-ангельску няма зусім, а па-літоўску і па-француску я не ўмею. Але Ihar Ivanou мяне запэўніў, што Сяргей Шупа абяцаў да Новага году выдаць апошнія дзьве часткі.

Мне засталося роўна 69 старонак да канца другой кнігі. Я яшчэ не ведаю, чым яна скончыцца, але напэўна нечым неспадзяваным, што зьвяжа мудрагелістыя сюжэтныя лініі, якія вырысоўвала нам аўтарка цягам усяго раману, у адзін клубок, дзе розныя характары і падзеі пераплятаюцца нарэшце разам. І — таямніцай, завязкай новага сюжэту, бо аўтарка ад пачатку задумала сэрыял і інтрыгуе, заахвочваючы нас чакаць наступную частку.

Я, дарэчы, разам з “Silva Rerum” набыла яшчэ некалькі даўно заплянаваных кніг з “Кнігаўкі”, потым — трошку менш заплянаваных ад “Skaryna Press”, а потым — і зусім не заплянаваных ад Ігара, калі ён прыцягнуў у паб цэлы цяжкі заплечнік, набіты новенькімі кнігамі.

Таму заняцца ёсьць чым, але чытаю я цяпер хутка, дык спадзяюся, што дзьве апошнія часткі выйдуць таксама хутка!

Ледзь не забылася: у кнігах шмат жорсткага, брутальнага, цынічнага — прыпраўленага крывёю, каханьнем і сэксам.

Alesia Sidliarevich.


Цыкль гістарычных раманаў «Silva rerum» доктаркі мастацтвазнаўства Крысьціны Сабаляўскайце — адна з самых значных падзей у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігодзьдзяў, якая атрымала ўвагу і прызнаньне ў Літве і за мяжой. У Латвіі раманы «Silva rerum» былі абраныя ў спіс 100 самых любімых кніг латышоў усіх часоў. Пасля публікацыі ў Польшчы першы раман цыклю стаў бэстсэлерам, а ў 2016 г. выйшаў у фінал прэстыжнай цэнтральнаэўрапейскай літаратурнай прэміі «Angelus». Літоўскія чытачы, выбіраючы ў 2018 г. сто кніг стагодзьдзя, прысудзілі «Silva rerum» трэцяе месца.

***

Выдатна напісаны, маркесаўскі раман, дзея якога адбываецца ў Літве XVII стагодзьдзя і які разам з тым нагадвае, што гісторыя Цэнтральнай Эўропы — гэта наш агульны наратыў. Вольга Такарчук

Крысціна Сабаляўскайце сёньня — адна з самых значных аўтарак гістарычнага раману сучаснасьці. Фляран Жаржэско, Le Monde

(З анатацыі)

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме