Porta Nigra. Максім Кутузаў

Porta Nigra. Максім КутузаўЧаста пра выбітных дзеячоў кажуць, што яны нарадзіліся і жылі не ў тым месцы, не ў той час. І вось у беларускай літаратуры з’явіўся твор, пра які можна сказаць, што ён з’явіўся не ў той краіне. Калі б гэты раман выдалі ў Германіі, Нарвегіі ці ў Вялікабрытаніі, ён быў бы асуджаны стаць бэстсэлерам. У нашым жа грамадстве яго могуць не зразумець, альбо зразумець не так. Спадар Кутузаў у дваццаць тры гады напісаў твор такога ўзроўню, якога, на вялікі жаль, не атрымліваецца дасягнуць многім літаратарам за ўсё жыццё.

Скажу шчыра, я чакаў, калі аўтар напіша працяг сваёй першай кнігі “Князь-Ваўкалак”. І я нават уявіць сабе не мог, што спадар Кутузаў здольны здзейсніць настолькі рэзкі пераход: ад лёгкага забаўляльнага падлеткавага фэнтазі да сур’ёзнай змрочнай фантастыкі, у глыбіні якой на другім і нават трэцім планах, хаваецца дарослы востры сацыяльны падтэкст. Нягледзячы на фантастычнасць падзей, якія адбываюцца ў кнізе, аўтар на іх фоне ненадакучліва ўздымае пытанні і праблемы, кія зараз хвалюць многіх свядомых беларусаў.

Цікава, што вокладку для па-сапраўднаму еўрапейскай беларускай кнігі падрыхтавала мастачка, якая жыве ў Францыі і якая там жа атрымала мастацкую адукацыю.

Зараз яшчэ невядома, хто ў наступным годзе будзе прэтэндаваць на прэмію Гедройца, але аўтарам давядзецца прыкласці вялікія намаганні, каб напісаць штосьці, што перакрые значнасць гэтага твора для сучаснай беларускай літаратуры.

YanZahmyaleuski


Прыемна назіраць прагрэс аўтара ад дэбютнай кнігі да наступных. Ад тоненькай кнігі ў мяккай вокладцы да саліднага цвёрдага выдання з крэмавай паперай. Максім Кутузаў у новым рамане зрабіў істотны крок наперад у параўнанні з папярэднім творам “Князь-ваўкалак”. Прынамсі, зразумеў, што кніга — гэта не толькі сюжэт, але і героі з іх псіхалогіяй, думкамі і акружэннем, якое не проста дэкарацыі, абазначаныя ў пачатку кнігі.

Калі б гэты раман выдалі ў Германіі, Нарвегіі ці ў Вялікабрытаніі, яму было б наканавана стаць бэстсэлерам.

Так сцвярджае спадар Ян Захмялеўскі ў тэксце, змешчаным на задняй частцы вокладкі. “Сильное заявление”, як казаў адзін вядомы тэлевядучы, але мы яго праверым.

У апошнія гады назіраецца ўсплёск цікавасці да чарнобыльскай тэмы. Серыял “Чарнобыль” быў нібыта спускавым механізмам. Пачалі выходзіць кнігі звязаныя і не звязаныя з серыялам, людзі кінуліся глядзець дакументалкі і пераасэнсоўваць трагедыю. З’явіліся праекты, якія ўздымаюць тэму небяспекі радыяцыі, часам вельмі своеасабліва, напрыклад, папулярны нямецкі серыял “Dark”.

Гэтай тэме ўздымаецца і ў новым рамане Максіма Кутузава. Беларускі дактарант-фізік Аркадзь Каршакевіч выпраўляецца праз усю Германію ў горад Трыр, каб там працягваць навучанне і працаваць у мясцовым інстытуце. Важна заўважыць, што герой паходзіць з зоны радыеактыўнага забруджання: нарадзіўся ў Брагіне Гомельскай вобласці. Гэтая інфармацыя прымушае задумацца ўжо на першай старонцы кнігі, калі яшчэ звярнуць увагу, што нарадзіўся Аркадзь у снежні 1986 года. Чарнобыль для яго — не пусты гук.

Але з Беларусі наш герой з’язджае, атрымаўшы месца дактаранта ў нямецкага прафесара Фогеля. Трыр — найстарэйшы горад Германіі, дзе нарадзіўся Карл Маркс. Адна з галоўных славутасцяў і сімвал горада — легендарныя антычныя вароты Porta Nigra, у гонар якіх кніга і атрымала назву.І яны з’яўляюцца важным элементам кнігі.

Вялікую частку рамана займае апісанне таго, як герой дабіраецца да Трыра і бязмежна захапляецца Еўропай, у прыватнасці Германіяй. Напрыклад, наколькі крутыя ў іх цягнікі, гэта вам не электрычка Мінск-Барысаў. Адна справа, калі б гэта было простае апісанне плюсаў Германіі, але аўтар не стамляецца параўноўваць яе з Беларуссю, і старонцы на 60 мне крышку надакучылі бясконцыя рэверансы ў бок еўрапейцаў і іх культуры, маўляў, там усе такія ветлівыя, цудоўныя, а ў нас — жах, адно нявыхаванае хамло жыве.

Галоўны герой валодае цікавай здольнасцю: ён можа бачыць мінулае, і з дапамогай гэтага хоча вяртаць страчаныя беларускія каштоўнасці. Напрыклад, крыж Ефрасінні Полацкай. Толькі вось такая важная дэталь займае зусім малы аб’ём кнігі, хаця патэнцыял у гісторыі вялікі.

Калі пачалі адбывацца больш-менш цікавыя падзеі, з’явілася нейкая дынаміка, я зразумела, што да канца кнігі засталося не так і шмат старонак. І ўсё асноўнае аказваецца ў самым канцы твора, праз што фінал выглядае паспешлівым. Нібыта аўтар толькі пачаў атрымліваць асалоду ад свайго тэксту, распісаўся, зрабіў персанажаў аб’ёмнымі, са сваёй гісторыяй і матывацыяй… Як падышоў нейкі злы дзядзька і сказаў: “У цябе ёсць 5 хвілін, каб скончыць гэта”. Давялося аўтару тэрмінова шукаць развязкі ўсіх сюжэтных ліній.

У рамане аўтар выкарыстоўвае літаратурны прыём, які добра спрацаваў для мяне першы раз, але чым часцей Кутузаў яго выкарыстоўваў, тым менш значным прыём станавіўся. Падзеі ў рамане адбываюцца ў 2011 годзе, і сучасны чытач мае ўяўленне, што з таго часу змянілася ў свеце. І вось аўтар апісвае размову сяброў:

Ты можаш сабе ўявіць, што арку ў Пальміры хто-небудзь разбурыць ці, да прыкладу, што ў Нотр-Даме адбудзецца жудасны пажар напярэдадні якога-небудзь надзвычай значнага хрысціянскага свята? На Вялікдзень, скажам?

Мы жывём у 2020 і ведаем, што ў 2015 ісламскай дзяржавай была канчаткова знішчана Манументальная арка Пальміры, а 15 красавіка 2019 года адбыўся пажар у саборы Парыжскай Божай Маці, якраз напярэдадні Вялікадня. Справа ў тым, што гэта было не першае выкарыстанне такога прыёму, і з кожным разам ён працаваў усё менш. Я толькі стомлена ківала галавой і думала: “Ну добра, хлопча, мы бачым, як цябе хвалюе лёс помнікаў архітэктуры”.

Але ад мяне асабісты рэспект аўтару за згадку песень Sabaton і Billy Talent, як бальзам на душу бачыць любімыя гурты ў беларускай кнізе 🙂

Яшчэ даволі дзіўным падалося выкарыстанне вялікай колькасці зносак. Я ўсімі рукамі за зноскі, калі гэта апраўдана. Не ўсе маюць магчымасць гугліць, калі чытаюць кнігу, і могуць не ведаць, хто такі Джон Тайтар, тут зноска дарэчы. Але ж навошта ў сучаснай кнізе тлумачыць чытачам, што такое “wi-fi” ці “афлайн”? Са мной спрабавалі спрачацца, што кнігу могуць чытаць і пенсіянеры. Дык чаму тады не тлумачыць усе сучасныя рэаліі? Смартфон, інтэрнэт? Так можна кожнае слова тлумачыць, бо заўжды знойдзецца той, хто яго не ведае. Думаю, што калі ёсць магчымасць не рабіць у кнізе зноску, ёй варта скарыстацца.

Дык ці стала б гэтая кніга “бэстсэлерам” у іншых еўрапейскіх краінах, у чым нас упэўніваюць на вокладцы? Магчыма, пасля добрай рукі рэдактара, калі б яны разам з аўтарам прывялі тэкст да ладу, папрацавалі з зацягнутым пачаткам, разгарнулі асноўную частку кнігі ды больш грунтоўна выпісалі фінал.

Р. S. Калі-небудзь я змагу дачытаць хаця б адну кнігу выдавецтва Галіяфы і не паскардзіцца на памылкі. Праўда, “это уже совсем другая история”.

xbohx


📘 Раман-прадказанне? Раман-папярэджанне? Або проста дарожныя нататкі вандроўцы? Усё гэта можна сказаць пра новую кнігу Максіма Кутузава. Несумненна, раман прасякнуты любоўю да Беларусі, а таксама неабыякавасцю аўтара да праблем мінулага і будучага, якія актуальны не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго свету.⏳

💡 Раман “Porta Nigra” – гэта і раман-пасланне ўсяму чалавецтву. Ні хвіліны нельга забываць, што ўсе мы жывём на адной планеце. На жаль, а можа і на шчасце, інашага дома ў нас, людзей, пакуль што няма! 🌎

❗Менавіта да гэтай думкі прыходзіць галоўны герой кнігі, малады навуковец Аркадзь Каршакевіч, які нарэшце выпраўляецца на пастаянную працу ў іншую краіну. Амаль усё сваё жыццё Аркадзь спрабуе збегчы ад свайго самага вялікага страху. Але ці можна збегчы ад сябе самога, асабліва калі ты валодаеш вялікім дарам – быць сведкам падзей мінуўшчыны, невядомых дагэтуль сучаснай гісторыі? 📜

⌛Усім аматарам фантастыкі і гісторыі прысвячаецца!

kids_libraries_minsk.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме