Ad Astra. Эліза Ажэшка, Тадэвуш Гарбоўскі (Святлана Воцінава)

Ad Astra. Эліза Ажэшка, Тадэвуш Гарбоўскі (Святлана Воцінава)

У супрацы з Тадэвушам Гарбоўскім, або Нечаканы сіквэл “Дзікункі”

Ажэшка Э., Гарбоўскі Т. Ad astra: празаічная паэма ў лістах / Пераклад, прадмова і пасляслоўе С. Воцінавай, – Warszawa: Czabor Publishing, 2025

Гэтай кнігі цалкам магло не быць.

Калі б малады і яшчэ не дужа вядомы вялікаму свету навуковец не наважыўся адаслаць слыннай пісьменніцы ліст, прапаноўваючы ёй разам напісаць раман. Ці многія з нас рашыліся б на падобны ўчынак?

Калі б знакамітая раманістка, атрымаўшы гэты ліст, адмахнулася ад нахабнай прапановы незнаёмага назолы і папросту выкінула ягоны допіс у сметніцу. Ці не так бы зрабіла бальшыня пісьменнікаў? Асабліва тых, хто ўжо займеў у літаратуры немалую вагу? Тым больш, адчуваючы сябе ў хвілю атрымання ліста не ў гуморы?

Калі б непазбежныя падчас творчае супрацы спрэчкі, узаемныя прэтэнзіі ды супярэчнасці перараслі ў непераадольны канфлікт і канчатковы разрыў. Не злічыць: колькі супольных праектаў з гэткіх прычынаў так і засталіся праектамі, перарваўшыся на палове шляху.

Аднак Тадэвуш Гарбоўскі ўсё ж адаслаў свой неверагодна смелы ліст, а Эліза Ажэшка, прачытаўшы яго, не адкінула прэч. Вядомая пісьменніца захапілася ідэяй маладога незнаёмца, і абое яны здолелі без адчувальных стратаў прайсці паўз немінучыя ў плыні сумеснае працы віры і парогі. Не саромеючыся рабіць адно аднаму саступкі ды прасіць прабачэння. У выніку з лістоў, якія цягам некалькіх гадоў снавалі паміж Аўстра-Венгерскай і Расійскай імперыямі, саткаўся задуманы раман.

“Per aspera ad astra, — казалі ў старажытнасці.

“Нашто ж на зямлі сваркі і звады, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?” — пытаўся ў адным з наймацнейшых сваіх вершаў заўчасна згаслы геній беларускай паэзіі.

Любому, хто хоць раз у жыцці заглыбляўся позіркам у яснае начное неба, зразумела: чаму вечныя таямнічыя зоры ёсць адным з наймагутных і ўніверсальных вобразаў у філасофіі ды літаратуры чалавецтва. Кожны мысляр, гледзячы на зоры, бачыць унутраным зрокам свой уласны відзеж. Усё залежыць ад часу і стану душы.

Вачам Максіма Багдановіча ў час напісання згаданага верша зоры адкрыліся матэрыяльна: як велізарныя воблакі газу, распаленага і сціснутага невымернай касмічнай сілай, міма якіх і да якіх нясецца планета Зямля разам са сваім Сонцам — драбнейшая ад пясчынкі ў параўнанні з гэтымі неспасціжнымі гігантамі бязмежнага сусвету.

Старажытныя рымляне ў вядомым выслоўі згадвалі мірыяды далёкіх начных свяціл у пераносным сэнсе — як сімвал славы, знак дасягнення высокай мэты. Падобнае значэнне маюць зоры і для галоўных герояў рамана “Ad astra”, істотная розніца палягае толькі ў тым, што героі нашыя (асабліва Севярына Здраёўская) імкнуцца да сваёй высокай мэты не дзеля славы, а дзеля спасціжэння найвышэйшай Ісціны, дзеля Дасканаласці. І да зорак гэтых таксама немагчыма дакрануцца, не прайшоўшы скрозь церны, не паспытаўшы самоты, горычы, болю.

“Ad astra” — адзіны твор Элізы Ажэшкі, які яна напісала ў суаўтарстве, і адзіны раман, які ёсць працягам іншага твора пісьменніцы, кажучы сучаснаю моваю, “сіквэлам”. Болей сіквэлаў пані Эліза не пісала.

Упершыню мы знаёмімся з Севярынай Здраёўскай у рамане “Два полюсы”, якому беларуская перакладчыца Святлана Воцінава вярнула пачатковую аўтарскую назву “Дзікунка”. На першы погляд можа падацца, што ад той гісторыі пра абыякавую да бляску свецкіх салонаў і адданую ўласнаму абавязку самаахвярную гаспадыню глухіх белавежскіх Красовіцаў у новую кнігу перайшло вельмі мала. Адно галоўная гераіня — чулая душой і глыбокая розумам Северка са сваім светапоглядам і жыццёвым выбарам, ды хіба яшчэ ейная прыяцелька Ідалька — вясёлая, гарэзлівая і заўзятая заўсёдніца тых самых свецкіх салонаў. Але ўражанне гэтае вельмі павярхоўнае хаця б таму, што сюжэт у рамане “Ad astra”, гэтаксама як і ў “Дзікунцы”, круціцца вакол двух полюсаў. Толькі калі ў ранейшай кнізе аўтарка на адзін полюс ставіць чалавека, які ахвяруе ўласнае жыццё клопату пра родную зямлю, пра яе хараство, багацце і шчасце, апякуецца беднымі, нямоглым, прыгнечанымі, а на супрацьлеглы полюс змяшчае так званага “нектарніка”, аматара свецкіх забавак, мімалётнага флірту, квяцістых размоў ды баляванняў, звыклага браць ад жыцця ўсё; то ў пазнейшым рамане каста “нектарнікаў” апынаецца як бы паміж полюсамі, а насупраць галоўнай гераіні з’яўляецца іншы персанаж — па-свойму прыгожы і прывабны. Ці не таму Эліза Ажэшка пагадзілася на прапанову маладога незнаёмца з Вены; ці не таму так захапілася гэтай спробай супольнага аўтарства, што ёй хацелася яшчэ глыбей, з іншага ракурсу даследаваць узнятыя ў “Дзікунцы” праблемы? Увага пісьменніцы тут па-ранейшаму засяроджаная на самазабыўнае любові, міласэрнасці, чыстай незаплямленай душы Севярыны Здраёўскай, якая ў штодзённай настойлівай працы працягвае нястомна дбаць пра свой невялікі маёнтак, захоўваючы светлую памяць пра дарагога брата, загінулага ў адчайнай спробе вызваліць Айчыну з-пад чужацкага прыгнёту. І калі галоўную гераіню апаноўваюць стома, туга і роспач, яна чэрпае сілы ў гэтай памяці, у харастве мілых з маленства краявідаў, старадаўніх містычных легендах роднага краю, цесна пераплеценых з гэтымі краявідамі ды нібыта імі народжанымі. На процілеглым ад Севярыны полюсе цяпер стаіць не аматар лёгкага жыцця, якога вялікая сіла кахання прымушае перапыніць палёт да чарговай поўнай нектару кветкі і задумацца пра вартасць свайго існавання, а геніяльны малады вучоны Тадэвуш Радоўскі, за стварэнне вобразу якога і быў адказны Гарбоўскі, а таму многія рысы ды меркаванні свайго персанажа, мабыць, часткова спісаў з сябе самога — нават імёнамі яны аказаліся цёзкамі. Напачатку чытачу здаецца, што Тадэвуш не чужы бляску свецкіх пагулянак і забаў, але чым далей, тым болей становіцца зразумелым: у легкадумным і зманлівым свеце яму гэтаксама няўтульна, як і Севярыне. Толькі раз на год ён ненадоўга спускаецца з вышыняў пазнання да вясёлай, прыгожа апранутай чалавечай грамады на маляўнічым горным курорце, каб разгрузіцца, даць адпачынак мозгу, набрацца сіл на чарговы год карпатлівай разумовай працы. Абыякавасць да іскрыстасці свету, бадай, адзінае, што лучыць Тадэвуша з Севярынай, ды яшчэ — досыць блізкае сваяцтва і апантанае (на мяжы самаадрачэння) імкненне да сваіх зор.

Ва ўсім астатнім яны розныя.

Для гаспадыні Красовіц ідэал — гэта служэнне роднай зямлі і яе народу, захаванне паданняў пра былыя слаўныя і трагічныя часы, пра шчасце і боль, подзвігі і пакуты. У гэтым Севярына Здраёўская бачыць свой прыроджаны абавязак, найвышэйшую Боскую ісціну, дзеля якой адмаўляецца нават ад асабістага шчасця і працягвае крочыць самотным шляхам ad astra.

У адрозненне ад кузіны, Тадэвуша Радоўскага зусім не  цікавяць ані межы Айчыны, ані яе слаўная мінуўшчына, ані паднявольная цяпершчына. Замілаванне Северкі прыгажосцю і веліччу Белавежскай пушчы напачатку выклікае ў Тадэвуша спачувальна-іранічную ўсмешку. Для маладога амбітнага навукоўца Айчына — увесь сусвет. Ён прагне наблізіцца да найвышэйшага пазнання: універсальнага прынцыпу быцця, зразумець яго і апісаць з дапамогаю дакладных і лагічных матэматычных формул. І любыя межы, граніцы, перашкоды, абмежаванні на гэтым шляху ad astra Тадэвуш уважае не толькі непатрэбнымі, але наогул шкоднымі. У ягоных пошуках няма месца найменшым парыванням душы, бо яны могуць сказіць, з’іначыць праўдзівую карціну. Усё мусіць вызначаць і ўсім павінен кіраваць чысты, нічым не затуманены розум.

Да гонару Тадэвуша Гарбоўскага нельга не адзначыць, што па літаратурнай вартасці напісаныя ім раздзелы практычна не саступаюць раздзелам, напісаным самой Элізай Ажэшкай. Лагічна дапусціць, што дасведчаная пісьменніца магла пэўным чынам рэдагаваць тэксты свайго калегі-пачаткоўца. Але паколькі наўпроставых сведчанняў такога рэдагавання мы не маем, то можам меркаваць пра неардынарны літаратурны талент маладога вучонага. Гэта тым больш уражвае, што раман “Ad astra” быў першым ягоным крокам у літаратуры. І, як паказаў час, застаўся адзіным. Чаму Т. Гарбоўскі пазней не напісаў больш ніводнага мастацкага твора? Магчыма, з той жа прычыны, з якой палічыў за лепшае схавацца пад псеўданімам Ромскага, забараніўшы пані Элізе раскрываць сапраўднае імя свайго суаўтара. Абраўшы для сябе кар’еру навукоўца і дасягнуўшы ў ёй немалых вышыняў, Гарбоўскі, імаверна, лічыў удзел у напісанні літаратурнага рамана чымсьці другасным, несур’ёзным, нявартым строгага і выкшталцонага даследчыка. Магчыма, стварэнне вобразу Тадэвуша Радоўскага было для яго проста эксперыментам, гульнёй, жартам маладосці (тым больш, што апошнія раздзелы рамана Эліза Ажэшка дапісвала ўжо сама), і больш разменьвацца на падобныя праекты ён не хацеў, а таму і не жадаў, каб вядомае ў навуковым свеце імя ягонае хоць неяк атаясамлялася з літаратурай. Дый як схільны да самакрытыкі паспяховы вучоны ён мог сумнявацца ў сваім пісьменніцкім таленце. І толькі калі аказалася, што кніга вытрымала выпрабаванне часам, зрабіўшыся класікай, мажліва, вырашыў раскрыць сваю асобу.

Зрэшты, гэта ўсё толькі лагічныя дапушчэнні. Сапраўднага тлумачэння: чаму, цягам некалькіх дзесяцігоддзяў захоўваючы таямніцу, Тадэвуш Гарбоўскі раптам змяшчае на вокладцы “Ad astra” замест звыклага ўсім псеўданіма сваё ўласнае імя — літаратуразнаўцы і чытачы, відавочна, не атрымаюць ніколі. Дакладна вядома адно: Элізы Ажэшкі на той час ужо даўно не было ў гэтым свеце, а ейнаму колішняму маладому кампаньёну да жахлівай гібелі ад голаду і знясілення ў нацысцкім канцлагеры заставалася толькі пяць гадоў.

Ці мог ён прадбачыць такі канец для сябе? Ці магла прадбачыць такі кон для прыгожага таленавітага калегі сама пані Эліза? Смяротная спусташальная віхура зноў пранеслася па гэтай зямлі, пакідаючы пасля сябе зніклыя пад зямлёй гарады, што ціхімі самотнымі надвячоркамі нагадваюць наваколлю пра сваё існаванне містычным гудам званоў, які адначасна ёсць і сведчаннем памяці, і папярэджаннем. Пра боль і пакуты. Пра адвагу і гонар.

Сюжэт рамана “Ad astra” надта мудрагелістым не назавеш. Ён, хутчэй, схематычны і можа падацца ў пэўнай ступені наіўна-банальным. На швейцарскім горным курорце сустракаюцца двое прыгожых маладых людзей, паміж якімі праскоквае жарынка кахання. Але ён — вышэй за ўсё ставіць сваю працу. Гэта мысляр, якому даступныя вышнія сферы пазнання; самотны скептык, перакананы, што высокаму палёту ягонай думкі можа зашкодзіць любая праява сур’ёзнага пачуцця, і які наогул лічыць сябе няздатным на каханне. А яна — зямная і светлая дзяўчына, якой прыроджаная сціпласць ды шляхетнае выхаванне, натуральна, не дазваляюць зрабіць першы крок. Тое, што адбывалася паміж імі ў ценю велічных Альпаў, гэта не курортны раман. Проста некалькі дзён, праведзеных у таварыстве адно аднаго, і потым — развітанне назаўсёды. Аднак гэтыя некалькі дзён наклалі адбітак на іх абаіх, параніўшы іхнія сэрцы. Толькі мысляр сваёй раны амаль не заўважыў: захоплены вялікай ідэяй уласнай працы, ён згадваў нядаўнюю сустрэчу проста як прыемнае знаёмства, якіх у ягоным жыцці было нямала. А дзяўчына… Яна балюча перажывала расстанне, пакутавала ўсім сэрцам…

Дык ці можна склеіць гэткую расколіну? Ці можна ў душы закаранелага халоднага цыніка абудзіць цеплыню і чуласць? І ці можна пабудаваць уласнае асабістае шчасце коштам слёз іншага чалавека?

Аднак сюжэт гэты — толькі аснова, канва, на якой разгортваецца галоўны змест кнігі: невымоўна глыбокая філасофская дыскусія двух неардынарных розумаў, двух дыяметральна процілеглых светапоглядаў і спосабаў мыслення. Гэта адвечная спрэчка матэрыяльнага і ідэальнага. Халоднага розуму і гарачага сэрца. Касмапаліта і патрыёткі. Дагістарычных альпійскіх ледавікоў і векавых дубоў Белавежскае пушчы. Героі горача і шчыра імкнуцца пераканаць адно аднаго (а таксама і чытача!) у сваёй рацыі, але праз пэўны час самі пачынаюць сумнявацца і ў выніку апынаюцца амаль на мяжы вар’яцтва. І ўсё гэта — на фоне невымоўнае прыгажосці беларускіх і швейцарскіх краявідаў, дзе доўгія, гнуткія галіны белавежскіх грабаў мякка кладуцца на суседнія дрэвы, сплятаючы перад крокамі прыхадняў упартыя перашкоды;  дзе мудрыя пракаветныя дубы, стоячы ў чорнай нібы смала і бліскучай нібы люстэрка вадзе, вяршалінамі сваімі вядуць няспынную і неспасціжную чалавечаму розуму гутарку з вятрамі; а велічная каралева Юнгфраў выплывае з аблокаў над серабрыста-зялёнымі хвалямі Аарэ, над схаванымі ў тоўшчы горнага лёду блакітнымі праходамі, што меладычным звонам адгукаюцца на кожны крок…

Карціны гэтыя проста зачароўваюць.

Хто выйдзе пераможцам з няпростага дыспуту, і ці можа быць у ім наогул пераможца? Хіба вялікай навуцы сапраўды для існавання і імклівага палёту ў вышыні пазнання патрэбная іскра вялікай любові? А можа, жарынка гэтая наадварот толькі зашкодзіць? Саб’е даследчыка з тропу? Затуманіць ягоны чысты позірк?

Кожны, прачытаўшы кнігу, вырашыць гэта для сябе сам.

І разам з тым — даведаецца: ці скарысталася галоўная гераіня з другога шанцу на зямное жаночае шчасце? Які лёс напаткаў маладых закаханых? Ці лёсіла іх выпадковай сустрэчы паўтарыцца ды перарасці ў нешта большае?

Абодва ажэшкаўскія раманы пра Севярыну Здраёўскую ўвяла (а дакладней — вярнула) у беларускі літаратурны арэал Святлана Воцінава — перакладчыца і ўважлівая даследчыца жыццёвага і творчага шляху Элізы Ажэшкі. Як вядома, пераклад любога мастацкага твора, а тым больш, твора аб’ёмнага і шматпланавага — задача няпростая, і без адпаведнага таленту выканаць яе на добрым узроўні немагчыма. Калі гаварыць пра раман “Ad astra”, то ён патрабаваў ад перакладчыцы асабліва карпатлівай і складанай працы. Дзеля глыбокай вобразнасці тэксту, дзеля яго насычанасці швейцарскімі і беларуска-польскімі тапонімамі, некаторыя з якіх ужо даўно забытыя. А галоўнае — дзеля неабходнасці дакладнай перадачы ўсіх тонкіх момантаў і нюансаў філасофскай спрэчкі паміж Севярынай Здраёўскай і Тадэвушам Радоўскім. І ўсім гэтым цяжкасцям Святлана Воцінава паспяхова дала рады. Кніга — гучыць напоўніцу, кніга — чытаецца і схіляе на роздум. А значыць — яна адбылася і, няма сумневу, зойме годнае месца ў айчыннай Ажэшкіяне.

Змітрок Кузменка. Часопіс “Апостраф”, №4, 2025


120 гадоў таму Ad Astra назвалі «творам, які застаецца». Аўтары змясцілі пад яго назвай музычнае слова «дуэт» і разгарнулі сюжэт на фоне гімнаў жывой прыродзе, песень сівой даўніны, музыкі космасу і маўчання сфінксаў. Галасы герояў даносяцца з Белавежскай пушчы і Бернскіх Альпаў, ад поўнага цудаў і страхаў урочышча Чорны Гушчар і ад велічных леднікоў Роны, ад казачнай даліны Лаўтэрбрунен, над якою звініць пастушковая песенька, і ад узрытых дзікамі руін беларускага замка, адкуль нясуцца ў лес гукі прывіднага палявання…

У мелодыю кахання ўплятаюцца ноты жыцця: героі вядуць, калі гаварыць мовай нашага часу, філасофска-псіхалагічны батл, у якім сярод іншага чуюцца спрэчкі патрыёта і касмапаліта, сэрца і розуму, шчасця і ахвярнасці, кахання і абавязку.

Твор з’яўляецца працягам рамана Элізы Ажэшкі «Дзікунка» («Два полюсы»). Па-беларуску выходзіць упершыню.

(З анатацыі)


Гэты раман мае досыць вялікую прадмову перакладчыцы, з якога я і пачаў чытаць кнігу. І, па шчырасці, пасля трохі пашкадаваў. У прадмове распісваецца “кухня” рамана, а паколькі гэты раман асаблівы, нават арыгінальны ў гісторыі літаратуры, то, так мовіць, штучнасць ягонага стварэння выявілася занадта адчувальнай. Мы чытаем напачатку, як нарадзілася ідэя рамана, як ішла падрыхтоўчая праца –  двух аўтараў, як пісаліся главы, чым усё завяршылася ўрэшце… Пасля прачытання прадмовы, далібог, падумалася: а вось каб гэта была не прадмова, а паслямова?  Мабыць жа, цікавей было б пачытаць твор, а потым ужо пазнаёміцца з гісторыяй ягонага стварэння?

Але, падумаўшы, тады можна чакаць пэўнага разубрэння казкі: вось, тэкст прачытаны, адчуваеш цудоўны паслясмак, а тут табе кажуць: а мы ўсё прыдумалі, вось  мы – Эліза Ажэшка і Тадэвуш Гарбоўскі.

Ну так, канешне, усякі твор – фантазія…

Зрэшты, мае перажыванні адносна таго, ці будзе цікава чытаць тэкст, ведаючы тэхналогію ягонага нараджэння, былі марнымі.  Бо тэкст – выключны сваёй асаблівасцю. Гэта піша майстар…

Пра талент Ажэшкі напісана многа, льга адшукаць літаратуразнаўчыя работы на яе творы. Не думаю, што мне пашчасціць адшукаць нешта новае і выдаць арыгінальнае суджэнне наконт яе манеры пісьма, глыбіні і паэтычнасці метафар, тонкага лірызму і філасафічнасці тэксту.

Пра іншае сказаць магу і, відавочна, не памылюся: якая ж неверагодная па сваёй складанасці работы выпала перакладчацы! Зразумела, што кожная мова мае пласт безэквівалентнай лексікі, відавочна, што ў польскай мове  нямала такіх слоў і словазваротаў, якія не маюць наўпростага перакладу на беларускую мову. І тут трэба чытаць Ажэшку ў арыгінале, каб зразумець, якая тытанічная работа была зроблена аўтарам перакладу. Бо чытаючы, міжволі адзначаў для сябе спецыфічны флёр польскасці, і адначасова была захаваная спецыфічная для нашага часу мова твора – даволі няпростая, часам празрыстая і адначасова густая, недзе віцьеватая.

Недарэмна было сказана, твор застанецца ў гісторыі, бо ягоная ідэя, тыя пытанні, якія ўзнімаюцца – неўміручыя. І па сённяшнім часе дык актуальныя для вялікай часткі беларусаў. Калі ў класіка стаяла пытанне “Быць ці не быць”, то ў “Ad Аstra” пытанне гучыць больш прадметна: “Якім быць, калі быць?”

Інтэлігентную размову ці нават і спрэчку двух разумных людзей, якія маюць супрацьлеглыя пункты гледжання на нешта, заўжды цікава пачытаць. (Урэшце, і каб самому падвучыцца адказваць годна і не “тапіць” апанента). У рамане гэтае “нешта” утрымлівае цэлы шэраг надзвычай важных тэм, дзе знойдзецца месца і патрыятызму (у найлепшым значэнні гэтага слова), і каханню, і культуры – практычна, ўсім праявам грамадскага і асабістага жыцця.

…Падумалася: а падобны твор, напісаны таленавітымі аўтарамі у суладдзі, сённяшнім часам, мог бы займець пачэснае месца ў нашай літаратуры. Хто б адважыўся на такі эксперымент?

Тры сказы на рэшту. Вельмі прыемная на вока вокладка, прыемна кладзецца ў рукі. Кніга на 340 старонак мае зусім малую вагу – як жа прыемна (трэцяе “прыемна”) гэта адчуваць пасля звуклых у нас “цаглін”… Дробка прыкрасці: пра асобу перакладчыцы трэба здагадвацца па двух зносках – яе імя няма ў афіцыйных дадзеных: з чаго зроблены пераклад – пазначана, а хто рабіў – быццам і не важна…

В. Г.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме