Пацукі. Цімур Кудзеліч

Пацукі

Цікава вось што: той, хто можа бачыць, на нейкую карціну мастака, якая яму не спадабалася, звычайна кажа так: “Не маё, не разумею”. Той, хто можа чуць, пра класічную музыку, да прыкладу, якая яму не падабаецца,  можа казаць “Не маё, не разумею”. А вось той, хто можа чытаць, пра кнігу ці твор, які яму не спадабаўся, зазвычай кажа так: “Аўтар напісаў херню”.

Мы ўсе, хто навучыўся чытаць, эксперты ў літаратуры. Выпеставаныя класічнымі ўзорамі школьнай праграмы, адгарадзіўшыся ад усяго незразумелага частаколам, дзе вежамі паўстае трыо “Сюжэт-канфлікт-герой”, мы адмаўляем у праве быць добрай і якаснай усякай іншай літаратуры. Наўрад ці калі змагу забыць сваё першае знаёмства з Кафкам – прачытаў неяк выпадкам (а тады чытаў усё, што траплялася ў рукі ў вокладках з назвай) ягонае “Пераўтварэнне”. Хіба што дробка чуцця да сапраўднага мастацтва дала магчымасць думаць, што я гэтага проста не разумею, а твор – выдатны. Прыйшло раптам усведамленне таго, што літаратуру – вось жа гэты быццам просты тэкст, з такіх знаёмых слоў і літарак складзены – не абвязаны разумець кожны і тым больш, абсалютна ўсе творы. Прызнаюся, калі значна пазней я спрабаваў ці то тройчы прачытаць Германа Гэсэ “Гульня шкляных перлаў”, я здаўся, але было цвёрдае разуменне, што перада мной – нешта моцнае, значнае, выключнае. Але я яго пакуль не разумею (ці не хачу).

Згаджайцеся са мной ці не, але чытанню трэба вучыць. У сэнсе, разуменню прачытанага. Для гэтага трэба як мага больш пісаць пра такія творы, зрэшты, пісаць пра ўсе таленавітыя творы. І творцаў. Вось вы будзеце смяяцца, але яшчэ гады два таму я не мог чытаць вершаў нашай Тані Скарынкінай. Яны для мяне не былі вершамі, не былі прозай, не былі нічым. Не краналі. Колькі разоў ні спрабаваў – ніякага смаку, тым больш наедку. Але аднойчы прачытаў водгук. І цюкнула ў галаву: я іх няправільна імкнуўся зразумець. Гэта асаблівыя тэксты, яны скручаныя ў цэльнае нешта, адкуль нельга вылучыць адзін радок ці адзін сказ. Нешта кшталту пазла, калі адзін элемент не мае ніякага сэнсу, і толькі разам выяўляецца раптам карціна. Гэта – структура, якая ідзе да чытача спрасаваным камком настрою, адчування, думак, пачуццяў, асацыяцый і згадак. Толькі так іх трэба разумець і ўспрымаць. У выніку – мне сталі падабацца вершы Тані Скарынкінай.)

Гэта я ўсё да чаго… Прачытаў зараз “Пацукі” Цімура Кудзеліча.

З пункту гледзішча нашай слаўнай школьнай праграмы і яе тэорыі літаратуры, а таксама сучасных патрабаванняў да беларускіх літаратараў (ну, там любоў да радзімы etc), твор – гаўно. Ні сюжэту, ні герояў тых, хто рухае сюжэт, ні канфлікту.

З пункту гледжання эстэцтвуючых  кнігалюбаў – гэтае гаўно яшчэ і смуродзіць, выклікае ваніты (без праблем, згаджуся: можа. Таму чытачам-эстэтам з тонкай душэўнай арганізацыяй – папярэджанне на поўным сур’ёзе).

З пункту гледжання дасведчанага чытача, які чакае ад кнігі пэўнага уздзеяння на рэцэптары душы, кніга – гаўно. Таму што ў кнізе такія паняткі як душа, духоўнае, унутраны свет etс цалкам адсутнічаюць.

Каб яе пачытаць без скрыгату зубоў і кручэння носам, трэба падумаць напачатку пра самога сябе. Вось я, як чытач, маю выключнае права выбіраць і чытаць тое, што мне захочацца. Ну, проста цудоўнае ж права! І таму трэба прызнаць права за пісьменнікам ствараць і запісваць тое, што яму захочацца. Фіфці-фіфці! І ніякіх крыўд.

Давайце дадзім аўтару права пісаць, што заўгодна. Паспрабуем зразумець яго і прачытанае. Калі не зразумеем, дык так і скажам: “Не маё, не разумею”. Калі зразумеем – раскажам іншым, пра што гэта.

Для мяне ўсякі пісьменнік тады пісьменнік, калі можа стварыць свой свет. Няважна, што там будзе: рэалізм, сюр, фантастыка, фантасмагорыя, казка, прыпавесць, містыка, легенда… Галоўнае, каб свет быў пераканаўчым.

Цімур Кудзеліч стварыў свой свет. І галоўная асаблівасць ягонага свету якраз не тыя брыдоты, ад якіх некага можа ванітаваць, бо гэта ўсяго рэалізм, жорсткі і сапраўдны. А ў тым, што рэальны свет аўтара арганічна-неверагодна спалучаецца са светам метафарычнам, з сюррэалізмам, з фантасмагорыяй.

Ад гэтага цябе на нейкім абзацы унутранае аглушэнне просіць спыніцца. Вярнуцца назад і паспрабаваць знайсці тую мяжу, адкуль пачаўся сюр. Не знаходзіш. Бо гэты сюр у самой тканцы тэксту, запраграмаваны, ён – частка і цэлае.

Раз-пораз узнікаюць пэўныя алюзіі, крохкія, невыразныя, ты спрабуеш іх зразумець, думаеш, што тлумачэнне – блізка, але далей цябе чакаюць новыя алюзіі, новае уплятанне неверагоднага, сюррэалістычнага ў палатно рэалізму. У адной частцы, там дзе пра вёску, аўтар яшчэ гэтак міла гуляецца і з часам, што ўвогуле выклікае… ну, што ў каго выкліча, у мяне дык захапленне. Цімур Кудзеліч зрабіў тут час безадносным, ён яго і расцягвае, і сціскае, а часам і адпрэчвае, падзеі ніяк не суадносяцца з тым, што мы завём прычынай і следствам, яны па-за тканкай часу.

Можна б было сказаць і прасцей пра тэкст “Пацукоў” – давядзенне рэальнасці да абсурду, але ж тут якраз абсурду быццам і няма ніякага, усё ў межах будзённага, толькі гэтая будзённасць, схопленая трыма-чатырма сказамі і выцягнутая на агледзіны, жахае. І ўжо адносна невялікі сюррэалістычны элемент нібы нават трохі і выратоўвае сітуацыю, не дае мазгам ускіпець ад гэтай эпічнасці.

Чым далей чытаеш, тым больш пераконваешся, што створаны свет – гэта зусім не класічная спроба “паказаць рэальнасць і глыбіню падзення”. Зусім не злая сатыра на сучаснасць. Зусім не пакутлівы крык аб выратаванні знікаючых вёсак і іх дэградаваных насельнікаў. Гэта нешта зусім іншае. Часткі кнігі быццам не звязаныя між сабой, але сувязь тая адчуваецца, яна ёсць. Два сябры, жлукцячы піва, спрачаюцца пра Сартра – і два алкаголікі-ваяскоўцы размаўляюць ямбам (ці там анапестам, сутнасць не ў ім). Выпадкова?

У гэтай кнігі досыць пакручасты лёс. Яна мелася выйсці яшчэ гады тры таму, ды вось… Дамо слова аўтару (з сайта bellit.info):

Цяпер, нарэшце, гэтая шматпакутная кніга надрукаваная. “Пацукі” – гэта тэкст пра беларускую літаратуру. Такую, якой я яе бачыў на момант напісання – злую, прасякнутую ванітамі, алькаголем і брудам. Я хацеў давесці такія тэндэнцыі да абсурду, пакпіць з іх, але пры гэтым стварыць адасоблены сусвет, захаваць некаторую сюжэтнасць, быць цікавым чытачу. Так гэтая кніга напісаная.

Вось так. Пацукі, якія пажыраюць маладую алкагалічку, павешаныя дзеці на дрэве, зноў пацукі і неверагодны абрад усеагульнага апладнення – гэта пра літаратуру.

Ніколькі не здзівіўся. Алегорыі – яны такія. І гадоў праз 20, згадваючы пра гэты тэкст, нехта яго прааналізуе і скажа: а праўда ж… Хоць я і не згодны. Але аўтар – мае права.

І два словы пра тэхніку, так мовіць. Мова – на вышыні. І аўтар умее ёй валодаць. Гэта не пачатковы ўзровень. Якаснае выкананне.

Рэкамендую? Так, пазнаёмцеся.

Увогуле, я за тое, каб было ў нашай літаратуры ўсё. Абы – якаснае. Урэшце, мы маем права абіраць, што чытаць. І яшчэ я ведаю, што ў кожнай кнігі знойдзецца чытач.

В. Г.

 

Пакінуць адказ