Не паўтарайце маіх памылак. Нават пасьля зорных рэв’юсаў я не была ўпэўненая, ці мне спадабаецца “Silva Rerum” Крысьціны Сабаляўскайце, і набыла толькі першую частку.
І кусала сабе локці на апошняй старонцы, бо кошты дастаўкі з Варшавы на брытанскую выспу нейкія драконаўскія, а мытня трымае пасылку па два тыдні.
З роспачы я кінулася ў лонданскія чаты, шукаючы кніганошаў, што ў бліжэйшыя дні едуць на кантынэнт — ва ўсходнеэўрапейскія цэнтры беларускай культуры: Вільня-Варшава-Прага. На шчасьце, мяне скіравалі ў нашае мясцовае выдавецтва “Skaryna Press” (Скарына), якое акурат мела другую частку кнігі ў наяўнасьці!
На першай частцы я вагалася недзе паміж Каласамі і Гілары Мэнтэл. Але слова чаплялася за словам, перарастала ў сказы даўжынёю ў параграф, параграфы — даўжынёю ў старонку. Ледзь прадзіраючыся праз безьліч косак, гістарычных дэталяў і багатых вобразаў, я нават падумвала кінуць чытаць на першых пяцідзесяці старонках (часам я так раблю).
Але! Не паўтарайце маіх памылак! Бо насычаны гістарычнымі тэрмінамі раман ад доктаркі гісторыі мастацтва прарастае ў вас, як дзікі вінаград: віецца ўсё глыбей і глыбей, чапляецца за вашае ўяўленьне закручанымі парасячымі хвосцікамі.
Парасячыя хвосцікі — мае любімыя яшчэ з часоў студэнцтва! Вось жа каго нагадвае яе стыль — калі з дробязнай дэталі раскручваецца цэлая глава, калі з маленькага насеньня проста ў вашых руках, у якіх вы трымаеце кнігу, вырастае вялізарнае, разлапістае дрэва. “Маркесаўскі раман” — цытата Вольгі Такарчук ужо ёсьць на тыльнай вокладцы першай часткі, на якую я спачатку не зьвярнула ўвагі.
У момант адчаю я нават хацела набыць трэцюю і чацьвёртую часткі па-польску, бо па-ангельску няма зусім, а па-літоўску і па-француску я не ўмею. Але Ihar Ivanou мяне запэўніў, што Сяргей Шупа абяцаў да Новага году выдаць апошнія дзьве часткі.
Мне засталося роўна 69 старонак да канца другой кнігі. Я яшчэ не ведаю, чым яна скончыцца, але напэўна нечым неспадзяваным, што зьвяжа мудрагелістыя сюжэтныя лініі, якія вырысоўвала нам аўтарка цягам усяго раману, у адзін клубок, дзе розныя характары і падзеі пераплятаюцца нарэшце разам. І — таямніцай, завязкай новага сюжэту, бо аўтарка ад пачатку задумала сэрыял і інтрыгуе, заахвочваючы нас чакаць наступную частку.
Я, дарэчы, разам з “Silva Rerum” набыла яшчэ некалькі даўно заплянаваных кніг з “Кнігаўкі”, потым — трошку менш заплянаваных ад “Skaryna Press”, а потым — і зусім не заплянаваных ад Ігара, калі ён прыцягнуў у паб цэлы цяжкі заплечнік, набіты новенькімі кнігамі.
Таму заняцца ёсьць чым, але чытаю я цяпер хутка, дык спадзяюся, што дзьве апошнія часткі выйдуць таксама хутка!
Ледзь не забылася: у кнігах шмат жорсткага, брутальнага, цынічнага — прыпраўленага крывёю, каханьнем і сэксам.
Цыкль гістарычных раманаў «Silva rerum» доктаркі мастацтвазнаўства Крысьціны Сабаляўскайце — адна з самых значных падзей у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігодзьдзяў, якая атрымала ўвагу і прызнаньне ў Літве і за мяжой. У Латвіі раманы «Silva rerum» былі абраныя ў спіс 100 самых любімых кніг латышоў усіх часоў. Пасля публікацыі ў Польшчы першы раман цыклю стаў бэстсэлерам, а ў 2016 г. выйшаў у фінал прэстыжнай цэнтральнаэўрапейскай літаратурнай прэміі «Angelus». Літоўскія чытачы, выбіраючы ў 2018 г. сто кніг стагодзьдзя, прысудзілі «Silva rerum» трэцяе месца.
***
Выдатна напісаны, маркесаўскі раман, дзея якога адбываецца ў Літве XVII стагодзьдзя і які разам з тым нагадвае, што гісторыя Цэнтральнай Эўропы — гэта наш агульны наратыў. Вольга Такарчук
Крысціна Сабаляўскайце сёньня — адна з самых значных аўтарак гістарычнага раману сучаснасьці. Фляран Жаржэско, Le Monde
(З анатацыі)
