Motherfield. Юлія Цімафеева 

Motherfield. Юлія Цімафеева Слушная задума – выдаць беларускую кнігу для англамоўнага чытача, але пры гэтым не забыцца на чытача беларускага. Гаворка пойдзе пра кнігу беларускай паэткі Юлі Цімафеевай “Motherfield”, выдадзеную амерыканскім выдавецтвам “Deep Vellum” па беларуску і па ангельску. Скажу адразу, што кніга атрымалася цікавай і грунтоўнай, таму і ўзнікла ў мяне жаданне напісаць некалькі слоў, як водгук на прачытанае, і падтрымаць добра і да ладу зробленую кнігу.

Па факце, пад адной вокладкай сабраны тры асобныя кнігі, якія можна ўмоўна назваць трылогіяй. Не ведаю, ці чытала Юля апошнюю кнігу “Трылогія” нобелеўскага лаўрэата па літаратуры, нарвежца Юна Фосэ, дзе аўтар у невялікім томе (на паўтары сотні старонак) распавядае сваю гісторыю: карані радавога сямейства, асабістае ўспрыманне рэчаіснасці, стараецца асэнсаваць сваё месца ў няпростым свеце. Кніга напісаная мінімалістычна-стрымана, і пры гэтым цікава і захапляльна. Чытаючы Юліны тэксты, я ўспомніў пра Фосэ, бо мне падалося, што Юліна ўсведамленне навакольнага свету шмат у чым супадае з плынню еўрапейскай літаратурнай традыцыі. З’яўленне Фосэ пад час прачытання кнігі сталася для мяне добрай прыкметай, якая толькі падкрэсліла значнасць паэзіі Юлі Цімафеевай.

Лінія вершаў “На гародзе прабабуляў”, “Бабулі”, “Чорт”, “1986”, “Першаму гораду”, “ВКДШ”, “Зімой”, “Выцінанка”, “Забралі” пераканана і грунтоўна апісвае Юлін радавод, яскравыя моманты яе дзяцінства ды станаўлення, Чарнобыльскую катастрофу, пераезд у горад Жлобін, потым вучобу, Менск, каханне, значныя падзеі. Непарыўная лінія лёсу, якая праходзіць праз усю кнігу, выпісаная аўтабіяграфічнымі, напоўненымі арыгінальнымі метафарамі вершамі-гісторыямі, якія прыцягваюць і захапляюць шырокім дыяпазонам пачуццяў ад упакаваных у душы жаху і роспачы  да крылатага гонару, надзеі і шчасця.

Інтэлектуальны паэтычны стыль аўтаркі немагчыма зблытаць з чыімсьці іншым. Вытанчаны верлібр, дасканаласць і падпарадкаванасць тэкстаў аўтару, эмацыйнае ўздзеянне, арыгінальнасць вобразаў (”камень адвучыць цябе дыхаць на поўныя грудзі, “аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада”, “бязногія нашы дамы”, ”зялёныя семкі маіх вачэй”) – прыкметныя пазнакі сучаснай і мадэрновай паэзіі Юлі Цімафеевай.

Відавочна, што аўтарка валодае шырокімі ведамі, удумліва і ў той жа час са здзіўленнем і цікавасцю глядзіць на навакольны свет, паэтычна апісвае тое, што яе хвалюе і кранае, пры гэтым не забываецца пра чытача. Таму ўжо з першых старонак кнігі ты з задавальненнем уступаеш у кантакт з паэтычнымі тэкстам, лёгка і без праблем знаходзіш выдатныя радкі, і ловіш сябе на думцы: трэба працягваць чытанку, каб даведацца, а што ж там яшчэ наперадзе? Па-сапраўднаму цешышся за аўтара, а калі казаць больш шырэй, то і за жыццяздольнасць і высокі ўзровень беларускай паэзіі.

Першая частка “трылогіі” – гэта дзённікавыя запісы. Дакладнае, кранальнае ды шчымлівае апісанне беларускіх падзей, што адбываліся на вачах у Юлі, і ў якіх яна прымала непасрэдны ўдзел. “But there is no other time”, – піша Юля ў дзённіку. Так, сапраўды, не будзе іншага часу. Часы мяняюцца, а чалавечая памяць застанецца. І чытаючы Юлін дзённік, лёгка бачыш і ўяўляеш  рэальнасць падзей, а тэкст дае праўдзівае адлюстраванне таго, што адбывалася. Старонка за старонкай.

Два наступныя раздзелы “трылогіі” – гэта вершы на беларускай мове, і іх пераклад на ангельскую. Пераклады зроблены Вальжынай Морт і Ханіф Абдуракіб. Вершаваныя раздзелы адкрываюць нам сталага і свядомага аўтара, якая шмат пабачыла, шмат ведае, але ўсё яшчэ кажа пра камень страху – эмацыйна-глыбокі беларускі сімвал. Пры гэтым Юля смела і ўпэўнена, абапіраючыся на той камень, трымаецца адказнасці, перш за саму сябе ў  супрацьстаянні страху і бесчалавечнасці.

Мы кормім камень па чарзе
праз доўгую пупавіну роду:
прабабулі і прадзядулі,
дзядулі і бабулі,
/маці з бацькам,
а вось і я вырасла —
цяпер мая чарга

Далей я з радасцю перачытаў амаль класічны верш “*** дзяўчынка, стоячы, гушкалася на арэлях”, які я чытаў яшчэ ў першым Юліным паэтычным зборніку “Кніга памылак”. Цяпер да верша дадаўся ангельскі пераклад і назва  “A swinging girl” – дзіцячыя ўспаміны пра гушканне на арэлях, якое так нагадвае палосы жыцця : “Добрая, кепская. Добрая, кепская”. Добрая некалькі гадоў таму, кепская, як сёння. Але Юля змагла пераадольвае залежнасць ад часу, а сам час робіцца пераменлівымі імгненнямі жыццёвай гульні, якая дае магчымасць ісці менавіта сваім шляхам. Чытаем  “Каця змагла”, – ведаем, што змагла Юля. Бачна, што ад самой гульні Юля атрымлівае сапраўднае задавальненне.

Значнае месца ў кнізе адведзена падзеям, звязаным з Чарнобыльскай катастрофай, якая прымусіла Юліну сям’ю пакінуць родныя месцы і трагічным чынам значна паўплывала на жыццёвыя шляхі. У вершах чарнобыльская тэма апісаная мінорнымі, як і належыць трагедыі, паэтычнымі фарбамі.

Яблыкі ападалі й гнілі, крыжы
высыхалі
 без нашых слёз,
гароды заблытваліся ў пустазеллі
і заміралі.

Аналізуючы мапу паэтычных сімвалаў і вобразаў кнігі, знаходжу, што Юлінай дамінантнай паэтычнай стыхіяй з’яўляецца Зямля. Толькі некалькі эпітэтаў з кнігі прывяду, каб пацвердзіць: “сухія вусны разораў”, “камень страху”, “трава чырвоная”, “сэрцы маленькіх бульбін”, “земляныя вочы”. Пры гэтым Юліна сімвалістычная прастора жывая, душэўная, выратавальная. Аўтарка імкнецца наблізіцца як мага бліжэй да зямлі, бо тут пачатак, бессмяротныя карані, гістарычная памяць роду, яе сапраўдная родная стыхія. І недарма галоўным паэтычным сімвалам кнігі з’яўляецца ПОЛЕ (Motherfield, у ангельскім перакладзе), такая своеасаблівая багіня Гея, да якой Юля ставіцца паважліва і назнарок падкрэслівае жаночы характар самога вобраза поля:

Поле не можа ўстаць,
ляжыць распластаная,
капрызная ў пустазеллі й бацвінні.
Просіць сонца. Просіць вады.

Насамрэч, у кнізе прысутнічае два полі : першае і другое, мёртвае і жывое, несвабоднае і свабоднае і – гэта так па-беларуску. Бо ў беларусаў заўсёды шмат чаго па два: два Менскі (як у песні Лявона Вольскага “Мінск-Менск”), дзве Беларусі (савецкая і беларуская).

Юліна валоданне словам – дасканалае, па-філасофску глыбокае і паэтычна вытанчанае, дзе кожнае слова прадумана, выверана, пастаўлена так, што перасунуць ці змяніць яго месца ў вершы немагчыма, – разбурыцца  ўся канструкцыя. А гэта яскравае пацвярджэнне якаснай і добрай паэзіі.

Для мяне асабіста ўзорам прафесійнага валодання паэтычным арсеналам стаўся верш “Паслядоўнасць” – трагічны, жахлівы і глыбока-метафарычны расповед пра людзей, якія пагаджаюцца падтрымліваць зло, пра тое, як гэтае зло лёгка робіцца часткай чалавечага існавання.  Інверсія часу ў вершы дапамагае зразумець вытокі несвабоды і цяперашніх многіх падзей.

Не абыходзіць Юля і адну з самых балючых на сёння тэм, да якой датыкаецца шмат хто з беларускіх літаратараў. Гэта тэма стану беларускай мовы. У вершы “Мова – турма”, гуляючы на паэтычных супрацьлегласцях,  Юля вырашае свае адносіны да мовы выразна і ясна:

Мы прагнем межаў і сценаў,
і калючага дроту радкоў,
каб, кідаючыся на іх у спробе
вырвацца, адчуць сябе жывымі.

Сапраўды, Юліны тэксты прыцягваюць сваім дасканалым валоданнем паэтычнай мовай, цікавяць сваёй паэтычнай эмацыянальнасцю і ідэнтычнасцю.

I still want to have a hope,
I still believe I have a right to a hope,
That beaten hope that builds its nest
On my roof and sings
In Belarusian
(Not in Russian).

Напрыканцы хацелася б падкрэсліць, што асабіста для мяне кніга “Motherfield” Юлі Цімафеевай парадавала сваёй няскутай смеласцю, паэтычным суладдзем і годным прадстаўніцтвам сучаснай беларускай паэзіі ў сусветнай кніжнай прасторы. Кніга, разлічаная перш за ўсё на англамоўнага чытача, важыста прадстаўляе беларускую паэзію, адпавядае самаму высокаму паэтычнаму ўзроўню, падкрэслівае зацятую адданасць Юлі Цімафеевай беларускаму прыгожаму мастацкаму слову і яго сучаснай інтэрпрэтацыі.

Юрась Шамецька

 

Пакінуць адказ