У кнізе, якая перамагла ў прэміі Гедройця-23, сабраныя рэпартажы (а фактычна дакументальныя апавяданні), якія спадарыня Ганна зрабіла для беластоцкай штотыднёвай газеты ў вёсках Белавежскай пушчы па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.
Ганна Кандрацюк — падляская беларуска, нарадзілася ў вёсцы Кутлоўка пад Гайнаўкай. Там дасюль жыве яе маці. У гэтай жа вёсцы адбываецца дзеянне першага аповеда са змешчаных у кнізе. Чытач адразу трапляе на провады ў армію (у Кутлоўцы кажуць «адпраўка»), якія назірае вачыма маленькай Ганны. На календары 1969 год. Чуваць гукі гармоні і бубна, песні. Суседа Косціка выпраўляюць «у далёкую Польшчу». Цікава, што зусім у іншым канцы краіны, на Падгаллі, таксама можна пачуць «у нас» і «ў Польшчы». Перад чытачом паўстаюць падляскія таямніцы: «Лямант і плач абрынуўся, як з зачараванай хмары. Ніхто толкам не прыкмеціў, як памірала старая Дамінка…» А потым можна пачытаць, як старую вярнулі з таго свету.
З іншых апавяданняў чытач даведаецца пра падляскіх знахарак і шаптух. Дарэчы, цяпер Ганна Кандрацюк працягвае працаваць над гэтай тэмай.
Містыка прасякае пушчанскае жыццё: птушка б’ецца ў вакно — людзі вераць, што гэта прадказвае набліжэнне смерці. І сапраўды: сям’ю, якая дапамагала партызанам, даносчык выдаў немцам. «Сыходзячы свет вясковага Падляшша» — ахарактарызаваў атмасферу, якая пануе ў кнізе, вядоўца прэзентацыі Зміцер Бартосік.
Ёсць у кнізе і вясёлыя побытавыя замалёўкі. Чытач даведаецца, як жыхары пушчы заляцаліся, кахалі, бралі шлюб. Разгортваецца палатно пушчанскага жыцця па абодва бакі беларуска-польскай мяжы даўжынёй амаль паўтара стагоддзя. Між гэтымі падзеямі — сусветныя войны, бежанства, усталяванне мяжы між БССР і Польшчай, лютаванне праклятых жаўнераў, уступленне Польшчы ў Еўрасаюз, і кропкі часу, істотныя для мясцовай супольнасці — пажар у царкве ў Амелянцы, яўленне Божай Маці ў Ражкоўцы, прыезд Чэслава Мілаша ў Гайнаўку і Белавежу…
У аповедах адчуваецца блізкасць мяжы, яна выступае нябачнай гераіняй. Калі Ганну Кандрацюк спыталі, ці ёсць розніца між беларусамі ў Беларусі і Польшчы, аўтарка адказала, што сярод людзей старэйшага пакалення, якія яшчэ памятаюць даваеннае жыццё, калі мяжы не было, і розніцы няма, а вось сярод моладзі ўжо розніца вельмі адчуваецца.
Бадай, другая скразная тэма ў кнізе — праваслаўе. Гэта істотная частка ідэнтычнасці жыхароў пушчы: і беларусаў Польшчы, і людзей па беларускім баку мяжы. Сама Ганна Кандрацюк спявае ў царкоўным хоры, а яе гераіні з Навіцкавічаў Камянецкага раёна адмаўляюцца весяліцца перад тэлекамерай у пост, хаця прыезд работнікаў тэлебачання прыроўніваюць да вялікага свята. Тут і праявы народнай, некананічнай рэлігійнасці: чытач «вандруе» ва ўрочышча Крыначка і да святой грушкі, даведваецца пра секту Ільі Клімовіча, што дзейнічала ў міжваенны час.
Кніга напісана троху дзіўнай для беларуса з Беларусі мовай. Гэта не мясцовая падляская гаворка, але і літаратурныя нормы беларускай мовы часам парушаюцца. Быццам бы размаўляеш з чалавекам, які добра засвоіў беларускую ў школе, але жыве ўсё ж у польскамоўным асяродку. А дома ў яго размаўляюць «по-своему» (тут могуць быць дыскусіі, дыялект гэта беларускай мовы, ці ўкраінскай, ці падляская мікрамова). У выпадку Ганны Кандрацюк так і ёсць: яна гаворыць па-свойму з роднымі, сябрамі і землякамі, а піша на літаратурнай беларускай і па-польску.
Алена Ляшкевіч.
Кніга Ганны Кандрацюк мяне ўразіла. Я, канечне, ведала пра падляскіх беларусаў, але неяк вельмі мала з імі сустракалася і ў Белавежскай пушчы не была. А тут проста Пушча – галоўная дзеючая асоба кнігі. Яна ўплывае на людзей чарадзейскім спосабам, прычым, не толькі на мясцовых, хто тут нарадзіўся, але і на прышлых, часам нават на ворагаў. Пушча і корміць, і грэе,і лечыць, і дзяцей гадуе, і ва ўсім дапамагае. Розныя цуды і дзівосы там здараюцца, а людзі адтуль вельмі асаблівыя: і не такія, як у астатніх мясцінах Польшчы, але і не такія, як з другога боку мяжы, у Беларусі. Тут свой клімат, свае забабоны, свае легенды і нават свае ўласныя святыя.
Для мяне кніга Ганны Кандрацюк ” У прысценку старога лесу” стала неверагодным падарожжам у часе і прасторы, падарожжам не толькі па прыпушчанскіх вёсачках па абодва бакі ад мяжы, але і да загадкавай душы чалавека з пушчы.
У кнізе ўздымаецца шмат актуальных пытанняў, апісваюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, а таксама шмат увагі надаецца рэлігіі. Гісторыі не звязаныя паміж сабой падзеямі, толькі крэпка, нібы каранямі, зачэпленыя за месца на зямлі, за Белавежскую пушчу. На вокладцы і мапа ёсць, можна знайсці кожную згаданую вёску. Можна гартаць кнігу і чытаць любы раздзел, можна вандраваць па мапе, выбіраючы, пра якую мясціну прачытаць. Асабіста мяне спадарыня Ганна натхніла ўсё-ткі выбрацца і паехаць у Падляшша.