18+
Асабістае вызначэнне паэтычнага твора як добрага ці дрэннага прыходзіць да мяне на ўзроўні элементарнага: хочацца далей чытаць ці не.
Пра паэму (так названыя гэтыя збітыя да кучы радкі) мне, каго абвінавачваюць у абароне патрыярхальных каштоўнасцей і сэксізме (глядзіце водгук на кнігу “Я танцую”) варта было б прамаўчаць па логіцы абвінаваўцаў. Але, па-першае, мне цікавы новы дзвіж у маладзёвым асяродку беларускага літпрацэсу (ага, які яшчэ дыхае праз раз); па-другое, дзве старонкі чытва не выклікалі ў мяне агіды. Сам здзівіўся – але чытанне зацягнула, пакуль вочы не спыніліся на апошніх радках.
Што маю сказаць? Найперш вось пра гэта, пра анатацыю:
Яшчэ адна постаць новага беларускага андэграўнду, Ганя Фак’ю адмаўляецца ад звыклых літаратурных формаў і аддае перавагу вольнай плыні паэзіі. Яе паэма «Мужыкі» — сапраўдны шэдэўр нонканфармізму, змяшчае канцэнтрацыю нянавісці, якой свет не бачыў з часоў Луі-Фердынанда Селіна.
Гэта лухта на посным масле – наконт Селіна. Хоць ад пачатку сапраўды, так можа падацца. Можа, нехта і ўпэўнены ў тым, што насамрэч тут “канцэнтрацыя нянавісці”.
Зараз я зраблю тое, што некаторым можа нават паказацца абразлівым. Тым не менш. Вось кавалачак з санета Павала Орсага Гвездаслава ў перакладзе Міхася Скоблы (гэты дзве кнігі трапілі ў мае рукі амаль адначасова. У супадзенні і выпадковасці даўно не веру, бо веру ў квантавую фізіку). Такім чынам, радкі славацкага класіка:
З крывавай куламесы не паўстаць.
Больш крыважэрныя за тыграў людзі.
Дзе смех і радасць? Што пра іх пытаць…
Змарнела хараство ў крыві і брудзе.
І пурпур велічны, дзе легла раць,
Нікчэмным саванам той раці будзе.
А вось радкі з песні вядомай групы (ад кампазіцый якой я шалеў у свой час):
Марш, марш левой!
Марш, марш правой!
Я не видел толпы страшней, чем толпа цвета хаки.
Был бы чёрным, да будь хоть самым чёртом,
Но кто-то главный, кто вечно рвёт в атаку
Приказал наступать на лето и втоптал меня в хаки.
Я вижу дым, но я здесь не был!
Я слышу гарь, я чувствую гарь,
Я знать не хочу ту тварь, кто спалит это небо
Цяпер радкі з кнігі “Мужыкі”
каб збіцца ў статак
у калону
у шэраг
у дзяржаву
у гулаг
аць два левай правай
аць два
аць два
маршыруюць на ворага
на суседа
на жанчыну
на мяне
на ганю фак’ю
я проста хачу каб ад мяне ад’ябаліся
я хачу каб ад мяне бясконца ад’ябаліся
я хачу быць бясконцай як бог
бо я і ёсць бог
а мужыкі цягнуць мяне на зямлю
Тут не нянавісць, якая быццам бы дэкламуецца і ўзнімаецца сцягам і ў гэтай тонкай кніжцы. Тут – ва ўсіх трох вынятках – канстатацыя безвыходнасці і немагчымасці нешта змяніць.
Два словы пра мацюкі. Яны тут амаль што арганічныя, як і ў апошнім радку аднаго верша Насты Манцэвіч. Ці льга было без іх абысціся ці хоць бы зменшыць канцэнтрацыю на старонку? Першае – наўрад ці (бо ж андэграўнд і нонканфармізм), а другое, лічу, магчыма. У некаторых месцах для мяне ўжо адчуваўся перабор.
Паэма, у сутнасці, – гэта аповед гераіні пра сваё жыццё. Тут хапіла месца на ўспаміны пра студэнцкія часы, стасункі з маладым чалавекам і вопыт сумеснага жыцця, пра грамадскія з’явы і іх вынікі. Усё разам льга б было, як цяпер гэта робіцца, аб’явіць маніфестам фемінізму, жарсным супрацівам супраць засілля мужчынамі ўсіх сфер культурнага і сацыяльнага жыцця. Вось так, прыкладам, было ў універы:
на філфаку бля
смешна
пачытайце гэтага мужыка
пачытайце таго мужыка
а вы чыталі гэтага мужыка
а таго мужыка вы чыталі
пачытайце тэда х’юза нахуй
сука
тэда х’юза
бля
каго мне яшчэ пачытаць
можа сталіна
таксама неблагі быў паэт
Так, жыццё гераіні апісваецца адно праз самыя болевыя кропкі, праз іх фіксацыю ў свядомасці, праз унутраны канфлікт, які не знаходзіць (так падаецца) выхаду вонкі, акрамя як праз напісанне вершаваных радкоў пасля пэўных падзей, якія сталіся трыгерам.
Вельмі шмат пра нянавісць. Увогуле, у невялікай паэме слова “нянавісць” і вытворных ад яго больш за 20.
ніколі не думала што здольная так
ненавідзець
што ўва мне змесціцца столькі
нянавісці
людзі саромеюцца нянавісці
хаваюць яе
ненавідзець не прынята
жанчына мусіць любіць
жанчына створана для любві
ты жа ябаная маці
гэта прыдумалі мужыкі
каб ненавідзець маглі толькі яны
аць два
яны забралі у нас нянавісць
і нічога не далі замест
а я ненавіджу
і не саромеюся гэтага
я люблю ненавідзець
Нянавісць дэкламуецца як выйсце, адзінае і нават стваральнае:
сука як жа піздата ненавідзець
гэта як вызваленне
гэта свабода
космас
гэта праўда
гэта скокі на праўдзе
гэта амаль як пісаць літаратуру
толькі штосьці больш чыстае
і сапраўднаехочаце чагосьці сапраўднага
у мяне ёсць крыху
мая нянавісць
чыстая як слёзы
Але, але… Не веру.
Не ў тым сэнсе, што я не веру аўтарцы. Веру. Яе адчуванні мне зразумелыя. Веру яе пачуццям. Ды зірніце на вокладку. Ці ёсць нянавісць на ёй? На падсвядомым узроўні аўтарка абірае карцінку, дзе выява максімальна блізкая да яе стану. О так, гэтае дзяўчо не святое, відаць добра. А нянавісць дзе?
Чытаў радкі, а перад вачыма была маладая дзяўчына, ўшчэнт знявераная. Якую прадалі, якой здрадзілі. Не проста расчараванне, але адпрэчванне ўсяго. Яна крычыць, што ненавідзіць, размазвае слёзы па твары, яна гатовая сваімі кулачкамі кінуцца – але на каго? Свет пераўтварыўся ў вычварнага мужчыну, які увасабляе ў сабе сілу злога і закон сілы. Яна крычыць крыкам, што ненавідзіць, яна абрала для сябе нянавісць як адзіную выспачку цвёрдай зямлі пад нагамі, якая дакладна ўжо не здрадзіць.
Ды на самой справе, яе крык – гэта крык роспачы і бездпаможнасці. І эпатажнасць, якая тут прысутнічае, а дзе і зашкальвае, усяго толькі спроба прыхаваць менавіта гэтую роспач бяссілля, сапраўдныя слёзы. Тую ж ролю адыгравае і дэкламуемая нянавісць. Для мяне зразумела, што гераіня процістаўляе сябе не уяўнаму мужчынскаму свету (пра што імкнецца давесці), але увесь свет у яе вачах абрынуўся і ўсе мары зруйнаваныя. Фемінізм мусіць пацясніцца тут і даць месца грамадзянскай пазіцыі, а дакладней – болю няспраўджаных надзей і бачанню безвыніковасці існавання:
якая карысць што вашы дзеці
размаўляюць на беларускай там
дзе вы ёсць
якая карысць беларусі ад вас там
дзе вы ёсць
На заканчэнне выкажу думку, якая некаму прыйдзецца і сярпом па адным месцы. Давайце уявім: прайшло 50 гадоў. Спіс кніг пра гэты час будзе велічэзны. Але мне б хацелася, каб у ім не згубілася і гэтая кніжачка. Бо тут – канцэнтрацыя болю, роспачы і паняверкі. Для далёкага нашчадка – добры рэнтгенаўскі здымак душы асобна ўзятай маладой жанчыны гэтых часоў.
В. Г.